Генадзь Бураўкін нарадзіўся 28 верасня 1936 года ў вёсцы Шуляціна Расонскага раёна. Скончыў аддзяленне журналістыкі філфака БДУ (1959). Працаваў у часопісе “Камуніст Беларусі”, у газеце “Літаратура і Мастацтва”, быў карэспандэнтам “Правды” па Беларусі, галоўным рэдактарам часопіса “Маладосць”, дзе друкаваў творы Васіля Быкава і Уладзіміра Караткевіча, а таксама кнігу Алеся Адамовіча, Янкі Брыля і Уладзіміра Калесніка “Я з вогненнай вёскі”.

З’яўляўся старшынёй Дзяржтэлерадыё БССР (1978–1990), аднак за падтрымку дэмакратычных сіл і прадстаўленне эфіру лідарам БНФ быў вызвалены ад пасады і накіраваны на дыпламатычную працу.

У 1990 атрымаў прызначэнне пастаяннага прадстаўніка Рэспублікі Беларусь пры ААН[2], але ў 1993 звярнуўся да старшыні ВС Рэспублікі Беларусь з просьбай аб вызваленні ад гэтай пасады. Пасля вяртання, у 1994–1995, быў намеснікам міністра культуры і друку.

Першыя свае вершы ён надрукаваў у полацкай абласной газеце ў 1952[1]. Пазней выйшлі яго кнігі “Майская просінь” (1960), “З любоўю і нянавісцю зямною” (1963), “Дыханне” (1966), “Жніво” (1971), “Выток” (1974), “Варта вернасці” (1978), “Гняздо для птушкі радасці” (1986). Аўтар зборнікаў паэзіі “Узмах крыла” (1995), “Паміж зоркай і свечкай” (2000), кніга “Выбранае” (1998).

Генадзь Мікалаевіч – аўтар многіх кніг паэзіі, песні на словы ягоных вершаў спявае не адно пакаленне беларусаў, а пад “Калыханку” Бураўкіна маленькія беларусы засынаюць ужо больш за дваццаць гадоў.

У інтэрв’ю, якое даў Генадзь Бураўкін год таму, ён узгадвае і Маладзечна.

– Не было такога, каб звярталіся людзі з просьбай “вырашыць” нейкае пытанне, “ціскануць стацеячку”? 

– Ведаючы мой характар, людзі разумелі, што гэта не пройдзе. А каб “вырашыць пытанне”, мне не заўсёды трэба было пісаць артыкул. Напрыклад, у свой час мне ўдалося дапамагчы Генадзю Каханоўскаму. Ён тады працаваў у Маладзечне, у музеі. Яго папракалі ў “няправільным стаўленні да гісторыі”, у нацыяналізме – і хацелі звальняць.

Генадзь прыйшоў да мяне на прыём, расказаў сваю гісторыю – і я ўмяшаўся ў гэтую справу, патэлефанаваў у Маладзечна, у музей, кіраўніцтву раёна. І не давялося выступаць у друку – усё вырашылася разумна.