Выказаўся Юры Церабун пра сваіх дзяцей, выкладчык музыкі з 40-гадовым стажам, падчас круглага стала па праблемах музычнай адукацыі, які ладзіла “Рэгіянальная газета”.
Пытанне аб тым, якія праблемы існуюць у музычным выхаванні дзяцей, чаму дзеці кідаюць музычныя школы, узняў наш чытач музыкант Віталь Качаткоў.
За агульным сталом у рэдакцыі “Рэгіянальнай газеты” гэтыя і шматлікія іншыя праблемы абмеркавалі нашы госці: Віталь Качаткоў, спявак і музыкант; Юры Церабун, выкладчык музыкі з амаль 40-гадовым стажам, музыкант; Уладзімір Яцыновіч, дырэктар Маладзечанскай дзіцячай школы мастацтваў; Сяргей Шыман, бард, выкладчык музыкі; Сяргей Ярук, дудар, мультыінстументаліст, выкладчык музыкі; Алесь Дзямідчык, выпускнік музычнага каледжа імя Агінскага.
Нягледзячы на выказанае незадавальненне музычнай адукацыяй Віталем Качатковым, дырэктар школы мастацтваў Уладзімір Яцыновіч пракаментаваў:
– У Беларусі не самая горшая сітуацыя з музычным выхаваннем. Я часта бываю на розных конкурсах і магу вас запэўніць, што ў іншых краінах сітуацыя нашмат горшая. Узяць хаця б тую ж Балгарыю ці Літву. За апошнія гады колькасць музычных школ у гэтых краінах значна скарацілася.
І гэта вялікае шчасце, што ў Беларусі класічную сістэму навучання музыцы захаваць усё ж такі ўдалося.
Сёння ў нашай школе працуе некалькі аддзяленняў, але калі ёсць жаданне займацца не толькі па праграме музычнай школы, то, калі ласка, у нашы студыі. Тут можна рабіць усё, што захочаш!
Віталь Качаткоў. Але ж за апошнія дзесяцігоддзі ў музыцы адбылося столькі змен! Цяпер нікому не цікава глядзець на ансамбль з 20 баяністаў (адразу узнікае пытанне, а чаму не 50 баяністаў у ансамблі). Сучасныя тэхналогіі дазваляюць пры дапамозе гуку і мікрафонаў прымусіць адзін баян гучаць, як цэлы ансамбль. Але гэтаму ў музычных школах не вучаць.
Уладзімір Яцыновіч. Ніколі не пагаджуся з такім меркаваннем! Ты, Віталь, хочаш прапанаваць музіцыраваць пад фанаграму. І што ў гэтым такога? Навацыяй гэта не з’яўляецца.
Церабун. “Не люблю, калі піяніст папраўляе порткі!”
Сваё меркаванне наконт музычнай адукацыі выказаў Юры Церабун, выкладчык з амаль 40-гадовым стажам, які выхаваў не адзін дзясятак музыкантаў.
– Я скажу так, сапраўднага музыканта можа выхаваць толькі настаўнік-асоба. Адбіць ахвоту навучацца музыцы можна лёгка. І задача настаўніка – заўважаць змены настрою ў сваім вучні.
Бывае, прачнулася дзіця, у яго такі настрой, яму так хочацца сваю бадзёрасць і весялосць перадаць у музыцы, прыходзіць яно на заняткі, а настаўнік прымушае яго іграць цішэй ці акцэнтаваць адзін кавалак 100 разоў. На наступныя заняткі гэта дзіця ўжо падумае, ісці яму ці не.
У маім жыцці быў такі прыклад з адной вучаніцай. Я даў ёй вельмі складаную праграму. І прыйшоў параіцца да славутай мастачкі Ядвігі Раздзялоўскай, ці правільна я раблю. І яна ў мяне пытаецца: “Ну нашто ты даеш такую нагрузку, хіба ў яе няма сябровак, няма іншых спраў? А я ж, калі б не даў ёй адпачыць, сваім жаданнем даць як мага больш матэрыялу мог загубіць талент.
А настаўнік павінны вучыць не толькі музыцы, але і агульным паводзінам, культуры, як трэба сябе паводзіць на сцэне.
Я вельмі не люблю, калі не адгучаў яшчэ апошні акорд, піяніст яшчэ не пацалаваў раяль, а ўжо ўстаў і порткі папраўляе.
Наступнае пытанне “круглага стала” вядучая адрасавала Сяргею Шыману, выкладчыку бардаўскай песні, які працуе ў дзіцячым цэнтры творчасці “Маладзік”.
– Сяргей, нам вас рэкамендавалі як чалавека, да якога прыходзяць вучыцца дзеці, якія па нейкіх прычынах кінулі музычную школу. Ці так гэта?
– Так, і пэўныя праблемы ў музычнай адукацыі ўсё ж такі існуюць. З 24 маіх вучняў амаль палова мае 1-2 класы музычнай школы. Калі бацькі прыводзяць да мяне дзяцей, яны кажуць: “Толькі не трэба ім праз меру даваць ноты, проста навучыце іх іграць на гітары”. Але па сабе я ведаю, што, калі ў дзіцяці ёсць пачатковая музычная адукацыя, з ім працаваць адно задавальненне. Таму музычная адукацыя быць павінна.
Толькі 25% вучняў працягваюць музычную адукацыю
Уладзімір Яцыновіч. Але ж не барды гонар краіны. Нават Акуджава і Высоцкі не могуць паспрачацца з Гергіевым, дырэктарам, галоўным дырыжорам і мастацкім кіраўніком Марыінскага тэатра.
Толькі 20 выпускнікоў музычнай школы са ста працягваюць музычную адукацыю.
Гэта 25%. І гэта не дзіўна, не могуць 100% вучняў быць вядомымі музыкантамі.
– А ці ёсць статыстыка, колькі дзяцей кідае школу, не давучыўшыся?
Уладзімір Яцыновіч. Ёсць у нас такая статыстыка.
Выпускнік музычнага каледжа Алесь Дзямідчык прызнаўся, што працягваць музычную адукацыю не мае намеру:
– Пасля заканчэння музычнага вучылішча я мяркую, што яшчэ пяць гадоў у кансерваторыі мне нічога не дадуць. Я не хачу атрымоўваць два мільёны заробку, працягваючы працаваць у музыцы.
Наконт навучання, я перакананы, што ў ім павінны быць зацікаўленыя не толькі выкладчыкі і дзеці, але і бацькі. Ну, не можа дзіця стаць паспяховым музыкантам, калі дома яму будуць казаць увесь час: “Цішэй! Не перашкаджай! Рабі, што хочаш!”
Сяргей Ярук. Падтрымліваю цалкам: не музычнай адукацыі трэба вучыць, а трэба выхоўваць асобу. І думаць сваёй галавой.
Настаўнік павінен улюбіць у сябе дзіця
Напрыканцы сустрэчы ўсім удзельнікам “круглага стала” было прапанавана даць парады бацькам і дзецям, якія маюць сумненні ў тым, ці трэба навучацца музыцы.
Алесь Дзямідчык. Бацькам дапамагаць сваім дзецям, а настаўнікам быць мякчэйшымі да вучняў.
Сяргей Ярук. Толькі супрацоўніцтвам бацькоў і выкладчыкаў можна дамагчыся жаданых вынікаў.
Сяргей Шыман. Бацькам праяўляць цікавасць да спраў дзіцяці.
Уладзімір Яцыновіч. Я пагаджуся з маімі калегамі:
Паспяховая музычная адукацыя – гэта трохкутнік: бацькі, настаўнік, дзіця.
І яшчэ я заўсёды кажу сваім калегам: улюбіце дзіця ў сябе. Толькі калі дзіця палюбіць вас, яно тады палюбіць і тую справу, якой вы вучыце.
Віталь Качаткоў. Мяне засмучаюць словы людзей, якія пабывалі за мяжой і кажуць, што там такая класная музычная адукацыя. А я хачу, каб было класна і ў нас.
Юры Церабун. Падвесці вынік размовы я хачу адным сказам. Зусім нядаўна я знайшоў запіску, якую шмат гадоў назад напісаў сваім дзецям: “Лена і Вова, ешце тое, што знойдзеце, і займіцеся музыкай!”
Музыкантам можна стаць у любым узросце
Другая частка “круглага стала” была прысвечаная пытанням ад чытачоў, што прыйшлі на сайт “Рэгіянальнай газеты” падчас анлайн трансляцыі “круглага стала”.
– Маёй дачцэ 25 гадоў. У дзяцінстве яна не хацела займацца музыкай, а цяпер вельмі хоча. Ці не позна вучыцца?
Уладзімір Яцыновіч. Музыцы вучыцца ніколі не позна. У нас у музычнай школе існуюць студыі, у якіх можна займацца і калі табе 12 гадоў, і калі 72.
– Дзіця не хоча вучыцца музыцы, а я як маці лічу, што яно павінна атрымаць музычную адукацыю. Як лепей: ісці на повадзе ў дзіцяці ці ўсё ж прымусіць яго скончыць музычную школу?
Уладзімір Яцыновіч. Цяжкасці сустракаюцца заўсёды. І тое, што дзіця хоча кінуць школу, нармальна, і здараецца такое даволі часта. Але вы ж не проста ідзяце на повадзе ў дзіцяці, вы выхоўваеце яго характар. Так, кінуць вельмі проста, а вы зрабіце так, каб ваша дзіця вучылася пераадольваць цяжкасці.
Юры Церабун. Бацькі павінны несці адказнасць за дзяцей. У мяне сын цяпер працуе віяланчэлістам у Францыі і час ад часу дасылае смс-паведамленні: “Бацька, дзякуй за наша дзяцінства”. У такія моманты і слёзы наварочваюцца. Але з маімі дзецьмі ніколі не было праблемы, кідаць школу ці не. Займацца музыкай у іх была патрэба.
– Ці толькі здольнае да музыкі дзіця трэба аддаваць у музычную школу?
У адказе на гэта пытанне былі аднагалосныя ўсе ўдзельнікі “круглага стала”:
– Любое!
А Юры Церабун адзначыў:
– Кожнае дзіцятка вельмі творчае. Дзеці – мастакі па сваёй натуры. Памятаю, як я спытаў у аднаго са сваіх вучняў: “Чаму ты спазніўся на заняткі?”. А ён мне і кажа: “Быў такі вецер, такое неба шэрае ў хмарах, а адзін лісточак ніяк не мог адарвацца ад галінкі. І вось я затрымаўся, каб паглядзець, калі ж ён адарвецца і яго панясе ветрам”.