Музей самавараў і гарбаты, лыжак, транспартных сродкаў, шашак,  кніжак. Зусім неабавязкова  ездзіць па ўсім свеце, каб на свае вочы пабачыць гэтыя музеі. Дастаткова на адзін дзень зазірнуць у дзіцячы садок №2 у Чысці.

– Такая прага да музейнай справы зусім не выпадковая і ўзнікла не стыхійна, – распавядае намесніца  загадчыцы дзіцячага садка па асноўнай дзейнасці  Ала Багданава. – У мінулым годзе мы пачалі распрацоўваць праект па культурным выхаванні дзяцей. І вырашылі, што самай лепшай формай работы якраз і бу­дзе музейная справа. Так дзеці і з культурай розных краін пазнаёмяцца, і даведаюцца шмат новага пра нейкія рэчы.

Больш за тое, дзеці і іх бацькі дапамагаюць у стварэнні экспазіцыі нашых музейных пакояў, папаўненні калекцый. Напрыклад, экспазіцыю кніжак-мініяцюр стваралі самі бацькі. Яны такія кніжкі прыдумвалі, што я ніколі да такога не дадумалася б!

І сапраўды,  кніжкі ў музеі вельмі розныя. І зробленыя пад старажытныя, і кніжкі-трансформеры, і кніжкі з тканіны.

– А вось паглядзіце на гэту… Кніжка з казкамі, дзе побач з тэкстам, раздрукаваным на прынтары,  бацькі захавалі і заламінавалі малюначкі свайго дзіцяці да гэтай казкі. Уявіце, калі захаваць гэтую кніжачку, якім цудоўным успамінам яна будзе. Праз 10-20 год паглядзяць тую прынцэсу, караля і ката ў ботах, намаляваных ручкай 4-гадовага дзіцяці.

Кніжка, якую бацькі зрабілі і падарылі ў музей

Кніжка, якую бацькі зрабілі і падарылі ў музей

Музейныя пакоі ў садку абнаўляюцца рэгулярна.

– Да зімовай алімпіяды ў нас дзейнічала выстава, прысвечаная зімовым відам спорту, – далучаецца да размовы выкладчыца фізкультуры Вольга Катлярэнка. – Былі ў нас і канькі, і старажытныя санкі, і самаробныя. Цяпер дзейнічае музей шашак. Тут і шашкі-банцікі, і шашкі-грыбочкі, і божыя кароўкі, і насценныя шашкі, і вялікія, падлогавыя, на ўвесь пакой.

Шах і мат

Шах і мат

– Пойдзем, я вас пазнаёмлю з выхавальніцай Любоўю Сляпцовай  і яе дзеткамі, якія адказныя за музей самавараў, – прапаноўвае спадарыня Ала.

Заходзім у невялічкі пакой: на палічках стаяць розныя кружачкі для кавы, пузатыя самавары размясціліся на падваконні, а пах мяты і рамонкаў паўсюль.  Мы ў музеі гарбаты.

Гаспадары і экскурсаводы ў гэтым пакоі – дзеці. Дзяўчынка Мая  паказвае на вялікі медны самавар на падваконні і кажа:

– Гэты самавар наш. Мы прывезлі яго з татам ад бабулі Валі.

А выхавальніца тлумачыць:

– У нашай калекцыі ёсць два сапраўдныя тульскія самавары. Гэтаму 118 гадоў, а ёсць яшчэ адзін, яму ажно 130 гадоў. Даты вырабу выгравіраваныя на саміх самаварах, як і імя  майстроў, што іх вырабілі. Нашы самавары – братоў Баташавых, вядомых тульскіх майстроў. У год, калі выпускаўся больш старэйшы самавар, з майстэрні братоў Баташавых выйшла каля 4000 самавараў. Так што гэты самавар, мяркую, выкліча і ў калекцыянераў зайздрасць і цікавасць.

Самы смачны чай – з цукеркамі

Экспазіцыя гэтага невялічкага музея пачынаецца са стэнда, які прысвечаны Кітаю і кітайскай чайнай цырымоніі.

Перабіваючы адзін аднаго, маленькія экскурсаводы знаёмяць з кітайскімі чайнымі традыцыямі:

– Вы ведаеце, як з’явіўся чай?  – пачынае расказваць Ваня. – Кітаец на вогнішчы грэў ваду, і ў яе трапіў лісток. Той пакаштаваў, яму спадабалася, і ён далей стаў кідаць у ваду лісткі, так з’явіўся чай.

За самаварам

За самаварам

– А яшчэ ў Кітаі няма крэслаў, – далучаецца да размовы Мая, – кітайцы сядзяць на падлозе па-турэцку ў белых халатах і п’юць чай з кубачкаў.

– Не з кубачкаў, а з піял, – папраўляе Маю Ягор.

– А чаму кітайцы, а сядзяць па-турэцку? – пытаюся ў экскурсаводаў.

– Іх у краіне Турыі так вучылі сядзець!

– А калі чай трапіў у Расію, – расказвае, бы дзеліцца сакрэтам, Руслана, – там яшчэ не ведалі, як яго піць, і дадавалі ў напой цыбулю і кроп. Уяўляеце, чай з цыбуляй?

– А ў Беларусі ж чай не расце, што тады пілі нашы продкі?

– Кіпень! – адназначна адказвае Косцік.

– Не, – папраўляюць Косціка дзяўчаткі, – нашы продкі збіралі зёлкі розныя, ягады. Нашы бабулі і цяпер сушаць мяту, рамонкі.

– А які чай самы смачны? – задаю пытанне ўсім дзеткам напрыканцы нашай сустрэчы:

– З мятай!

– З рамонкам!

– З малінай!

– З ліпай!

– З цукеркамі! – выкрыквае Ваня. І вось жа з ім не паспрачаешся.