Пасля таго, як ліст чытача “РГ” Алеся Раткевіча накіравалі ў Вілейскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя, гной пачалі прыбіраць.

 У лісце спадар Алесь, у прыватнасці, згадвае публікацыю “Варварская высечка лесу”, дзе аўтар допісу расказваў аб бязладдзі з боку Вілейскага доследнага лясгаса побач з мемарыялам “Боркі”. На гэтым месцы 4 мая 1943 года акупанты спалілі жывымі дзясяткі мірных жыхароў.

Лесавозам па мемарыяле. Фота Алеся Раткевіча.

Лесавозам па мемарыяле. Фота Алеся Раткевіча.

– Што змянілася ў дзейнасці лясгаса за гэты час? – задаецца пытаннем наш чытач. І адказвае:

– Нічога.

Аляксандр Раткевіч абвінавачвае мясцовае сельгаспрадпрыемства “Стайкі” ў тым, што яно недалёка ад Борак, побач з яшчэ адной спаленай вёскай “Любча”, зрабіла склад гною. Прытым, што навокал сотні гектараў зямлі, аграрыі вырашылі скідваць гной ля самага святога месца.

Гной пачалі прыбіраць

Поўны ліст звароту ў рэдакцыю мы пераслалі ў Вілейскую раённую інспекцыю прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя. У сераду на прыгаданым месцы пабываў начальнік інспекцыі Аляксандр Альшэўскі. І патлумачыў:

– Сапраўды, бурт арганічных угнаенняў у сельскагаспадарчым прадпрыемстве “Стайкі”  размясцілі хоць і на сваіх землях, але не падумаўшы – побач з шыльдай  мемарыяла “Любча”. Патлумачылі ў гаспадарцы, што вывозілі гной не свае механізатары, а адной з вілейскіх арганізацый – таму так і выйшла. Але сёння (у сераду – рэд.) ужо прыступілі да вывазу арганікі з гэтага месца. Бачыў, што працавалі пагрузчык “Амкадор” і два МАЗы. Абяцалі, што гной убяруць адсюль аператыўна.