1 чэрвеня ў матчы пятага тура чэмпіянату краіны каманда “Маладзечна-2013” сустрэлася з каманда “Колас-Дружба” з Гарадзішча.
Аднак гульня аказалася зусім не сяброўскай.
Ужо на другой хвіліне Андрэй Шаблінскі адкрывае лік матча.
На перапынак жа каманда з Маладзечна сыходзіць, маючы на сваім рахунку два забітыя галы. Другі мяч у вароты каманды з Гарадзішча забіў Андрэй Лявончык.
Што сказаў трэнер у перапынку камандзе, што пасля гэтага хлопцы з сонечнага горада забіваюць адзін мяч за адным, тым самым робячы лік 7:0, і спытаемся ў трэнера ФСК “Маладзечна-2013” Дзмітрыя Ганчарова:
– Што я сказаў у перапынку? Ды каб не расслабляліся хлопцы, а вытрымалі першыя хвіліны другога тайма. Зразумела, што каманда сапернікаў пайшла б у атаку. Але адбылося тое, што адбылося. Першы тайм паслужыў для гульцоў своеасаблівым індыкатарам, што мы можам іграць зладжана і, як вынік, забіваць. А перамогу гэту мы заслужылі.
У другім тайме галы ў вароты каманды “Колас-Дружба” забівалі Аляксандр Парфёнаў, двойчы вызначыўся, менавіта ён паставіў кропку ў матчы, забіўшы сёмы мяч, Андрэй Лявончык, Сяргей Тарчыла, Прохар Новікаў.
– Дзмітры, як павіншавалі сваю каманду?
– Каманда павіншавала сябе сама. У аўтобусе, дзе мы пераапраналіся пасля гульні (распранальні на стадыёне Гарадзішчы вельмі нязручныя), я думаў, што павылятаюць шыбы ад той радасці і весялосці, якая панавала сярод гульцоў.
– У наступнай гульні замацуеце поспех?
– Як я раней ужо казаў, нават тое, што мы перамагаем не заўсёды, гэта не страшна. Галоўнае, што мы паступова становімся адной камандай. Адна гульня з камандай “Колас-Дружба” – гэта далёка не паказчык. Вось калі мы ад гульні да гульні будзем паказваць вынік, тады можна будзе аб нечым казаць. І я кажу нават не пра перамогу, а пра гульню такога ўзроўню, які мы паказалі ў Гарадзішчы.
– Лік 7:0 – рэкордны для каманды “Маладзечна-2013”. Такога яшчэ не было?
– Я не ведаю ўсёй гісторыі маладзечанскай каманды, магчыма, з такім лікам ужо і перамагалі. Мне б не хацелася падзяляць гісторыю маладзечанскага футбола на да і пасля. Гэта наша агульная перамога, перамога ўсяго горада Маладзечна. Усё роўна, пры мне, як трэнеры, яна адбылася ці не. Мы разам робім агульную справу.
Нагадаем, што наступная гульня з камандай “ЮА-Буд-Жыткавічы”адбудзецца на гарадскім стадыёне 7 чэрвеня. Пачатак а 18 гадзіне.