Ад мая да кастрычніка УУС Мінаблвыканкама на тэрыторыі вобласці ладзіць мерапрыемствы, прадугледжаныя міжведамаснай праграмай “Клопат”.

Пытанні арганізацыі аздараўлення разгледзелі на пасяджэнні Мінскага аблвыканкама.

Летам у Маладзечанскім раёне будуць працаваць каля 10 стацыянарных летнікаў з кругласутачным знаходжаннем у іх дзяцей. Дзевяць з іх – падведамасныя прадпрыемствам і арганізацыям. Больш за 50 – з дзённым знаходжаннем на базе ўстаноў адукацыі і больш за 40 намётавых летнікаў.

Таксама адкрыюць адзін абаронна-спартыўны летнік на базе “Івалгі”, у які ў першую чаргу будуць накіроўваць падлеткаў-правапарушальнікаў.

Дзецям з малазабяспечаных сем’яў, дзецям-сіротам, якія знаходзяцца на дзяржаўным забеспячэнні, выдадуць бясплатныя пуцёўкі.

На Маладзечаншчыне плануюць аздаравіць больш за 10 тысяч дзяцей.

Міліцыя ўжо рыхтуецца

Каб забяспечыць належную ахову грамадскага парадку, асабістую і маёмасную бяспеку дзяцей, за кожным летнікам замацуюць супрацоўнікаў міліцыі. У загарадных летніках з кругласутачным знаходжаннем дзяцей супрацоўнікі міліцыі будуць дзяжурыць увесь час.

Падлеткі пачнуць заязджаць у летнікі з 1 чэрвеня. Аднак ужо ад 1 мая супрацоўнікі органаў унутраных спраў разам з іншымі дзяржаўнымі ўстановамі правяраюць, наколькі дзіцячыя летнікі бяспечныя для тых, хто будзе тут адпачываць.

Калі падчас праверак знойдуць парушэнні, прадпрыемствам і арганізацыям – уласнікам летнікаў – будуць даваць канкрэтныя тэрміны, каб выправіць недахопы.

Таксама арганізуюць камісіі па праверцы гатоўнасці летнікаў да сезона.

Летам арганізуюць і рэйдавыя мерапрыемствы па месцах масавага адпачынку моладзі, а таксама па дзіцячых аздараўленчых летніках.

Ад пачатку працы летнікаў створаць спецыяльныя рухомыя групы, якія будуць аб’язджаць месцы масавага адпачынку ў вячэрні і начны час.

Інфармацыю пра любыя правапарушэнні ў летніках будуць аператыўна правяраць супрацоўнікі УУС Мінаблвыканкама.

Падвысіцца патрабавальнасць да работнікаў лагераў, каб не дапусціць на тэрыторыю старонніх асоб, сяброў і знаёмых адпачывальнікаў, моладзі з бліжэйшых населеных пунктаў.

Ад моманту заезду дзяцей узмоцняць кантроль за размяшчэннем падлеткаў у летніках па ўзроставых і іншых крытэрыях.

Скралі ежу, сукенку і красоўкі

Сочаць за бяспекай адпачывальнікаў і ў стацыянарных дзіцячых аздараўленчых летніках. У іх відавочна знізілася колькасць злачынстваў.

Пазалетась у летніках іх было восем. Летась усяго тры.

Першае – калі павары летніка скралі прадукты харчавання. Адбылося гэта на Маладзечаншчыне ў дзіцячым аздараўленчым лагеры “Купалінка”. Другое, калі ў дзяўчынкі скралі сукенку. Здарыўся такі выпадак у Смалявіцкім раёне ў летніку “Хваля”. Трэцяе, калі ў работніка летніка “Гарызонт” на Маладзечаншчыне скралі красоўкі.

Акрамя гэтага, летась на тэрыторыі летнікаў было 15 правапарушэнняў. З іх дзевяць – крадзяжы прадуктаў харчавання.

Сышоў з летніка – збіла машына

Стала менш дзяцей, якія самавольна пакідаюць летнікі. Пазалетась іх было дзесяць, а летась – пяць. Апошнія пакінулі летнік “Гарызонт” на  Маладзечаншчыне. Трое з гэтых дзяцей – выхаванцы мінскай школы-інтэрната №5, яшчэ адзін хлопец – выхаванец Грозаўскай школы-інтэрната Капыльскага раёна і яшчэ адзін – жыхар Мінска).

Летась адбылося і надзвычайнае здарэнне. Падлетак, які быў на аздараўленні ў летніку “Гарызонт” у Маладзечанскім раёне, паблізу ад Радашкавіч, сышоў.

Ад 15 да 16 ліпеня тут адбывалася перазменка паміж 2 і 3-й зменамі. У гэты час супрацоўнікі міліцыі адсутнічалі. Нават нягледзячы на тое, што ў летніку знаходзіліся 94 дзіцяці з інтэрнатаў сталіцы.

Шаснаццацігадовы выхаванец мінскай школы-інтэрната №5 вырашыў сысці з лагера. Здарылася гэта 15 ліпеня. Каля 22.15 падлетка, які перабягаў дарогу, збіла машына. Хлопец  не выжыў.

Няшчасныя выпадкі на вадзе

Нягледзячы на дадатковыя меры па папярэджанні няшчасных выпадкаў, летам павялічваецца іх колькасць на вадзе.

Летась за летні сезон патанулі восем чалавек. І ўжо сёлета – двое дзяцей.

Летам часцей здараюцца аварыі

Не губляе актуальнасці прафілактыка дзіцячага дарожна-транспартнага траўматызму.

Толькі ў Мінскай вобласці штогод адбываецца да 130 аварый, у якіх гінуць і атрымліваюць траўмы дзеці. Аднак найбольшая іх колькасць адбываецца ад красавіка па кастрычнік.

Ад пачатку года на тэрыторыі Мінскай вобласці з удзелам дзяцей здарылася 26 аварый, у якіх пяцёра дзяцей загінулі і 22 атрымалі траўмы. Дзесяць ДТЗ адбыліся з удзелам дзяцей-пасажыраў, у якіх двое дзяцей загінулі і дзевяць атрымалі траўмы.

У сямі здарэннях дзеці не былі прышпіленыя рамянямі бяспекі або знаходзіліся без спецыяльнага дзіцячага аўтакрэсла.

Працуе ў кругласутачным рэжыме тэлефон “гарачай лініі” УУС Мінаблвыканкама 8-017-3727387 на базе прыёмніка-размеркавальніка УУС, па якім можна ўнесці прапановы па паляпшэнні арганізацыі работы дзіцячых аздараўленчых летнікаў.