Чаму электрычка “Штадлер” не прыбывае ў Мінск а восьмай гадзіне раніцы? Ці будзе яна спыняцца на “Фестывальным”? І шматлікія іншыя пытанні адразу ўзніклі ў маладзечанцаў ужо пасля першага рэйса новай электрычкі.

На пытанні “Рэгіянальнай газеты” адказвае першы намеснік начальніка пасажырскай службы Беларускай чыгункі Андрэй Кашко.

– Ці будзе павялічвацца колькасць цягнікоў?

– Першапачаткова колькасць такіх цягнікоў абмежаваная. І мы зацікаўленыя ў тым, каб яны хадзілі туды, дзе найбольшы пасажырскі паток. Калі будуць вызваляцца з іншых маршрутаў, то будзем, вядома, пускаць іх на Маладзечна.

– Ці будуць “Штадлеры” спыняцца на прыпынку “Фестывальны”?

– Калі мы пускалі гэтыя электрычкі, перад намі стаяла мэта скараціць час у дарозе да гадзіны і меней. Цяпер электрычка ідзе 55 хвілін. Калі дадаць да маршруту прыпынкі “Фестывальны” і “Мінск-Паўночны”, то і час у дарозе, вядома, павялічыцца.

– Цяпер цягнік прыбывае ў Мінск а дзявятай раніцы. Верагодна, калі б ён прыязджаў у восем, то пасажыраў было б болей. Шмат маладзечанцаў ездзіць на працу ў Мінск.

– Праект са швейцарскімі электрычкамі пілотны. Вядома, што сярод маладзечанцаў мы правядзём маркетынгавыя даследаванні, каб вывучыць гэтае пытанне. У далейшым і час адпраўлення, і прыпынкі, і патрэба ў дадатковых рэйсах будуць фарміравацца ў залежнасці ад пажаданняў пасажыраў.

У швейцарскім “Штадлеры” – як у “Мерседэсе”