Вучань 11 класа Уладзімір Грахоўскі выратаваў першакласніка, які ледзьве не патануў у рацэ Бярэзіна, што ў вёсцы Падбярэзь на Валожыншчыне.

– Ды і нічога я такога не зрабіў. Проста выканаў свой доўг ужо дарослага, адказнага за ўчынкі чалавека, – пачынае Уладзімір пры сустрэчы.

Здарэнне адбылося на першамайскія святы. Уладзімір разам з бацькамі паехаў на лецішча, што ў вёсцы Падбярэзь.

– Мама мяне адправіла ў шчаўе, гэта было 1 мая.  Я сустрэўся са сваімі былымі аднакласнікамі ( я раней вучыўся тут, у Падбярэзі), і мы пайшлі да ракі.

Ля ракі, як успамінае Уладзімір, гулялі дзеці.

– Іх там было чалавек 20, рознага ўзросту, ад першага да сёмага класа. Там, на рацэ, ёсць пабудаваная дамба. А пад ёй бетонныя пліты, там заўсёды дзеці лазяць. І вады там па костачку. Але небяспека ў тым, што пліты ж не ўсюды. Я  мяркую, што Лёша (так завуць хлопчыка, якога выратаваў Уладзімір) проста не ведаў, што пліты скончыліся. Ступіў на наступную і бултыхнуўся ў ваду.

Што было далей, Уладзімір  ўспамінае цьмяна.

 – Памятаю, што мае аднагодкі, з якімі я прыйшоў на раку, стаялі і смяяліся. А да мяне дайшло, што яшчэ хвіліна і не будзе каго ратаваць. Памятаю, як на паверхні засталася толькі Лёшкіна ручка.

Я нырнуў у ваду, выцягнуў малога, паставіў яго на пліты. А сам разумею, што я да дна не дастаю і на пліты стаць няма як. Пакуль я прымяраўся, як вылезці з вады, той Лёшка паслізнуўся і зноў апынуўся ў вадзе.

Давялося яшчэ раз ныраць і на гэты раз цягнуць яго да берага, метраў 5-7. Хоць і перапалохаўся малы, але дапамога дактароў, на шчасце, яму не спатрэбілася, пабег дадому так, ажно пяткі заблішчэлі.

– Ты ведаў раней, як трэба ратаваць з вады чалавека, вучылі гэтаму ў школе?

– Я вучуся ў ваенна-патрыятычным класе ў 14-й школе, таму, канешне, нейкім навыкам вучылі. Але мне запомнілася тое, што чалавека, які тоне, нельга выцягваць з вады за шыю. Нейкая дзіўная парада. І я чалавека, які не тоне, за шыю хапаць не буду.

– Ты ў той момант разумеў, што рызыкуеш сваім жыццём?

– Ды не думаў я пра гэта! Як гэта не пафасна гучыць, але я не мог бы зрабіць іначай. Усё ж такі павінен мужчына  амаль у 18 гадоў адчуваць адказнасць і прадугледжваць наступствы.

Мяне здзівіла стаўленне маіх аднагодкаў, яны нават не паварушыліся, каб дапамагчы.

А пра свой учынак я сам нікому не расказаў. Не лічу, што ён нейкі гераічны.

–  А як тады даведаліся ўсе пра ўчынак?

– Там жа на рацэ народу куча была! Дзеці расказалі сваім мамам, яны – маёй, Лёшка – дырэктару школы, дырэктар мясцовай школы – дырэктару 14-й школы, мая дырэктарка паведаміла ў Таварыства выратавання на водах. Таварыства на водах узнагародзіла мяне на лінейцы ў школе.

– Мяркую, далейшы лёс звяжаш з выратаваннем людзей?

– Не, мне аднаго выратаванага дастаткова. Я вельмі спадзяюся, што такіх выпадкаў са мной больш здарацца не будзе. Не, не таму, што больш ратаваць нікога не хачу, а проста хачу, каб больш не здаралася такіх выпадкаў ні з дзецьмі, ні з дарослымі.