У рэдакцыю звярнуўся чытач Андрэй Буслаўскі. З сабой ён прынёс галінкі пладовых дрэў, на якіх паскручваліся лісткі, пачарнела кара, самі галінкі высахлі знутры, быццам згарэлі.

Спадар Андрэй распавёў пра тое, што на сваім участку вырошчвае каля 40 дрэў. Яго двор стаіць непадалёк ад прыпынку “Фестывальны”. Побач расце калгасная бульба. Сёлета гаспадар заўважыў, што частка яго дрэў расце няправільна: лісткі не вырастаюць, кара счарнела.

Магчыма, прычына ў хімікатах, якімі апрацоўваюць бульбу, ці яшчэ ў нечым. Такая самая праблема і ў яго сусе­дзяў: адны дрэвы здаровыя, іншыя пашкоджаныя. Спадар Буслаўскі не ведае, як ратаваць сад, спецыялісты, да якіх ён звяртаўся, таксама не далі рады. Пра гэта раней пісала “Рэгіянальная газета”.

Мы патэлефанавалі ў інспекцыю па насенняводстве, каранціне і ахове раслін. На пытанні “Рэгіянальнай газеты” адказвае начальнік інспекцыі Дзяніс Балдоўскі:

– Ці могуць хімікаты выклікаць такую рэакцыю на дрэвы?

– Дакладна да саду спадара Андрэя Буслаўскага хімікаты дачынення не маюць. Бульба, якая расце побач, належыць гаспадарцы “Усход-агра”, а там апрацоўку право­дзілі толькі на мінулым тыдні. Чытач жа ў газету звяртаўся раней.

– А тэарэтычна такое магчыма?

– Гэта магло здарыцца з адной прычыны: апрацоўку раслін праводзілі  пры вялікай колькасці парушэнняў. Калі былі не шчыльна зачыненыя спецыяльныя прыстасаванні, тады хімікаты магло здзімаць ветрам у бок саду.

– Як часта да вас звяртаюцца гаспадары з выпадкамі падобнага кшталту, што іх расліны церпяць ад дзейнасці аграпрадпрыемстваў?

– Са скаргамі на хімікаты, якімі апрацоўваюць палі, не звярталіся ні разу. Але па кансультацыю, чаму з’яўляюцца плямы на раслінах ці сохнуць дрэвы, звяртаюцца часта. Па магчымасці стараемся не адмаўляць у парадзе. І вашаму чытачу перадайце, хай звяртаецца да нас, калі зможам, дапаможам. Калі не, перанакіруем у Інстытут пладаводства ў Мінск.