Трагедыя адбылася шостага чэрвеня непадалёк ад чыгуначнага прыпынку “Мясата”.

 У Маладзечанскі РАУС патэлефанавала касірка гэтага прыпынку і паведаміла, што там забілі жанчыну.

73-гадовая пенсіянерка, жыхарка Мінска, у той дзень прыехала на лецішча ў Мясату. Прыехала на свой прыпынак а 10-й гадзіне раніцы, выйшла з цягніка і пайшла адна па палявой дарозе ў бок лецішча. Там яе дагнаў 18-гадовы навучэнец Маладзечанскага політэхнічнага каледжа, жыхар вёскі Асавец.

Маладзён дагнаў жанчыну, дастаў з заплечніка малаток і пачаў біць жанчыну па грудзях, плячах, спіне. Ад удараў малаток зламаўся. Тады хлопец дастаў з заплечніка нож і нанёс жанчыне не менш за пяць-шэсць  удараў у шыю, галаву, грудзі, плечы.

У гэты час яго заўважылі дарожныя рабочыя. Хлопец паспрабаваў збегчы з месца злачынства ў лес. Але двое рабочых яго затрымалі.

Пасля, на допыце, адказваючы на пытанне аб тым, што стала прычынай такога страшнага ўчынку, хлопец адказаў, што ў яго былі праблемы ў сям’і, узнікла непаразуменне з бацькам. Да таго ж, у той дзень маладзён пасварыўся са сваёй дзяўчынай. І на пытанне следчага адказаў: 

“Проста мне ў той дзень раптам захацелася каго-небудзь забіць”.

Хлопец наўмысна прыхапіў з сабой малаток і нож, сеў на электрацягнік на станцыі Уша, высачыў у цягніку адзінокую жанчыну і мэтанакіравана ішоў за ёй, каб забіць.

Пра гэта расказаў “Рэгіянальнай газеце” старшы следчы Маладзечанскага аддзела Следчага камітэта Юры Багушэвіч.

– Хлопец  раней не быў судзімы, на ўліку нідзе не стаяў. Ён будзе асуджаны па артыкуле забойства з асаблівай жорсткасцю. А за гэта яму пагражае смяротнае пакаранне.