Выхадныя напярэдадні прафесійнага свята мы вырашылі прысвяціць здароваму ладу жыцця.
Наша сяброўства пачалося ў медінстытуце. А сумесным вандроўкам ужо болей за 35 гадоў. Маршрут Жодзішкі-Міхалішкі у 47 кіламетраў выбралі як самы маляўнічы і сакральны кавалак Вяллі. На гэтым кавалку ёсць тры рапы (парогі) і некалькі забораў (перакатаў). У час сплаву рабілі пешыя экскурсіі на бераг у Жодзішкаўскі школьны музей, на Белую гару, па прыпынках Маці Божай Курганнай, што ля Дубка, да касцёлаў у Нястанішках і Міхалішках, да прыродных помнікаў.
Плыўсродкі і экскурсійную праграму забяспечыў Алег Мізула, гаспадар аграсядзібы “Вялес”. Алег, сам краязнаўца, вельмі цікава расказаў пра мястэчкі, вёскі і адметныя хутары на берагах Вяллі. Спеў мноства аўтарскіх песень пра гэты цудоўны край.
Але напачатку, у пятнічны вечар, усіх вандроўнікаў чакала гаспадарская лазня, каб змыць гарадскі пыл і тыднёвую стому.
У вандроўцы прымалі удзел Ванда Анцілеўская – доктар-кардыёлаг Маладзечанскай цэнтральнай раённай бальніцы. Вядомы альпініст, “снежны барс” з Падбярэззя Касцяневіцкага сельсавета, цяперашні загадчык лабараторнага аддзялення НДІ анкалогіі у Бараўлянах, кандыдат медыцынскіх навук Аляксандр Дуброўскі, які пачынаў сваю працоўную дзейнасць у санстанцыях Мядзела і Маладзечна, са сваёй жонкай Мілай, дзіцячым доктарам-анколагам, і дзецьмі Яўгенам і Іванам; сямейная пара Аляксей Чарняўскі і Святлана Засмужац, таксама дактары з НДІ анкалогіі; жонка і муж Ірына Хомчык  і Леанід Сташкевіч (працуюць у 5-й клініцы Мінска). Бацьку Святланы Анатоля Хомчыка добра ведаюць у Радашкавічах і санаторыі “Сасновы бор”, дзе той працаваў галоўным доктарам. А Уладзімір Дубовік з Вілейкі, які даўно сябруе з гэтай кампаніяй, выхаваў сына-медыка – галоўнага санітарнага доктара Валожынскага раёна.
Было хораша і цікава, з назбіраных лісічак і злоўленых Аляксеем Чарняўскім акуней зварылі юшку, якую для смаку заскварылі дробна пасечаным салам з цыбуляй:
– Смаката! – казаў, налягаючы на юшку, 9-гадовы Іван Дуброўскі.
Дарослыя пагадзіліся – сапраўды смаката.
За выхадныя мы атрымалі вялікі зарад ба­дзёрасці і станоўчых эмоцый. А пасля купання у вусці Ашмянкі вырашылі, што наступны сплаў на байдарках будзе па Ашмянцы ад Солаў да Міхалішак. Заклікаем усіх да актыўнага ладу жыцця.

Алег Мізула спявае свае песні.

Разам весела веславаць.

 Ля тупальскага валуна. Месца паганскага ахвярніка.

 Бераг разбураецца.

Скаладром.

Уздым на Белую гару.

Надвор’е было рознае.

 Кардыёлаг Ванда Станіславаўна Анцілёўская лепш за ўсіх разбіраецца у помпах як для лодкі так і людскіх.

 Ля касцёла у Ністанішках.

 Пясня пра Вяллю.

 Першы акунёк.

  Міхалішкі. Касцёл Св. Міхаіла.