Першая паездка за мяжу для Паўла Каўзовіча выдалася незвычайная. Ён не грэўся на пляжы і не здзіўляўся славутасцям еўрапейскіх гарадоў, а дапамагаў ліквідаваць наступствы паводкі ў Сербіі.

Павел – старшы пажарны пажарнай аварыйна-варатавальнай часці №1 Вілейскага райаддзела па надзвычайных сітуацыях. Адправіўся 23-гадовы выратавальнік у Сербію ў складзе зводнага атраду Міністэрства па надзвычайных сітуацыях Беларусі. З Мінскай вобласці ў яго увайшлі толькі два выратавальнікі.

 Чаму менавіта вы трапілі ў зводны атрад?

– Патэлефанавалі з абласнога ўпраўлення, што трэба чалавек. Па ўсіх крытэрыях падыходзіў. А патрабаваліся навыкі ўпраўлення маламерным  суднам і стаж працы выратавальнікам не менш як тры гады. Усё было вельмі хутка: патэлефанавалі 17 мая – у гэты ж дзень і паляцелі. У нас праца такая: трэба ехаць – значыць трэба.

 Да гэтага чулі, што там адбываецца?

– Нам прыходзяць зводкі пра тое, што адбываецца за мяжой. Якраз раніцай і пачытаў.

– Ці шмат вас накіравалася ў Сербію?

– З Беларусі было 25 чалавек. Паляцелі два верталёты МІ-8: экіпаж, адзін карэспандэнт і выратавальнікі з адмысловым абсталяваннем.

У першы дзень мы разгружалі самалёты, якія прыходзілі з гуманітарнай дапамогай. Перагружалі грузы ў верталёты, якія ляцелі ў затопленыя вёскі.

На другі дзень нас накіравалі ў горад Шабац. Там працавалі з расійскімі калегамі: з Центральнага выратвальнага атраду і атрада “Лідар”. Таксама былі яшчэ выратавальнікі з Францыі і Аўстрыі.

Наша задача была такая – у  першую чаргу, быць напаготове і кантраляваць канал у горадзе. Там вада магла ўзняцца да крытычнай адзнакі, тады б затапіла хімічны завод, і адпаведна хімікаты бы патрапілі ў ваду.

Таксама дзяжурылі па 12 гадзін на дамбе ў 25-ці кіламетрах ад Шабаца, у вёсцы Дрэнавец. Ну і рабілі ўсё, што прасілі.

– Якія самыя яркія ўражанні засталіся?

– Спадабалася гасціннасць сербаў і іх самаадданасць. У Дрэнаўцы існавала верагоднасць прарыву дамбы. Разам з выратавальнікамі і ваеннымі прыязджалі на сваіх машынах на дапамогу мясцовыя жыхары, умацоўвалі дамбу мяшкамі з пяском. Ды так шмат людзей было – дружна, зладжана працавалі.

Як лічыце,  ваша дапамога важная была?

– Лічу, што так. Сербы падыходзілі, дзякавалі.

– А самому бяспечна было?

– Па-розным. Але такая, у прынцыпе, наша праца.

– Адразу не ведалі, на колькі давядзецца затрымацца ў Сербіі?

– Не. Сітуацыя палепшылася 24 мая, і было прынята рашэнне накіравацца дадому. Назаўтра нас ужо сустракалі ў Беларусі.

– Нейкі новы досвед набылі?

– Так. Сярод  расійскіх калег былі вельмі дасведчаныя людзі  – яны ў многіх краінах у выратавальных аперацыях удзельнічалі.

– Гэты досвед на радзіме спатрэбіцца?

– У Вілейцы пераважна выязджаем на пажары, дарожна-транспартныя здарэнні. Але ў нас Вілейскае вадасховішча побач, і калі што – у любы момант пастараюся гэты досвед выкарыстаць. Але лепш бы ён тут не спатрэбіўся.


Даведка “РГ”

Паводка ў Сербіі, выкліканая ліўневымі дажджамі, забрала жыцці 51 чалавека. Вялікі ўрон нанесены сельскай гаспадарцы, энергетычнаму і транспартнаму сектару краіны. Страты ад паводкі склалі каля аднаго мільярда еўра.

За час гуманітарнай выратавальнай аперацыі барты беларускага МНС ажыццявілі 23 вылеты, у пацярпелыя ад паводкі раёны перавезены 90 сербскіх выратавальнікаў і медыкаў, дастаўлены амаль 28 тон гуманітарных грузаў.