Маладзечанец Аляксандр Шоць шукае людзей, якія зацікаўленыя ў “рыцарскай” справе.

У мала­дзечанца Аляксандра Шоця незвычайнае захапленне. Ён вырабляе рыцарскае адзенне, кальчугі, рыцарскую зброю. І робіць гэта не па гатовых эскізах, а з уласнай фантазіі.

У планах паказаць гэту выставу шырокаму колу людзей. А пакуль Аляксандр шукае паплечнікаў, каб разам стварыць у Маладзечне рыцарскі клуб.

– Аляксандр, адкуль у вас такое захапленне?

– З дзяцінства захапляюся гісторыяй. Памятаю, калі мне было 15 гадоў, пазнаёміўся з дзедам, які жыў побач. Яго звалі Канчуром і яму тады было 106 гадоў. Ён так цікава расказваў пра даўніну, пра тое, якія бітвы адбываліся тут, на Беларусі. Пасля гэтага знаёмства цікавасць да гісторыі так і не прайшла. Нядаўна паказаў ужо сваім дзецям тых рыцараў ВКЛ, якіх, калі быў дзіцем, зрабіў з паперы. Сказаць, што дзеці здзівіліся, нічога не сказаць.

– Над чым працуеце цяпер?

– Я над нейкімі рэчамі працую ўвесь час. Мяне вельмі захапляе рыцарская зброя. Раблю яе. Вядома, што не сапраўдную, а вельмі падобную да яе. Калі гэта мячы ці дзіды, то яны ні ў якім выпадку не заточаныя, калі арбалеты, то без стрэл. Паралельна з гэтым раблю кальчугу. Чорную з залатымі элементамі.

– А не спрабавалі зрабіць такую кальчугу, якая была, скажам, у Вітаўта ці Чынгісхана?

– Так, гэта цікава. Але бачыце, у чым справа, іх кальчугі ўжо нехта раней зрабіў, мне ж цікава рабіць рэчы, якім ва ўсім свеце няма аналага.

Рыцарскі шлем – гэта былы чайнік

– Вельмі цяжка рабіць такія рэчы?

– Ды не. Усе гэтыя рэчы робяцца проста і з падручных матэрыялаў. Я, бывае, знаходжу дроцік ці кавалак скуры і захоўваю, бо ведаю, што яны мне некалі спатрэбяцца.

Вось нядаўна знайшоў на лецішчы стары савецкі электрычны чайнік. І я падумаў, што калі яго распілаваць папалам, дадаць элементаў, атрымаецца цудоўны рыцарскі шлем.

Іншая справа, што гэта вельмі доўгая па часе работа. Кожнае кольца, кожнае звяно да кальчугі мацуецца асобна.

– Колькі каштуе такая кальчуга, калі яе ў вас набыць?

– Ад 1 тысячы 500 долараў, але ж я свае вырабы не прадаю. Нашто? Грошы ў мяне і так ёсць, я спадзяюся, што калі-небудзь зладжу сваю выставу. У мяне ёсць мара адвезці свае вырабы ў Радашкавіцкую школу-інтэрнат. Расказаць дзецям пра рыцараў, даць памераць кожнаму дзіцяці кальчугу і шлемы. А прадаваць?.. Вось у мяне аднойчы знаёмы хацеў купіць шчыт і меч. Я ў яго спытаўся: “А што ты будзеш з імі рабіць?” Ён адказаў: “Павешу дома на сцяну”. “Э, не, – адказваю я, – зброя такая павінна працаваць, а не пакрывацца пылам. Ёй у турнірах яшчэ ўдзельнічаць і ўдзельнічаць”.

– У якіх турнірах удзель­нічала ваша зброя?

– Ну, мяркуйце самі, я ж не магу біцца сам з сабой. А нікога, каго б цікавіла гэта, я не ведаю. Здаецца, што ў нас у раёне няма ніводнага рыцарскага клуба. Таму я і заклікаю ўсіх рыцараў рэгіёна яднацца. Мы калісьці пачыналі гэту справу разам з малодшым братам, але некалькі гадоў таму яму нейкі дурань камп’ютарную гульню ў “танчыкі” паказаў.

– Адзенне са скуры, якое вы вырабляеце, таксама толькі для сябе?

– Не, я зрабіў падарунак нашаму маладзечанскаму дудару Сяргею Яруку, спецыяльна для яго зрабіў скураныя боты. І, калі так можна сказаць, яго імідж – гэта мая прыдумка. Я яму сказаў: “Сяргей, цябе людзі павінны не толькі слухаць, але і гля­дзець на цябе, як на чараўніка з мінуўшчыны”. Ён потым мне прызнаўся, што калі быў на фестывалі ў Маскве, то і журналісты, і гледачы яго дуду фатаграфавалі пасля маіх ботаў. Усіх так яны ўразілі!

Беларусы, насіце спадніцы

– А для сябе я пашыў адну рэч, якая мне вельмі падабаецца. Аднойчы на адным з фестываляў я заўважыў чалавека ў шатландскім адзенні, у кілце. Я тады падумаў: няўжо мужчыну зручна хадзіць у спадніцы, але тканіну на кілт усё ж такі набыў. Прыехаў дадому, паглядзеў выкрайку ў інтэрнэце, пашыў. І ведаеце што? Гэта так зручна, цёпленька, нічога не перашкаджае. Вельмі раю ўсім.

– А куды вы яго носіце?

– За каго вы мяне прымаеце? Не нашу, але ў шафе ляжыць, чакае свайго часу.

– Ці кіруецеся вы ў жыцці кодэксам гонару рыцараў?

– Які кодэкс гонару? Гэта ўсё кніжныя прыдумкі. У рыцара толькі адзін кодэкс – вайна.

А калі гаварыць пра жыццёвыя прынцыпы, ён у мяне адзін: жыць так, каб не было сорамна.

Прывяду адзін прыклад. Я працаваў у адной вядомай мастачкі. Мы з ёй дамовіліся на пэўную суму. А калі надышоў час разлічвацца, я не далічыўся каля 150 долараў. Я не крычаў, не даказваў сваю правату. Я толькі спытаўся: “Гэта ўсё”?  Яна сказала “Так”. А потым, калі гэта мастачка сустракае мяне ў горадзе, адводзіць вочы, робіць выгляд, што яна мяне не ведае. А кошт гэтага сораму на ўсё жыццё – 150 долараў.

Я не разумею таго, што некаторыя лю­дзі паво­дзяць сябе так, быццам ім жыць яшчэ 200 гадоў. Першыя 100 грашыць, потым астатнія 100 замольваць грахі. Ці не прасцей адразу жыць праўдзіва і па-чалавечы?