Спаборніцтвы на яхтах такога класу (ад 27 да 30 футаў) на возеры Нарач прайшлі ўпершыню за апошнія гады.
– Можна сказаць, што да гэтай рэгаты Нарач ужо год з трыццаць не бачыла сур’ёзных ветразяў, хіба што спаборнічалі на мікра-яхтах – простых лодках з ветразем, – кажа адзін з арганізатараў Аляксандр Таляронак.
Спадар Аляксандр удзельнічаў у рэгатах у замежжы. І паспяхова. У 2011 годзе заняў першае месца ў рэгаце, якая праходзіла ў Польшчы на Мазурскіх азёрах. Гады чатыры ён катае адпачывальнікаў на яхце па Нарачы. А з цягам часу ўзнікла ідэя правесці тут рэгату.
– Ідэя з’явілася даўно – каб паказаць, што можам займацца сур’ёзнай справай, – прыгадвае ён. – Рыхтаваліся да рэгаты з самай зімы. Але, на жаль, па незалежных ад нас прычынах, тэрміны ўсё пераносіліся. З-за гэтага не здолелі прыехаць госці з Польшчы і Расіі.
Першы дзень пачаўся са спаборніцтваў весляроў з Мядзельскай СДЮШАР.
Потым на кароткай дыстанцыі стартавалі яхтсмены. На Нарач прыехалі чатыры экіпажы з Беларусі – усяго 25 спартсменаў. Па выніках дня перамагла яхта “Зялёная” з Мінска (шкіпер – Валерый Гарбар, шкотавы – Аляксандр Мароз).
Вечарам спартсменаў і гледачоў чакаў канцэрт з удзелам сталічных артыстаў і святочны салют.
У другі дзень разыгралі “Кубак Нарачы”. Тут яхтсмены спаборнічалі на вялікай дыстанцыі – склала яна 20 кіламетраў.
– Усе справіліся добра, без усялякіх надзвычайных сітуацыяй, – дзеліцца Аляксандр.
– А як надвор’е, не падвяло?
– У першы дзень вецер слабы быў, хуткасці не было. А ў другі дзень – вецер выдатны, усе на вялікіх хуткасцях хадзілі.
І другі дзень спаборніцтваў прынёс перамогу яхта “Зялёная” – “Кубак Нарачы” заваявала яна. На другім месцы – яхта “Морс” з Мінска. Шкіперам на ёй – Раман Тарасевіч, які калісьці вучыў у Мядзеле дзяцей хадзіць пад ветразем. Трэцяе месца на рахунку мядзельскіх яхтсменаў – яхта “Мара” (шкіпер Казімір Куцкевіч, шкотавы – Алег Жыхар).
– Мы ўпершыню спрабавалі свае сілы ў арганізацыі рэгаты, – дзеліцца Аляксандр Таляронак. – І ў далейшым хочам зрабіць яе традыцыйнай. На наступны год пастараемся дабіцца, каб на Нарач прыехалі яхтсмены з Польшчы і Расіі.