Як у Нарачанскім краі рыхтавалі пляжы да летняга сезону і якая статыстыка па цэркарыёзу?
Пра гэта раскажа загадчыцы аддзела эпідэміялогіі Мядзельскага раённага цэнтра гігіены і эпідэміялогіі Святлана Несцярэнка.
– Згодна з рашэннем райвыканкама і рэкамендацыямі санітарнай службы на пляжах правялі рамонт і выбарачную замену малых архітэктурных формаў – лаў, лежакоў, навесаў, арэляў. Убралі дно ў раёне пляжаў ад малюскаў, карэнішчаў, камянеў, водных раслін.
На ўсіх абсталяваных пляжах ёсць душавыя ўстаноўкі і пітныя фантанчыкі.
На пляжах здраўніц маюцца модульныя платформы – так званыя пантоны. Устаноўлены стэнды, якія нагадваюць пра прафілактыку цэркарыёзу і забарону карміць вадаплаўных птушак. У санаторыі “Жураўка” рэканструявалі прыбярэжную зону.
Зараз штотыдзень праводзіцца маніторынг якасці азёрнай вады ля пляжаў – нестандартных аналізаў не выяўлена.
– Адпачывальнікаў у апошнія гады непакоіць сітуацыя з цэркарыёзам. Якая сітуацыя цяпер?
– Летась са скаргамі на цэркарыёз звярнуліся няшмат людзей – толькі 19 чалавек. Можа таму, што лета было халаднаватае.
Раней выпадкаў было больш. Сёлета ў маі і пачатку чэрвеня выпадкі церкарыёзу не фіксавалася.
– Нагадайце захады па прафілактыцы цэркарыёзу…
– Купайцеся на абсталяваных пляжах, пазбягайце берагоў, зарослых воднымі раслінамі.
Лепш заходзіць у ваду з модульнай платформы ці мосціка, бо найбольш лічынак-цэркарыяў збіраецца да глыбіні 70 сантыметраў. Перад купаннем можна змазаць скуру рэпелентам на аснове ДЭТА. Пасля абавязкова трэба абмыцца пад душам. Калі ж яго няма, то насуха абцерціся ручніком.
Даведка РГ. Цэркарыёз – з’ява, якую ў асобных людзей пасля купання выклікаюць лічынкі птушыных гельмінтаў – цэркарыяў. У месцах іх пранікнення скура становіцца чырвонай, з’яўляецца пачуццё смылення і свербу, неўзабаве з’яўляецца высыпка і пухіры. Праз некалькі дзён усе гэтыя сімптомы знікаюць