17-гадовы ашмянец Ігар Юзапчук стаў чэмпіёнам свету

Чэмпіянат свету па паўэрліфтынгу праходзіў у паўднёваафрыканскім горадзе Потчэфструм.

На званым абедзе ў наш гонар да стала падавалі антылопу! – хваліцца Ігар. – Ой, не антылопу, ламу. І страуса.

– Смачна было?

– Ну так сабе, дамашняя ежа ўсё ж смачнейшая.

– Ігар, чым табе яшчэ запомніцца Афрыка?

– Доўгім пералётам. Мы ляцелі ажно 14 гадзін. А сам горад Потчэфструм вельмі прыгожы. І яшчэ ў іх Нэльсан Мандэла паўсюль: на плакатах, грошах, помніках, – партрэты па ўсім горадзе.

У спорт пайшоў,каб не ісці ў ПТВ

– Раскажы пра від спорту, якім ты займаешся?

– Паўэрліфтынг – гэта сілавое трохбор’е. Задача – падняць як мага большую вагу. Але ў паўэрліфтынгу свой падыход. Я прыйшоў у спорт у 12 гадоў і ўжо дакладна ведаў:

калі не займацца спортам, то максімум, што мяне чакае ў будучыні – гэта наша ашмянскае ПТВ.

А я хачу дабівацца чагосьці большага. Сёлета я скончыў школу, і цяпер ведаю дакладна, што спорт – гэта маё жыццё.

– Пра трэнера свайго раскажы?

– Мяне ўсе пяць гадоў, што я займаюся паўэрліфтынгам, выхоўвае адзін трэнер, Міхаіл Станкевіч. Ён для мяне не проста трэнер. Ён мне як бацька. Без яго падтрымкі мне было б цяжка. На трэніроўках ён заўсёды цікавіцца, ці паеў я, як сябе адчуваю. Калі я хварэю, ён заўсёды прыхо­дзіць, хвалюецца за мяне. У інтэрнаце ж, дзе я выхоўваўся, на мяне і мае праблемы было ўсім пляваць.

Барацьбы лёгкай не бывае

– Вяртаючыся да чэмпіянату, ці лёгка было перамагаць? Адчуваў, што ты мацнейшы за сапернікаў?

– Не, кожная перамога даецца толькі потам. Лёгкай барацьбы не бывае. Бліжэйшымі сапернікамі маімі былі расіяне, але з імі таксама давялося паспаборнічаць.

– Чым, акрамя медаля, узнагародзяць чэмпіёна?

– Не ведаю, чым, акрамя “дзякуй”, мяне могуць узнагародзіць. Спартсмены ў Беларусі – далёка не мільянеры.

Я ж цяпер мару толькі аб тым, каб знайшліся грошы на паездку ў Венгрыю.

У жніўні там пройдзе чэмпіянат свету з экіпіроўкай. З экіпіроўкай, гэта значыць у камбінезоне, з накаленнікамі. У Потчэфструме быў чэмпіянат класічны, без экіпіроўкі.

– Як ты лічыш, пра паўэрліфтынг у Беларусі наогул ведаюць? Ці гэта незапатрабаваны від спорту?

– Ён пакуль не алімпійскі. Гэта факт. Але наконт непапулярнага, не ведаю. Я калі першыя разы едзіў на чэмпіянаты ў Літву, Расію, Чэхію, сам дзівіўся: у беларускай дэлегацыі было па 200-300 спартсменаў. Ну, вы ўсё яшчэ думаеце, што пра паўэрліфтынг ведае мала людзей? Хаця ў Афрыку ад Беларусі мы ездзілі ўпяцёх.

– Ці шмат часу адбірае спорт? Застаецца яшчэ  на іншыя чалавечыя радасці?

– Трэніроўка доўжыцца каля чатырох-пяці гадзін тры-чатыры разы на ты­дзень. Астатні час вольны. Я люблю ў футбол з хлопцамі паганяць, чытаю многа. Цяпер чытаю кніжку “Спартак” Джаваньёлі. Там “Спартак” не проста воін, як яго паказваюць у кіно, а чалавек шчодры, мужны, высакародны. І я яшчэ ў лазню хадзіць люблю, папарыцца, венічкам пахвастацца.

– Ігар, што вам гаворыць трэнер, перад тым як адпусціць на памост у спаборніцтвах?

– Ігар, будзь малайцом!