Пра тое, як зацікавіць дзяцей танцамі, чаму на занятках пацеюць шыбы, раскажа кіраўнік ансамбля, харэограф гімназіі Алеся Раздзялоўская.
Дзяцей зацікавіла хіп-хопам
– Як усё пачыналася?
– Раней у гімназіі быў ансамбль, займаліся танцамі – праўда, больш болей класічнымі, народнымі. Два гады таму прыйшла сюды працаваць. І каб зацікавіць дзяцей, сталі танцаваць адразу хіп-хоп, бо ім гэта падабаецца. У першыя дні вельмі шмат ахвотных прыйшло. Аднак першы месяц не ўсе вытрымалі, бо усё ж вялікія фізічныя нагрузкі. Засталіся самыя стойкія.
Так вось і стварыўся наш калектыў. Назву новую назву прыдумалі – “Фарсаж”, бо ў асноўным сучасныя танцы ў нас. Але розныя накірункі развіваем. І парныя танцы – гэта ж так прыгожа! І народныя – не такія спакойныя танцуем, а вясёлыя, з гумарам.
– Дзеці якога ўзросту займаецца ў вас?
– Вучні ад другога да адзінаццатага класаў. Усяго каля ста дзяцей. Здзівілі малыя з 2-3 класаў. Думала, што ў іх не атрымаецца. Але некаторыя рухі ім лепш чым большым удаюцца.
Падчас навучальнага году займаемся тры разы на тыдзень. З дзецьмі працаваць лёгка, бо прыходзяць тыя, хто хоча танцаваць. Нікога не прымушаю: займаюцца яны на факультатывах. Мы супрацоўнічаем, каб усім падабалася. Калі не падабаецца, лепш не займайся. Але калі танцы прыйшліся па душы, то ўжо выкладваемся па поўнай.
– Як удаецца дзяцей зацікавіць, каб не сыходзілі?
– Увесь час штосьці новае цікавае ім прапаноўваеш: танцы, рухі. Гэта і цікава дзецям. Прыходзяць на ўрок: без справы не сядзяць, сыходзяць стомленымі.
– Казалі, што такія нагрузкі на занятках, што бывае аж шыбы пацеюць…
– Так і ёсць. Нагрузкі сур’ёзныя. Затое дзеці развіваюцца.
– Як вы лічыце, гэтыя танцы, што яны дзецям даюць?
– Па-першае, яны дапамагаюць развівацца – не толькі фізічна. Гэта і ўменне сябе паводзіць. Вучацца кантраляваць сябе, не баяцца сцэны. І сябраваць.
У першую чаргу стараюся іх вучыць сяброўству. Кажу ім: “Вы – адзін калектыў. Калі хто адзін зрабіць няправільна, штурхне, не прапусціць, то не скажуць, што гэта Коля ці Маша няправільна зрабілі, а што калектыў дрэнна выступіў”.
– Якіх поспехаў ансамбль дасягнуў?
– За красавік прывезлі ў гімназію пяць кубкаў. На фестываль “Хрустальная ліра” вазілі два танцы – вярнуліся з першым і трэцім месцамі.
Потым тры групы ансамбля прымалі ўдзел у другім міжнародным конкурсе мастацтваў “Avanti” ў Мінску. Адкуль прывезлі два дыпломы лаўрэата другой ступені і адзін – трэцяй ступені. І кубкі з імі.
Дзеці, які займаюцца танцамі, у складзе агітбрыгады на рэспубліканскі конкурс патрапілі. Яшчэ развіваем чырлідынг. Дзяўчаты выйгралі конкурс у раёне, потым занальны, ездзілі ў Барысаў на абласны конкурс. Супрацоўнічаем са СДЮШАР Вілейскага райвыканкама, там дапамагаюць з акрабатыкай.
— А на спартыўных спаборніцтвах чырлідары ці выступалі?
– Так. Пакуль што, на школьных.
– Самыя яркія вашыя ўражанні за час працы з ансамблем?
– Менавіта гэтыя перамогі на конкурсах. На “Avanti” журы было з розных краін. І калі пачалі аб’яўляць пра заваяваныя нашым ансамблем месцы, то было вельмі нечакана і прыемна.
Радуе, што бацькі зацікаўлены: на справаздачным канцэрце была поўная зала, не толькі мамы і таты, але і бабулі дзядулі папрыходзілі. Бацькі дапамагаюць, бо цяпер мала бясплатных конкурсаў.
– Чаго хочацца з ансамблем дасягнуць?
– Планы вялікія. Хочацца паспрабаваць дасягнуць звання “ўзорны”. Калі ўдасца, то ў дзяцей будзе большая цікавасць, і канцэртаў, паездак больш будзе.
Словам, безліч планаў на наступны навучальны год. Прыходзім – і адразу пачынаем увасабляць.
P.S.
Кажа намеснік дырэктара гімназіі па культурна-эстэтычнаму цыклу Вольга Якаўлева:
– Алеся – вельмі захоплены педагог. Энергічная, маладая, так шмат часу дзецям удзяляе. Яна прынесла ў нашу гімназію новы накірунак – сучасныя танцы. Вядома, дзецям гэта вельмі падабаецца.