Удзельнікі мусілі распрацаваць маршрут па Вілейшчыне, які павінен быць цікавым, прывабным з турыстычнага і экалагічнага пункту гледжання і адлюстроўваць славутасці раёна.

– Свае варыянты маршрутаў прадставілі 11 чалавек, пераважна – маладыя людзі, –  расказала старшыня грамадскага аб’яднання па садзейнічанні ўстойліваму развіццю Вілейскага рэгіёна “ЗОВіК” Таццяна Цітуленка. –  Журы вырашыла, што ўсіх адзначым Дыпломамі, а шэсць пераможцаў – яшчэ і каштоўнымі прызамі.

У лік пераможцаў увайшлі Таццяна Церах з маршрутам “Па ўзбярэжжы Вілейскага вадасховішча”, Вячаслаў Чубат – з “Вілейскімі краявідамі”. Вольга Трубач прадставіла два маршруты: “Па даўгінаўскіх ваколіцах” і “У радыусе Любані”. Анастасія Шарамет падрыхтавала вельмі цікавы і падрабязны маршрут па Вілейцы і ваколіцах. Ксенія Місюль распрацавала маршрут па Крывасельскім савеце. А Галіна Тарасава прапанавала пракаціцца на ровары “Ад Пагоста да Камена”.

Узнагародзяць іх на свяце ў Вілейцы ў пачатку ліпеня.

– Гэтымі маршрутамі могуць скарыстацца як жыхары, так і госці Вілейшчыны, – кажа Таццяна Цітуленка.

Сябры арганізацыі “ЗОВіК” збіраюцца апрабаваць адзін з маршрутаў ў жніўні. І запрашаюць ахвотных далучыцца.