У многіх краінах у трэцюю ня­дзелю чэрвеня святкуюць Дзень бацькі. Сёлета гэтая дата прыпадае на 21 чэрвеня.

Традыцыя гэтага свята пайшла з ЗША. Ідэя зла­дзіць свята для татаў нарадзілася ў місіс Дод з Вашынгтона. Яна хацела так аддзячыць свайму бацьку за выхаванне. Яго жонка памерла пры родах, але мужчына змог выхаваць немаўля і яшчэ пяцярых старэйшых дзяцей.

Упершыню Дзень бацькоў адсвяткавалі ў 1910 годзе ў Вашынгтоне. Пазней гэтае свята пачалі святкаваць і іншыя краіны. Грамадскае аб’яднанне “Абарона правоў бацькоў і дзяцей” мае ідэю заснаваць гэтае свята і ў Беларусі.

Толькі ў Маладзечанскім раёне жыве 37 сямей, дзе бацька адначасова і тата, і мама.

Што такое бацька

Ёсць мужчыны, якія лічаць догляд за дзецьмі не мужчынскай працай. Але гэта не так. Дзіцяці трэба асэнсаваць, што два светы, мужчынскі і жаночы, існуюць разам і залежаць адзін ад аднаго. Без гэтага разумення складана будаваць адносіны.

Сяброўства з бацькам фарміруе добразычлівы і адкрыты характар. Калі ў першыя два гады жыцця тата перакладае клопат аб дзецях на жонку, яна так і застанецца галоўнай ва ўсіх дзіцячых пытаннях. Таму сяброўства пачынаецца з самых першых дзён жыцця сына ці дачкі.

Ці можа бацька канкураваць з маці? У іх крыху розныя ролі. У многіх сем’ях мама – гэта найперш “дзелавы” кантакт. Яна больш клапоціцца пра фізіялагічны бок: здароўе, харчаванне, адзенне. Калі бацька часта бавіць час з дзіцем, то паміж імі большая эмацыйная сувязь. Тады бацьку можна даверыць пра страхі і няўдачы, а таксама хочацца пахваліцца перамогамі. Мама заўсёды супакоіць, а бацька дасць параду, што рабіць далей.

У той жа час паміж бацькам і дзіцем ёсць дыстанцыя, і менавіта яна дапаможа ў свой час стаць самастойным дарослым чалавекам. У ідэале бацькі − гэта пара. Мама ўвасабляе дзяцінства, утульны цёплы свет, у якім спраўджваюцца ўсе жаданні. А тата адкрывае свет, дзе ёсць невядомае, рызыка і поспех, дзе кожны адказвае за сябе, дзе ёсць любоў і каханне.

Роля бацькі для сына

Бацька − заўсёды прыклад для сына. Гэта ўзор мужчынскага характару і паводзінаў. Дзіця вучыцца ад таты, як павінны паводзіць сябе мужчына.

Ужо з 3-5 год хлопчык паводзіць сябе так, які бачыць прыклад ад таты. Ён параўноўвае сябе з бацькам, пераймае яго. Вядома, ён паўтарае паводзіны і сяброў-хлопчыкаў, але асноўны прыклад − бацька. Хлопчыкі, што выраслі без бацькі, часта губляюцца і не ведаюць, як павінен зрабіць мужчына.

Назіраючы за адносінамі таты і мамы, хлопчык даведваецца пра культуру адносінаў паміж мужчынам і жанчынай. Так у яго фарміруецца мадэль будучых адносінаў з дзяўчатамі і жанчынамі. У сваёй будучай сям’і найхутчэй хлопчык будзе паводзіць сябе так, як яго бацька.
Яшчэ адна роля бацькі − клопат пра фізічную форму сына, развіццё вынослівасці, хуткасці. Развіваючы гэтыя якасці, тата прывучае да акуратнасці, дысцыплінаванасці і арганізаванасці.

Але не менш важна праяўляць да сына пяшчоту і клопат. Для хлопчыка гэта не менш важна, чым для дзяўчынкі! Паводле даследаванняў, найбольш мужныя вырастаюць з тых дзяцей, якія зведалі бацькоўскую пяшчоту.

Роля бацькі для дзяўчынкі

Для дзяўчынкі тата – гэта першы досвед, як будаваць адносіны з мужчынам.

Інтуітыўна жанчыны выбіраюць мужа, які нечым нагадвае бацьку. Пад­свядома яна будзе шукаць зносіны, якія паўтараюць зносіны таты і мамы. Дзяўчынкі, што раслі без бацькі, будуць патрабаваць ад абраннікаў асаблівых патрабаванняў, не размяжоўваюць сямейныя ролі і інакш ацэньваюць, што такое каханне.

Небяспечна і празмерна песціць дачку, пастаянна даючы падарункі і салодкае. У такім выпадку дзяўчынка можа пачаць успрымаць тату як свайго мужчыну і агрэсіўна настроіцца на маму. Лепш наладзіць мякка-настойлівыя паводзіны, з умеранай строгасцю. А “рамантычную” мадэль паводзінаў лепш перанесці на яе маму.

Вельмі важна, каб бацька выхоўваў у дачкі цікаўнасць. Менавіта бацька знаёміць дзяўчынку з тым, што яшчэ невядома. Разам чытаць казкі, маляваць, слухаць музыку, гуляць, хадзіць на экскурсіі − самыя разнастайныя заняткі садзейнічаюць таму, каб бацька распавядаў пра штосьці новае.

Чым больш дарослае дзіця, тым больш важная роля бацькі. Для добрых адносінаў з сынам ці дачкой важныя шчырая зацікаўленасць усім, што робіць дзіця, адкрытасць, актыўны ўдзел у яго жыцці. Гэта зробіць вас сябрамі. Нашмат важней не дарагія падарункі ці паездкі, а штодзённыя праявы асобы бацькі.

Клапатлівыя тата і мама, якія моцна любяць сваё дзіця, − аснова для развіцця гарманічнай асобы.

Са святам, дарагія таты!