У рэдакцыю звярнуўся чытач, які расказаў пра тое, што ля яго дома па Вялікім Гасцінцы, непадалёк ад гарадской стаматалогіі, знік газетны кіёск.

– Я пайшоў да кіёска набыць газету, гляджу, а кіёска няма. Калі яго прыбралі і, галоўнае, навошта? Было зручна, блізка ад дому.
Кіёск ля стаматалагічнай паліклінікі не адзіны, які ў апошні час прыбралі з вуліц горада.
– Чаму прыбралі кіёскі? – з такім пытаннем “РГ” звярнулася да начальніцы маладзечанскага аддзялення “Мінаблсаюздруку” Ядвігі Чаеўскай:
– Тое, што мы прыбралі кіёск ля стаматалогіі – гэта нармальна. Мяркуйце самі. Не так далёка ёсць кіёск на прыпынку ля гандлёвага цэнтра “Тройка”, калі ісці ў другі бок – ёсць кіёск ля гандлёвага цэнтра “Космас”.

Каб кіёск быў прыбытковым, таваразварот у месяц павінны быць не меней за 100 мільёнаў рублёў. У гэтым жа кіёску ледзьве набіралася 44 мільёны.

А заробак прадаўца складае 6% ад гэтай сумы. Атрымоўваецца, што ў нас людзі зарабляюць па два і два з паловай мільёны. Хто ж захоча працаваць за такія грошы?
Мы ж гандлюем “гарачымі піражкамі”. Калі сёння газету не купілі, заўтра ўжо народу трэба свяжэйшая прэса. Таму і таваразварот адсутнічае.
А кіёск ля “Белтэлекама” быў побач з поштай. Нягледзячы на тое, што мы прадаём шмат суправаджальнага тавару, усё ж гараджане ў кіёск найперш прыходзяць, каб набыць свежую прэсу.
– Ці знікнуць яшчэ кіёскі?
– Не, не і не. Ніякіх радыкальных мер мы прадпрымаць не будзем. Гэтыя два кіёскі не зніклі, мы іх перанеслі. Адзін да чыгуначнага вакзала, другі – да дзіцячай паліклінікі. У Маладзечне як працавалі, так і будуць працаваць 18 кіёскаў “Мінаблсаюздруку”.