Музей традыцыйнай культуры і побыту ў Плябані стане адкрыццём для тых, хто хоча даведацца больш пра набыткі гэтай мясцовасці на Маладзечаншчыне.
Да кожнага традыцыйнага беларускага свята музей рыхтуе адмысловую праграму. Асаблівае захапленне выклікаюць гэтыя святы ў гарадскіх дзяцей. Ахвотнікі могуць паўдзельнічаць у фальклорнай вандроўцы па беларускіх святах і абрадах.
Работнікі музея плануюць адкрыць новую залу традыцыйнага беларускага побыту.
− Будзем рады, калі хтосьці з чытачоў далучыцца да нашай справы і перадасць музею штосьці са старадаўніх рэчаў, − папрасіла мастацкі кіраўнік музея Любоў Шчэрбач.
У пакоях музея размешчана шмат карцін мастакоў менавіта з Маладзечаншчыны: Кастуся Харашэвіча, Сяргея Крука, Рыгора Мяжуева, Васіля Козака, Яўгена Рагуновіча, Аляксандра Пашкевіча, Вольгі Сарокі, Уладзіміра Тамашэвіча, Васіля Таркана, Розы Панфілавай. Усе работы вельмі розныя, але кожная − нібы адкрыццё, як можна ўбачыць навакольнае па-мастакоўску.
У адным з пакояў месцяцца разнастайныя вырабы мясцовых майстроў і мастакоў: кубкі, гаршкі, лялькі, кошычкі, упрыгожванні, вырабы з бісеру.
− Будынак вельмі старажытны, − распавядае Любоў Шчэрбач. −
Да вайны гэта быў дом ксяндза, які служыў пры касцёле. Дарэчы, будынак касцёла стаіць і цяпер праз дарогу ад музея, але ён ужо ператвораны ў царкву. Падчас Вялікай Айчыннай вайны ў доме ксяндза быў шпіталь. Пасля размясцілі школу, якая працавала да 1995 года. Потым – мастацкую галерэю, а сёлета мы набылі статус Музея традыцыйнай культуры і побыту.
Мясцовы паўстанец 1863 года
Асобная экспазіцыя прысвечаная паўстанцу Юльяну Бакшанскаму, кіраўніку атрада паўстання Кастуся Каліноўскага. Ён верыў у дэмакратычную рэспубліку і самавызначэнне народаў былой Рэчы Паспалітай, хацеў, каб зямлю перадалі сялянам.
Яго атрад дзейнічаў на тэрыторыі цяперашняга Маладзечанскага і Вілейскага раёнаў.
4 мая 1863 года яго атрад трапіў у засаду да рускіх, якіх было нашмат больш. У бітве каля вёсак Плябань і Свечкі загінулі амаль усе, у тым ліку і Бакшанскі. На месцы іх гераічнай гібелі паставілі крыж і помнік.
Самую прыгожую вышыванку падарыла доктарцы
Выстава народнай майстрыхі Ганны Самаль цяпер працуе ў плябанскім музеі.
Тут пад выставу Ганны Уладзіміраўны адвялі цэлую залу. Столькі работ у майстрыхі! І абрусы, і сурвэткі, і ручнікі. Кожны ўзор на вырабе непаўторны, адметны.
Вышыванка Ганны Самаль
– За які час вы вышылі столькі ручнікоў і абрусаў?
– Як на пенсію пайшла, часу вольнага стала шмат, вось і пачала вышываць. Гадоў 20 ужо вышываю. Цяпер мне 77 год ідзе. Ды ў музеі толькі невялічкая частка маіх работ. Колькі я раздарыла! Колькі ручнікоў на вяселлі рабіла.
– Дзе вы бераце сюжэты для сваіх работ?
– Ну, цяпер гэта не праблема. Столькі кніжак прадаецца. Вышывай – не хачу. Шмат у маіх работах традыцыйнай, беларускай вышыванкі. Але многія ўзоры я выдумваю сама. Я ж мастак у душы.
– Ці ёсць сярод вашых работ самая любімая?
– Быў адзін абрус з вышытымі васількамі. Вельмі ўдала атрымалася, кветкі па краях быццам жывыя, такі колер насычаны. Я гэты абрус падарыла нашай доктарцы. А цяпер нават і не ведаю, усе любімыя, ва ўсе душу ўкладаеш.
Вышыванка Ганны Самаль
– Вы самі праводзіце эскурсіі па сваёй выставе?
– Такая прапанова ад супрацоўнікаў музея была, толькі мне пакуль няма часу. Але я абавязкова і з задавальненнем раскажу дзеткам, што будуць наведваць музей, і пра вышыўку, і пра ўзоры.
Плябанскі музей чакае сваіх наведнікаў з серады па нядзелю з 10:00 да 18:30.