Педагог музкаледжа імя Агінскага мая мама Тамара Абрамовіч святкуе 55 год, яна поўная актыўнасці і любові да мастацтва.

У маёй матулі набліжаецца юбілей. “Двойчы выдатніца”, − жартуе яна пра свой узрост. Хаця актыўнасці ў яе, здаецца, толькі большае з кожным годам. Яе выхаванцы сёлета перамаглі ў конкурсе дзіцячай творчасці “Капітошка”, вучаніца Лера Лук’яновіч стала лаўрэатам конкурсу “Мінута славы”. Мама танцуе, спявае ў хоры, друкуе артыкулы ў “РГ”. А ў вольны час плавае ў басейне, піша вершы, складае песні.

Яе творчая дзейнасць пачалася ў Шаркаўшчызне, дзе працавала па размеркаванні пасля маладзечанскага музвучылішча. За два гады арганізавала канцэртную групу, з якой давалі канцэрты па ўсім раёне.

Кіравала хорам прадпрыемства, потым трыа, у якім сама спявала. Гэтыя калектывы былі лаўрэатамі і пераможцамі абласнога песеннага фестывалю ў Віцебску.

Пазней яна пачала працаваць у Маладзечне. Прыйшла ў народны ансамбль “Спадчына”, у якім удзельнічала больш за 10 год. Цяпер яна таксама танцуе, але ў ансамблі “Адпачынак”.

У музычным каледжы яна адпрацавала 38 год. Заўсёды ўдзельнічала ў шматлікіх конкурсах і амаль заўсёды перамагала. Не стамлялася ўдзель­нічаць у падрыхтоўцы канцэртаў, якія пасля праходзілі ў поўнай зале.

Юбілярка блізка да сэрца прымае перажыванні дзяцей, якіх выхоўваюць у маладзечанскім прытулку. Летась яна арганізавала фестываль сярод дзяцей-сірот і дзяцей са шматдзетных сямей “Падзяліся ўсмешкаю сваёй”.

Такая яна, мая мама. Я ёй ганаруся і мару быць падобнай на яе.