Пракуратура Вілейскага раёна правяла маніторынг дзіцячых дваровых пляцовак у горадзе.

Па выніках праверкі, Вілейская ЖКГ не стварыла належным чынам бяспечныя ўмовы для жыцця і здароўя непаўналетніх на пляцоўках.

Гаспадар тэрыторыі, якая прылягае да будынка, мусіць падтрымліваць у тэхнічна спраўным стане гульнявыя і малыя архітэктурныя формы на ёй: рамантаваць, фарбаваць іх. Патрабаванне паводле Тэхнічнага кодэкса “Тэхнічная эксплуатацыя жылых і грамадскіх пабудоў. Парадак правядзення”.

На арэлях-маятніках у двары дома №45 па вуліцы 1 Мая няма сядзенняў. Паламаныя арэлі ў двары дома №9 па вуліцы Гагарына. Металічная горка ў двары дома №72 па вуліцы Чапаева заржавела, з дзюркамі. У двары дома №72 па вуліцы Валынца зламаныя сядзенні арэляў-маятнікаў, паламаныя іншыя арэлі. Горка ў гэтым двары мае прагіб з завостранымі канцамі. Усе гэтыя пляцоўкі не пафарбаваныя.
Такі стан малых архітэктурных формаў на гульнявых пляцоўках не дазваляе іх выкарыстоўваць – можна нашко­дзіць здароўю дзяцей і траўмаваць непаўналетніх.

Паводле Закона “Аб правах дзіцяці”, кожнае дзіця мае неад’емнае права на ахову і ўмацаванне здароўя.

Вілейская ЖКГ не прыняла ўсе меры па абароне правоў непаўналетніх. Названыя парушэнні могуць істотна нашкодзіць. У ЖКГ унеслі прадпісанне: выправіць парушэнні, адрамантаваўшы гульнявыя пабудовы.

Такія ж парушэнні заканадаўства і нядбайнасць службовых асоб прывялі да няшчасця ў Маладзечанскім раёне ў 2009 годзе. Дзяўчынка, вучаніца школы, спускалася з металічнай горкі і атрымала пашкоджанні − ампутацыя фалангі пальца.

Пракуратура Вілейскага раёна сочыць, ці выконваюць адказныя службовыя асобы заканадаўства па прафілактыцы траўматызму і гібелі дзяцей.