Як купіць тэлевізар і не расчаравацца, а таксама да чаго быць гатовым, набываючы тэхніку?

У рэдакцыю “РГ” напісаў ліст чытач Э. А. Хархалёў. Ён падзяліўся сваім досведам, як купіў тэлевізар, і папрасіў адказаць на некаторыя пытанні. Парады дае спецыяліст па рамонце тэлевізараў прадпрымальнік з Маладзе­чна Сяргей.

− Калі вы купляеце тэлевізар, улічвайце, што большасць з іх рана ці позна паломіцца. Ніякі вытворца тэхнікі не зацікаўлены, каб яго прадукцыя працавала доўга.

Адназначна не раю набываць самыя новыя і наварочаныя мадэлі. Часта яны недапрацаваныя. Многімі функцыямі пакупнік наўрад ці будзе карыстацца, а заплаціць за іх добрыя грошы.

Перад тым як набываць тэлевізар, прыкіньце, колькі гатовыя заплаціць. Пачытайце водгукі на пэўныя мадэлі ў інтэрнэце ці абмяркуйце са знаёмымі, якія нядаўна куплялі тэлевізар.
Тэхніку якой бы фірмы ні набывалі, большасць дэталяў робяць у Кітаі. Таму купіць тэлевізар − гэта як згуляць у латарэю. Будзьце гатовыя, што тэхніка дасць збой. Добра падумайце, ці варта набываць дарагі прадукт.

Калі набываеце тэлевізар у краме, будзьце пільныя і правярайце ўсё самі. Прасіце, каб  падключылі яго да антэны і паказалі, як будзе выглядаць выява ў вас дома. У крамах жа звычайна ўстаўляюць флэшку, на якой запісаныя рэкламныя карцінкі вельмі добрай якасці. У вас дома выява будзе рэальнай, і вы расчаруецеся ў пакупцы.

Перад пакупкай падумайце, як будзеце выкарыстоўваць тэлевізар. Ці патрэбны вам інтэрнэт? Гэта асабліва актуальна для больш сталых лю­дзей, якім лепш выбіраць самы просты тэлевізар. Многім спажыўцам варта запрасіць майстра, каб настроіў каналы.

Многія набываюць тэхніку праз інтэрнэт-краму. З цягам часу тэлевізар давядзецца рамантаваць, таму паду­майце, як вы будзеце рамантаваць яго па гарантыі.

Што тычыцца прыставак – так, цяпер у нас састарэлыя стандарты, якія будуць мяняцца, хутка пяройдзем на DVB-T2. Наогул, стандарты мяняюцца часта. Таму, выбіраючы прыстаўку, улічвайце гэта і звяртайце ўвагу на тыя, што падтрымліваюць некалькі стандартаў.

Чытайце на гэтую тэму: Як я купляў тэлевізар