Улада замагаецца за парадак на зямлі.

Навесці парадак на зямлі і добраўпарадкаваць яе –  гэту задачу кіраўніцтва раёна лічыць адной з прыярытэтных.

Добраўпарадкаванню была прысвечаная выязная сесія Савета дэпутатаў, якая адбылася 19 чэрвеня.

Дэпутаты разам з кіраўнікамі аддзелаў райвыканкама аб’ехалі ўсходнюю частку раёна. На мяжы сельсаветаў удзель­нікаў сустракалі старшыні сельвыканкамаў і распавядалі пра сваю тэрыторыю. Старшыня Маладзечанскага райвыканкама Аляксандр Яхнавец асабліва ўважліва сачыў, ці абкошаная трава ўздоўж дарог:

− Мы цяпер едзем па рэспубліканскай трасе, трава абкошаная да пасеваў. Так павінна быць на ўсіх дарогах. Нараканне выклікае работа сельвыканкамаў з насельніцтвам. Трэба працаваць больш цесна. Калі жыхары не хочуць ўдзельнічаць у навя­дзенні парадку − ёсць службы, якія павінны прыцягваць вінаватых да адказнасці, штрафаваць.

Ад пачатку года склалі 298 пратаколаў аб адміністрацыйных правапарушэннях за тое, што не садзейнічалі добраўпарадкаванню. Сума накладзеных штрафаў − каля 200 мільёнаў рублёў.

У Красненскім сельсавеце шукаюць сродкі, каб добраўпарадкаваць возера на ўездзе ў мястэчка. Яно, на думку старшыні сельвыканкама Валянціны Кісель, магло б стаць добрым месцам для ўрачыстай рэгістрацыі шлюбаў, месцам сямейнага адпачынку.

Вёскі чакаюць газу

Тры вёскі сельсавета − Плябань, Красоўшчына і Ласі − чакаюць газіфікацыі, якая павінна прайсці у бліжэйшыя гады. Не так даўно правялі газ у вёску Уша. Калі раней дамы ў вёсцы каштавалі 5-6 тысяч долараў, то цяпер − не ніжэй за 25 тысяч.

Алёхнавічы сталі першым аграгарадком на Маладзечаншчыне. Але і там ёсць праблемы. У дзіцячым садку выхоўваецца 95 дзяцей. Ёсць яшчэ ахвотныя наведваць  сад, але ўстанове, каб прыняць больш дзяцей, патрэбны рамонт.
У Радашкавічах чакаюць, калі дабудуюць універмаг.

Алёхнавіцкая птушкафабрыка да канца года плануе выпусціць мяса птушкі на 80 мільярдаў рублёў.

Чысцінскі сельсавет самы буйны ў раёне. Тут нетыповая для сучаснай Беларусі дэмаграфічная сітуацыя: нараджальнасць перавышае смяротнасць прыкладна на 70%. У  школе вучыцца больш за 800 вучняў.

У Чысці шмат дзяцей, і фізкультурна-аздараўленчыя збудаванні тут запатрабаваныя. У школе адкрыты новы басейн, на стадыёне − футбольнае поле са штучным пакрыццём.

− Гэта самае найлепшае пакрыццё, якое імітуе зялёную траву. Падыдзіце, паскачыце, − запрашаў дэпутатаў намеснік старшыні Мала­дзечанскага райвыканкама Юры Байтаз.

Дачнікі вязуць смецце з Мінска?

Падчас сесіі начальнік Маладзечанскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Уладзіслаў Чарноў распавёў:
− Устаноўлены адзіны санітарны дзень для навядзення парадку − чацвер. Істотныя плошчы сельскагаспадарчых угоддзяў не выкарыстоўваюць. Асабліва недарэчна, што не выкарыстоўваюць землі на мяжы з Мінскім раёнам, якія маюць высокую рынкавую цану.

Аляксандр Яхнавец абурыўся тым, што не вырашаецца праблема смецця ў дачных кааператывах:

− Такое адчуванне, што ў Мінску няма куды выкідаць смецце і яго вязуць сюды. Учора бачыў, што нехта ложак выкінуў. Стаяць прыгожыя смеццевыя кантэйнеры. На некаторых нават напісана “смецце не выкідаць”. І скідаюць смецце каля прыпынку. Парадак у нас там будзе!

Адзін з дэпутатаў паскардзіўся, што на вакзале ахвотныя набываюць піва, але пакой, дзе ёсць месцы для сядзення і дзе можна яго выпіць, зачынены.

Таму людзі п’юць проста на Прывакзальнай плошчы, а пасля ўсё загаджана кубачкамі і бутэлькамі. Адна з прапаноў у адказ − паставіць каля піўной кантэйнеры, якія будуць умяшчаць больш смецця.

500 тон на перапрацоўку

− Асобныя ўчасткі мы сёлета касілі ўжо сёмы раз, − распавёў дырэктар “Камунальніка” Мікалай Наздрын-Платніцкі. − Гэта вялізныя затраты. У дзень на касьбу можа пайсці 90 літраў 92-га бензіну. На азеляненне сёлета пайшло больш за мільярд рублёў. Некаторыя прадпрыемствы самі вывозяць смецце на палігоны. Яны хітруюць: знізу кладуць другасную сыравіну, а зверху − дазволеныя адходы. Потым эколагі скардзяцца, што на палігоне шмат другаснай сыравіны. На пунктах прыёму гэтай сыравіны бываюць дні, калі прымаюць тры тоны шкла. За пяць месяцаў наша прадпрыемства здало на перапрацоўку 583 тоны другасных рэсурсаў.