Сустрэча-дыспут з мовазнаўцам Вінцуком Вячоркам адбылася 24 чэрвеня ў Маладзечне.

Тэма сустрэчы гучала так: “Права на мову”.
У пачатку Вінцук Вячорка прывёў статыстыку паводле перапісу насельніцтва, колькі лю­дзей лічаць беларускую мову роднай.

Калі ў 1999 годзе роднай беларускую мову назвалі 85% людзей, то праз 10 гадоў, згодна з перапісам 2009 года, – толькі 60%.

– Гэта беспрэцэдэнтная сітуацыя. Ні ў адной краіне свету такога не было, – патлумачыў спадар Вінцук. – Адбылося такое з-за таго, што беларусы проста прыстасаваліся да сітуацыі, якая склалася ў рускамоўным грамадстве.

Дзеці, што навучаюцца па-беларуску ў школе (іх 18%) далей не могуць выкарыстоўваць сваё валоданне мовай, таму што ў ВНУ колькасць студэнтаў, якія навучаюцца па-беларуску, складае 0,9%.

Вінцук Вячорка разыгрывае сітуацыю ў натарыўса: калі вам адмаўляюцца адказваць па-беларуску, смела прасіце кнігу скаргаў.

Вінцук Вячорка разыгрывае сітуацыю ў натарыўса: калі вам адмаўляюцца адказваць па-беларуску, смела прасіце кнігу скаргаў.

На якой мове пытаецеся, на такой мусяць адказваць

Кожны можа адстойваць сваё права на мову. У любой дзяржаўнай установе вам павінны адказаць на той мове, на якой вы звяртаецеся. Хочаце пасведчанне кіроўцы па-беларуску – калі ласка, дастаткова толькі напісаць адпаведную заяву.
– Самая галоўная хіба беларускага заканадаўства ў тым, што ў нас адна мова выключае іншую. У заканадаўстве прапісана, што дакументацыя павінна весціся на рускай АБО беларускай мове. У іншых жа краінах, дзе таксама дзве дзяржаўныя мовы, у заканадаўстве  напісана так: дакументацыя павінна весціся на абе­дзвюх мовах. Такая сітуацыя ў Фінляндыі: вядуць заканадаўства на фінскай І шведскай мовах. Разумееце, што розніца паміж злучнікамі І і АБО значная.
Другая частка сустрэчы-дыспута была прысвечаная пытанням, якія задавалі прысутныя.
Адно з пытанняў тычылася таго, куды звяртацца бацькам, якія хочуць, каб іх дзіця навучалася па-беларуску.
– Нам у аддзеле адукацыі сказалі, каб мы адпраўлялі дзіця вучыцца ў Выверы. А што калі мы хочам, каб дзіця вучылася ў горадзе? Няўжо так цяжка зрабіць у якой-небудзь адной школе беларускамоўны клас? – задалі наперабой пытанне муж з жонкай, што прысутнічалі на сустрэчы.
Вінцук Вячорка не даў адказу адразу, але паабяцаў паспрабаваць дапамагчы.

Маленькія перамогі ратуюць мову

  На сустрэчы з Вінцуком Вячоркам

На сустрэчы з Вінцуком Вячоркам

На пытанне, на якой мове павінны адказаць у ЖЭКу на запыт па-беларуску, адказ Вінцука быў, вядома, адназначны:
– Канешне, па-беларуску. Прывяду прыклад са свайго досведу. Калі мне падключалі інтэрнэт, спецыяліст запытаўся ў мяне: “Як ваша прозвішча напісаць па-руску?” Я шчыра адказаў, што не ведаю. Таму што па-беларуску яно гучыць зразумела – Вячорка. А па-руску мае ажно 12 варыянтаў напісання. І я папрасіў пісаць сваё імя толькі па-беларуску. Так да мяне і прыходзяць цэтлікі на аплату інтэрнэта: бланк на рускай мове, а імя і прозвішча на беларускай. Вось такая маленькая перамога.
Яшчэ адно пытанне было ад дзяўчыны, у якой у пашпарце тры месцы рэгістрацыі: спачатку гэта была вуліца Будаўнікоў, потым “Строителей”, урэшце стала называцца “Будавников”.
– Згодна з законам аб геаграфічных назвах, – адказвае Вінцук, – назвы вуліц павінны давацца на беларускай мове, а потым транслітаравацца. Так што не перажывайце, назва вашай вуліцы хоць па-расейску, але зусім не расейская.
Фінал размовы Вінцук Вячорка закончыў па-філасофску і абна­дзейваючы:
– Беларуская мова –  яна жывучая. Выбралася з саветчыны, выберацца і з сённяшняй сітуацыі.