У Камарове на Мядзельшчыне 21 чэрвеня прайшла выстава-кірмаш народных рамёстваў і промыслаў «Камарова — кола дзён».

Свята гэта стала для вёскі традыцыйным – адбывалася ў дзявяты раз.

Традыцыйна размясціліся майстры ў былым графскім парку. Тут сабраліся разьбяры, ганчары, майстры выцінанкі, умельцы ствараць прыгожыя рэчы і з бязважкай саломкі, і з трывалага жалеза…

– На свята прыехалі майстры не толькі з Мядзельшчыны і суседніх Пастаўшчыны, Смаргоні і Астраўца, а і з Полацка, Валожына, Гродна, Оршы, Маладзечна, Слоніма, Міра, Браслава, Магілёва, Мінскага раёна, – расказала бухгалтар цэнтра развіцця сельскага прадпрымальніцтва «Камарова» Наталля Нагорная. – На свяце паказалі свае вырабы таксама пастаяльцы, якія жывуць у Свірскім доме-інтэрнаце для псіханеўралагічных хворых. Вырабы майстры паказалі разнастайныя. Напрыклад, з Івацэвічаў прывезлі прыгожыя рэчы з дрэва: арэлі, сталы, шэзлонгі, млын. І адзенне з беларускага лёну можна было набыць.

Многія майстры прыязджаюць на свята пастаянна. Вось як майстар Раман Шаша з Крывічоў:

– Разам з іншымі крывіцкімі майстрамі едзем сюды не толькі сябе паказаць, але і на іншых паглядзець. На свята прыязджаюць розныя майстры, у якіх свае цікавыя накірункі працы. Так што, для нас гэта як агляд мноства відаў рамёстваў, – падзяліўся ён. – Ды і забаўляльная праграма на свяце добрая, цікава паглядзець.

Майстар-клас ад Сяргея Шчэрбы

Майстар-клас ад Сяргея Шчэрбы

Як заўсёды, шмат людзей спынялася ля ганчара з Пастаўшчыны Сяргея Шчэрбы: паназіраць, як з кавалка гліны залатыя рукі майстра імкліва ствараюць прыгожыя вырабы. Самыя смелыя маглі паспрабаваць свае сілы і зрабіць гарлачык ці талерачку – асабліва стараліся дзеці. Не хавалі свае сакрэты і іншыя майстры: шчодра дзяліліся імі падчас майстар-класаў.

На кірмашы, апроч звыклых шашлыкоў і бліноў, прадавалі вясковыя пачастункі: мёд і сыр. Клінковы сыр уласнай вытворчасці разышоўся умомант.

У канцэртнай праграме выступілі артысты з Мядзельшчыны. Было шмат забаў для дзяцей, конкурсы з прызамі. Упершыню на свяце наладзілі катанне на кані.

А ўвечары жыхароў вёскі і самых цярплівых гасцей чакала фаер-шоу – артысты з Мінска на дваццаць хвілін яркім вогненным шоу расквецілі вечаровае Камарова.