Дырэктар Маладзечанскага міжраённага аддзялення “Мінаблсаюздруку” Ядвіга Чаеўская распавяла “Рэгіянальнай газеце” пра самых удзячных пакупнікоў, адзінага мужчыну-кіяскёра і пра тое, калі разам з газетай можна будзе набыць… ровар.
– Мы на месцы не сядзім, кожны раз прыдумваем нешта новае, каб пазнаёміць пакупнікоў з нашай прадукцыяй, з намі. На фестывалі “Маладзечна-2014” газеты прадавала… Снягурачка. Мы вырашылі, што дзяўчына ў белым футры летам абавязкова прыцягне ўвагу пакупнікоў. Да таго ж, гэтай акцыяй мы хацелі паказаць, што з гэтага лета нашы пакупнікі ў кіёсках “Мінаблсаюздруку” змогуць набыць не толькі газеты, але і марожанае, вадзічку, квас, – распавядае спадарыня Ядвіга.
– Акцыя на фестывалі была аднаразовая ці і ў будучым плануеце здзіўляць пакупнікоў?
– Мы пастаянна знаходзімся ў пошуку. Разам з цэнтрам дзіцячай творчасці “Расток” праводзім акцыі для самых удзячных чытачоў. Як вы разумееце, гэта дзеткі. Палац культуры таксама заўсёды адгукаецца на нашы ініцыятывы. Так што, мяркую, “Мінаблсаюздрук” яшчэ не раз здзівіць маладзечанцаў.
Каву пакуль не прадаём, а ровары – калі ласка
– Гледзячы на наш клімат, не ўзнікала жадання пачаць у кіёсках прадаваць каву? Мяркую, шмат людзей з задавальненнем выпілі б кубачак кавы ў чаканні аўтобуса на прыпынку?
– Мы гаварылі пра гэта з нашым кіраўніцтвам у Мінску, але пакуль пытання не вырашылі, хаця ў Барысаве такая паслуга ўжо існуе. Мне таксама здаецца, што было б цудоўна мець магчымасць папіць гарачай кавы. Але хутка ў нашых крамах можна будзе набыць ровар. Самі бачылі, што месца ў кіёсках у нас мала нават для газет, таму ровары будуць прадавацца толькі ў нашым магазіне “Прэса-маркет”. У кіёсках жа можна будзе заказаць ровар па каталогу.
– Што яшчэ, акрамя газет, вы прапаноўваеце пакупнікам?
– Ну, па-першае, толькі адных друкаваных выданняў у нас больш за 700 найменняў, шмат спадарожнага тавару. У нашых кіёсках можна набыць кераміку, якую вырабляюць у сумнавядомым Славянску. Вялікім попытам карыстаюцца кнігі, сувеніры, лялькі, трыкатаж.
Жадаеце кнігу – прыходзьце і заказвайце
– У нас ёсць пастаянныя чытачы, для якіх ужо даўно выпрацаваўся своеасаблівы рытуал: кожны тыдзень яны прыходзяць у кіёскі і магазін і набываюць газеты да снядання.
У нашых чытачоў ёсць магчымасць прыходзіць і заказваць у кіёску кнігі на свой густ. Заўсёды адгукаемся на просьбы чытачоў прывезці гістарычную літаратуру, энцыклапедычныя даведнікі. З чытачамі мы ў футбол не гуляем. Ніколі не адфутболім чытача, які звярнуўся да нас з просьбай, праблемай ці па дапамогу. Ведаеце, у нас у Кнізе скаргаў няма ніводнай заўвагі, таму што я і мае супрацоўнікі заўсёды размаўляюць з пакупнікамі.
– У вас калектыў пераважна жаночы?
– У нашай вялікай сям’і працуе толькі адзін хлопец-кіяскёр – Ілля Санько. Але ён вельмі сур’ёзны, адказны. Цяпер паехаў здаваць сесію і пакуль не ведае, што мы яго кіёск перанеслі ад стаматалогіі на вакзал. Так што будзе сюрпрыз.
– Не баіцеся, што ў эпоху інтэрнэта кіёскі з газетамі хутка прыйдуць у заняпад?
– Я адкажу вам радкамі з фільма “Масква слязам не верыць”: “Праз 20 гадоў нічога не будзе, адно суцэльнае тэлебачанне”. А прайшло і 20, і яшчэ 20 год, а жыве і тэатр, і кіно, і газеты, і часопісы. Ёсць рэчы, якія інтэрнэту замяніць не па сілах: той жа пах толькі што надрукаванай старонкі. А часопісы для дзетак, хіба інтэрнэт можа спаборнічаць з такімі выданнямі, якія спецыяльна друкуюць, абапіраючыся на ўзрост дзіцяці? А кніжкі? Яны ж грэюць душу.
– Пры ўсёй вашай загружанасці, ці можаце вы назваць сваю працу творчай?
– Любая праца творчая. Галоўнае, каб была іскра. Кажуць, што шчаслівы чалавек той, хто спяшаецца і на работу, і дадому.
– Вы пра сябе можаце сказаць, што вы шчаслівы чалавек?
– Я скажу так: я проста люблю сваю работу. Мне цікава працаваць з людзьмі і дарыць ім шчасце. Ну ці не шчасце набыць любімую газету, каб прачытаць яе з раніцы або перад сном? Або ўслых сваім родным і блізкім?