Ад 16 па 20 чэрвеня шэсць навучэнцаў з Вілейшчыны прынялі ўдзел у трэцяй Рэспубліканскай летняй адукацыйнай школе для вучнёўскай моладзі “Асновы арганізацыі і правядзення навуковых даследаванняў – 2014”.

Працавала яна на базе Цэнтра моладзевых інавацый Мінскага гарадскога тэхнапарку, паведаміла дырэктар Вілейскага раённага цэнтра дадатковай адукацыі дзяцей і моладзі Жанна Скуратовіч.

У летняй школе адпачывалі і займаліся шэсць навучэнцаў – з Вілейскай гімназіі №2 і сярэдняй школы №1 Вілейкі: Анастасія Ахрэм, Ангеліна Лазар, Маргарыта Рыжанкова, Алена Саўчыц, Марк Іваненка, Данііл Каган.

Яны прынялі ўдзел у двух накірунках: гуманітарныя навукі і медыцына, хімія, біялогія.

Для ўдзельнікаў арганізавалі экскурсіі ў лабараторыі і навуковыя арганізацыі Нацыянальнай акадэміі навук Беларусі,  Цэнтральны батанічны сад, Нацыянальную бібліятэку, у музеі і галерэі Мінска, а таксама лекцыі, адукацыйныя семінары, трэнінгі, сустрэчы з навукоўцамі.

Удзельнікі падрыхтавалі выпускны праект і абаранялі яго на канферэнцыі.