Урачыстасці Маці Божай Будслаўскай прайшлі 4 і 5 ліпеня. За два дні Будслаў наведалі каля 25 тысяч пілігрымаў, паведамляе прэс-служба Канферэнцыі Каталіцкіх Біскупаў Беларусі.

З іх пешшу ў Будслаў прыйшлі больш за дзве з паловай тысячы пілігрымаў. Напрыклад, у пілігрымцы з Маладзечна было 383 асобы, Ракава – 95, Вілейкі – 105, Нарачы – 223, Гудагая – 130 і са Смаргоні – 170 асоб. Разам з пілігрымамі з Маладзечна ішоў Апостальскі Нунцый у Беларусі арцыбіскуп Клаўдыё Гуджэроцці.

Былі пілігрымкі з Мінска і Віцебска, Полацка і Глыбокага, Браслава і Мёраў, Варапаева.

Самая вялікая па колькасці ўдзельнікаў была пілігрымка з Баранавічаў – больш за 400 чалавек. Сваю пілігрымку з васьмі асоб зладзілі для людзей з абмежаванымі магчымасцямі з Лёзна.

Таксама ў Будслаў прыехалі дзве роварныя пілігрымкі. З пілігрымкай Мінска па традыцыі прыбыў аматар роварных падарожжаў Мітрапаліт Мінска-Магілёўскі арцыбіскуп Тадэвуш Кандрусевіч, які ўдзельнічаў і ў выездзе пілігрымаў са сталіцы. Традыцыйнай была пілігрымка байкераў з Польшчы.

Самаму маленькаму пілігрыму толькі 2 месяцы – гэта Мацвей Шаршунс з Ракава, паведамляе catholic.by.

Знакавай падзеяй для сёлетніх урачыстасцяў у Будславе было ўнясенне крыжа і абраза Сусветнага дня моладзі, якое здзейснілі ўдзельнікі пілігрымкі “Мінск-Будслаў” 4 ліпеня.

Фэст завяршыўся 5 ліпеня ўрачыстай імшой.