Маладзечанец Канстанцін Капсунаў, ветэран Вялікай Айчыннай вайны, вызваліцель горада, у якім пасяліўся пасля вайны, распавёў “Рэгіянальнай газеце” пра тое, чым жыве сёння, і пра тыя сляды, што пакінула ў яго жыцці вайна.

– Мы ў той час праходзілі па 50 кіламетраў штодзень. Два дні ідзём, 100 кіламетраў праходзім, дзень адпачываем.  Не было калі глядзець па баках. У Маладзечне наш батальён быў толькі сёмага ліпеня, а вызвалілі горад, як вы ведаеце, пятага. У памяці застаўся разбураны горад. Каб я тады ведаў, што пражыву ў Маладзечне ўсё жыццё, можа б, і запамінаў. А так, памятаю, што на месцы першай школы стаяў млын, а на вуліцы Савецкай быў дом, які, здаецца, ёсць і цяпер. А на месцы нядаўняга паста ДАІ танк стаяў разбіты, наш танк Т-34.

Тады, Канстанцін Міхайлавіч, можа пачнём з пачатку? – прапаную свайму суразмоўцу. – Распавядзіце пра тое, як для вас пачалася вайна.

Ну калі спачатку, дык спачатку. Нарадзіўся я ў 1926 годзе, так што сёлета ўжо маю дзве васьмёркі. Мая маці, дачка бурмістра, выйшла замуж за каваля. Жылі мы ў Дуброўне, што ў Віцебскай вобласці.

Калі пачалася вайна, у вёску прыйшлі італьянцы, але мы побач з імі жылі нармальна, харошыя яны былі. А зімой 1943 года ў вёску прыйшлі  немцы, у чорнай форме, з чорнымі павязкамі на рукаве. Злыя, крычалі ўвесь час. А мы з хлопцамі тады ў двары дровы пілавалі. Ну і пытаемся ў італьянца, які нас ахоўваў, хто гэта такія, чаго яны злуюцца. А ён нам піша на снезе лічбу 33 тысячы. І сказаў тады: “Гітлер капут!”. І ціхенька патлумачыў, што гэта пад Сталінградам забілі 33 тысячы немцаў.

Тыя эсэсаўцы, як мы іх паміж сабой называлі, убачылі, што ён напісаў, і пачалі біць і нас, і таго італьянца. А хутка немцы пачалі адступаць.

– Як вы ў армію трапілі?

– Вось так з адступлення немцаў і трапіў. Нас, жыхароў вёскі, немцы перад сабой як жывы шчыт гналі. А я заўважыў, што суседка наша ў кусты нырнула, ну і я, нядоўга думаючы, за ёй. Выйшаў да нашых салдатаў. Папрасіўся дабравольцам, мяне прынялі танкавым кулямётчыкам. Мне ж тады ўжо 18 год споўнілася.

– Ёсць такі верш: хто кажа, што на вайне не страшна, той нічога пра вайну не ведае. Было страшна?

– Не тое слова. Нагледзеўся ўсяго. І бачыў, як некаторыя не вытрымлівалі і збягалі з фронту, як іх за гэта расстрэльвалі свае ж. Бачыў, як пасля бою сядзеў салдат і ад кожнага яго ўздыху з грудной клеткі выцякаў струмень крыві. Гэта я цяпер ведаю, што трэба было зрабіць тугую павязку, каб спыніць кроў, а тады проста глядзелі і чакалі санітараў. Шмат чаго іншыя байцы расказвалі, але камандзіры такія размовы спынялі. “Не трэба сеяць паніку!”– гаварылі яны. Ведаеце, якая тады моцная ідэалогія была? Так і беглі ў атаку з крыкамі: “За Радзіму! За Сталіна!”. Я праз гэтую ідэалогію і атрымаў сваё другое цяжкае раненне.

Фота з архіва Канстанціна Капсунава

Фота з архіва Канстанціна Капсунава

– Другое? Вы былі параненыя некалькі разоў?

– Так. Але бывала, што і шчасціла не раз. Аднойчы быў выпадак, калі я ляжаў у акопе, а акурат нада мной разарвалася міна. Тады ўсе падумалі, што мне канец. А я зрабіў сабе норку пад зямлёй, там ляжаў. Чую нешта заварушылася зверху, ну, вылез паглядзець. А камандзір мне здзіўлена так: “Гляньце, ён яшчэ і вылазіць!”

А вось выпадак, які, як я кажу, адбыўся праз ідэалогію. Мы знаходзіліся ва Усходняй Прусіі. Туды прывезлі нашы “Кацюшы”, ну, мы, раты паразяўляўшы, хадзілі на іх глядзець. І вось 15 жніўня 1944 года пачалося наступленне. Мы ляжалі ў акопах, а гэтыя самыя “Кацюшы” білі праз нас агнём.

Страшна было так, што мы аж зямлю грызлі.

А потым далі загад нам бегчы ў атаку. І амаль адразу непадалёк ад мяне разарвалася першая міна. Мяне тады аглушыла, кантузіла. І вось жа цяпер думаю, трэба было ляжаць ціхенька. Не, дурань, ледзьве падняўся, але бег толькі наперад, разам з усімі. Тады другая міна выбухнула за некалькі крокаў ад мяне, аскепкамі разарвала мне ўвесь правы бок. Нават цяпер у тазе і пад сківіцай сядзяць. Так і не дасталі тады гэтыя аскепкі. Лячыўся я тры з паловай месяцы. Потым мяне прызналі нестраявым.

– Пра перамогу як даведаліся?

– Яшчэ калі мы былі ў Празе, сталі хадзіць сярод ваенных чуткі, што хутка будзе мір. Наш радыст злавіў сігнал, што будзе мір. Але тады ў гэта не верылася. Тут такія баі ішлі, пра які мір гаворка? А пра перамогу даведаліся па дарозе ў Аўстрыю. Ну, гэтай радасці не перадаць словамі.

– Для вас перамога самае важнае свята?

– Так. Раней, калі маладзейшы быў, добра так адзначалі.

Фота Наталлі ТУР

Фота Наталлі ТУР

– Цяпер, праз 70 гадоў, ці засталіся вашы баявыя таварышы, з кім вы падтрымліваеце зносіны?

– Не, цяпер нікога не засталося. Я пасля вайны сябраваў з адным хлопцам. Мы з ім разам у Брандэнбургу былі, куды мяне пасля ранення адправілі машыны рамантаваць. Ён аднойчы ўвечары пабег да немцаў, а назад не вярнуўся. Назаўтра прыйшлі прадстаўнікі асабовага аддзела, спыталіся, дзе мой сябар. Я адказаў, што ў немцаў. Потым, калі яго сын пытаўся ў мяне, як бацька загінуў, я не прызнаўся. Проста сказаў, што ён знік. Пра такое нельга было гаварыць.

– А як свой лёс з Маладзечнам звязалі?

– Паля вайны паступіў я вучыцца ў ветэрынарны тэхнікум, потым у ветэрынарную акадэмію ў Маскве. Адтуль мяне размеркавалі на работу ў Маладзечна. Спачатку на птушкафабрыцы індыкоў лячыў, потым працаваў галоўным ветдоктарам у Відзеўшчыне.  Ажаніўся тут. Жонка доктарам на “хуткай дапамозе” працавала. 40 гадоў жыцці ратавала, а сваю не выратавала. Раптоўна памерла, калі ішла ў агарод. Дваіх дзяцей маю: сына і дачку.

– Як 3 ліпеня адзначаць будзеце?

– Канешне, хачу на плошчу трапіць, на парад. Калі ўнучка на машыне падвязе, абавязкова паеду. А потым буду імкнуцца дажыць да 70-годдзя Перамогі, толькі пра гэта зараз мару. А як яно будзе, хто ведае? Прыйдзе вось страшная цётка з касой і не дзенешся ад яе нікуды. Але дзякуй богу, дажыў да сёння, няма чаго жыццё гнявіць.

Фота Наталлі ТУР

Фота Наталлі ТУР