“Я ўвесь ваш!” – прызнаўся палачанцам дэпутат Мінскага абласнога савета дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатоль Ермаловіч на святкаванні  юбілею вёскі, што адзначаўся 29 чэрвеня.

– Кіроўца, колькі да Палачанаў білет каштуе? Там жа свята ў іх сёння, трэба тупнуць, – пытаецца з раніцы ў прыгарадным аўтобусе  жыхар вёскі Аборак.

Тое, што ў Палачанах свята, бачна яшчэ з дарогі: аўтобус спускаецца з узгорачка, а там, унізе, – рознакаляровыя сцяжкі ўздоўж вуліц, гучыць музыка, мноства машын і людзей.

Пачалося свята з таго, што жыхары кожнай вуліцы падрыхтавалі сваю праграму-прэзентацыю той вуліцы, на якой жывуць.

Ніна Станевіч, старшыня ветэранскай арганізацыі, адна з арганізатараў свята распавяла “Рэгіянальнай газеце”:

– Усе 13 палачанскіх вуліц зрабілі цудоўныя прэзентацыі  сваіх вуліц, таму пераможцаў давялося вызначаць у кожнай намінацыі. Канешне, хочацца назваць усіх, але асабліва мне запомнілася прэзентацыя святочнага стала вуліцы Чыгуначная. У іх на стале ездзіў паравозік. У намінацыі “Незвычайная страва” перамаглі жыхары вуліцы Гагарына. Іх стол упрыгожваў фаршыраваны гусь у генеральскай форме. Адзначылі і пераможцаў у намінацыях “Лепшая нацыянальная страва” (жыхары вуліцы Рэвалюцыйнай гатавалі і ўкраінскія, і татарскія, і казахскія стравы), “Гасціннасць” (вуліца Будаўнікоў) “Вынаходніцтва”, жыхары вуліцы Вакзальнай прадэманстравалі, колькі смачных страваў можна прыгатаваць з крапівы, рэвеню, лебяды. 

Пасля гэтага дружнай талакой жыхары рушылі да Дома культуры, дзе ў чаканні свайго гледача нудзіліся мясцовыя артысты, народныя калектывы з Палачанаў і суседніх вёсак.

Спявачка Кацярына Грыб:

– Канешне, прыйшла павіншаваць жыхароў з Палачанаў, а як іначай?  Такія святы трэба рабіць часцей. Гэта так цудоўна, калі ўся вёска збіраецца разам. Бачыце, пад спевы артыстаў танцуюць і дзеці , і сталыя людзі. Значыць, жыве вёска, рухаецца. Шкада, што толькі вецер моцны і дождж пырскае. Але быў бы настрой!

Для жыхароў вёскі была прыгатаваная не толькі забаўляльная праграма. На свяце павіншавалі і маладую пару, якая толькі ўступіла ў шлюб – гэта сям’я Сяргея і Наталлі Лукоўскіх, і сям’ю Ганны і Міхаіла Казловых, у якіх толькі-толькі нарадзілася немаўлятка і адпаведна самага маленькага жыхара Палачанаў Мікіту Казлова, і шматдзетную сям’ю Івана і Наталлі Усціновічаў, у якіх растуць пяцёра цудоўных дачушак: Алена, Аліна, Улляна, Марыя і Варвара.

Дырэктар Маладзечанскага лясгаса Анатоль Ермаловіч, уручаючы шматдзетнай сям’і ровар, ад пачуццяў, якія перапаўнялі яго, заявіў у голас: “Я ўвесь ваш!”

Не засталіся без увагі і самыя ганаровыя жыхары Палачанаў. Напярэдадні юбілею вёскі свой уласны 100-гадовы  юбілей адзначыла жыхарка вёскі Палачаны Ефрасіння Міхайлава.

Узнагародзілі лепшых гаспадароў і гаспадынь.

Ніна Станевіч папрасіла:

– Калі будзеце пісаць у газету, дайце некалькі радкоў пра Леанілу Гіль. Гэта цудоўная жанчына. Усё жыццё адпрацавала доктарам у Беразінскай бальніцы, выхавала шасцёх дзяцей, цяпер на пенсіі, ае працягвае трымаць чатырох кароў. Яе падвор’е і стала самым лепшым.

Не абышлося свята без традыцыйных гандлёвых радоў.Сям’я Маскалевічаў з Яхімоўшчыны прызналася:

– Якое свята без сувеніраў і падарункаў? Акрамя таго, што можна паслухаць канцэрт, сустрэцца са знаёмымі, абавязкова трэба набыць штосьці на памяць. Мы набылі саламянага дамавічка, каб абараняў дом.