28 чэрвеня святкавалі 70-ю гадавіну вызвалення Раёўкі ад нямецка-фашысцкіх захопнікаў.

Сваімі ўражаннямі ад свята вёскі дзеліцца вядучы рэдактар​​цэнтралізаванай клубнай сістэмы Маладзечанскага раёна Алена Якімовіч:

Я была на двух святах: і ў Палачанах, і ў Раёўцы. Гэта толькі на першы погляд магло здацца, што сцэнары святаў падобныя. У Раёўцы таксама былі ўпрыгожаныя вуліцы, жыхары таксама рыхтавалі прэзентацыі сваіх вуліц. Працавалі гандлёвыя рады, з Маладзечна прыехала бочка з квасам. У гэты дзень таксама віншавалі і маладыя, і шматдзетныя сем’і, і самых сталых жыхароў. Дарэчы, у Раёўцы жыве пара, якія разам ужо 57 год. Гэта сям’я Вацлавы-Ганны і Аляксандра Мацюкоў. Адзначылі падарункамі лепшага гаспадара вёскі, лепшага кветкавода, лепшае падвор’е.

Але была ў святкаванні, на мой погляд, вялікая розніца. Калі ў Палачанах гэта было шумнае, вялікае свята, дзе было мноства гасцей, то ў Раёўцы свята хутчэй нагадвала вялікую сямейную бяседу. Тут бясплатна частавалі юшкай і салдацкай кашай, ладзілі гульні для самых маленькіх вяскоўцаў, каталі на сапраўднай брычцы пачатку стагоддзя. Да мікрафона на сцэне мог падысці любы, хто хацеў павіншаваць сваіх аднавяскоўцаў або выказаць словы падзякі. Жыхарка Раёўкі нават прачытала  верш уласнага сачынення пра сваю родную вёску. Пасля свята засталося ўражанне, быццам я пабыла ў гасцях у сваіх самых блізкіх сваякоў.