Я пазнаёміўся з Гена­дзем Бураўкіным у 1950 годзе. Напачатку гэта было завочнае знаёмства, калі я вучыўся ў 9-м класе Мёрскай сярэдняй школы.

Пасля было і сапраўднае знаёмства, а ў маім архіве захаваўся адзін з ранніх вершаў Бураўкіна, напісаных яго рукой.

Лістапад 1950 года. Я толькі што вярнуўся да сястры Тоні, у якой кватараваў у дзявятым класе Мёрскай сярэдняй школы. Яна мяне сустрэла ўсмешкай:

– Ты, можа, ужо і прачытаў пра сябе ў абласной газеце? – І працягнула свежы нумар полацкай газеты “Бальшавіцкі сцяг”. У ім літаратурны кансультант Алесь Савіцкі ў аглядзе вершаў паэтаў-пачаткоўцаў сказаў, што добрыя надзеі падаюць Г.Бураўкін з Полацка і Б.Манцэвіч з Мёраў.

Так я завочна пазнаёміўся з будучым класікам беларускай літаратуры.

А тады, у 1950-м, захацелася сустрэцца з Генадзем. І такая магчымасць надарылася ў 1954-м, калі ён паступіў на аддзяленне журналістыкі Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта, дзе я займаўся на 3-м курсе.

Да гэтага Бураўкін друкаваўся ў шэрагу газет, а я, змясціўшы свой першы верш у Мёрскай раённай газеце, далей так і не рушыў. А Бураўкін з пачынаючага перайшоў у маладыя, з маладых – у сталыя, са сталых – да класікі.

І вось у першым дзесяцігоддзі 21-га стагоддзя мая ўнучка-журналістка Жэня на сустрэчы з Бураўкіным у Маладзечне перадала прывітанне Генадзю Мікалаевічу ад дзеда Барыса, які пастаянна называе сябе “вечна пачынаючым паэтам”. Бураўкін аж рассмяяўся:

– І не сорамна яму сябе так называць? Перадай яму прывітанне і скажы, каб на старасці гадоў выдаў пару зборнікаў. Бо ў яго і вартыя вершы трапляліся. А то некалі ва ўніверсітэце нават рэцэнзаваў мае паэтычныя опусы, што я змяшчаў ў насценгазеце “Журналіст”.

Было такое. Шмат вершаў майго малодшага таварыша прайшло і праз мае рукі, бо на той час я быў рэдактарам аднаго з выпускаў (такія рэдактары чаргаваліся). А галоўным рэдактарам з’яўляўся тады яшчэ малады выкладчык, які вёў стылістыку, выдатны спецыяліст і старшы таварыш Міхаіл Яўгенавіч Цікоцкі. Іншы раз ён сам прыносіў нам творы студэнтаў. Так трапіў да мяне верш Генадзя Бураўкіна “Маці”, рукапісны арыгінал якога я захоўваю па сённяшні дзень. Напісаны ён, відаць, у 1953 годзе, бо ў чацвертым слупку ёсць такі радок: “Мне ўжо стукнула летам мінулым сямнаццаць”.

На жаль, у пасляўніверсітэцкі перыяд з Генадзем Мікалаевічам я сустракаўся вельмі рэдка. Апошняя выпадковая сустрэча была ў нас у Мінску ў 1971 годзе. Больш мы не бачыліся.

30 мая Генадзя Бураўкіна не стала. Не стала Паэта з вялікай літары, дастойнага сына Беларусі. Памянёны верш “Маці” заканчваецца прарочымі словамі, хоць леглі яны на паперу ў самым раннім узросце:

Я табе абяцаю

ў растання часіну

Так імкнуцца жыццё

ўсё сваё будаваць,

Каб магла з табой

разам і маці-Айчына

Мяне сынам дастойным

сваім называць.




Маці

Чамадан упакован. Засоўвае маці
Мне ў кішэні пячэнні свае і пірог.
І няўмольна наблізіўся час развітацца
І ступіць у жыццё, за бацькоўскі парог…

Маці, мама мая! З развітаннем маршчына
Ляжа сёння, я знаю, ля сціснутых губ.
Колькі іх носіць твар твой любімы з-за сына
Я ўсяго і прыпомніць, мабыць, не змагу.

Ты ж заўсёды адно толькі добрае помніш,
Хоць я часам і горыч прыносіў табе.
І скупіўся на ласку, што сэрца мне поўніць,
Што нашу нераскрытай чамусьці ў сабе.

Мне ўжо стукнула летам мінулым сямнаццаць,
Над губой пачалі прабівацца вусы.
Аба мне ж ты клапоцішся, як аб дзіцяці:
Я юнак для другіх, для цябе – толькі сын…

Ну, мне час. Ну, бывай і не плач толькі, мама.
Я ж ужо не маленькі. Не трэба, не плач.
Лепш у вочы зірні мне сухімі вачамі.
Столькі ў іх мацярынскай любві і цяпла!

Я табе абяцаю ў растання часіну
Так імкнуцца жыццё ўсё сваё будаваць,
Каб магла з табой разам і маці-Айчына
Мяне сынам дастойным сваім называць.