Пра ўсё гэта раскажа раскажа адзін з укладальнікаў гадавіка – ураджэнец Вілейкі, журналіст і краязнаўца Сяргей Макарэвіч.

 Як узнікла ідэя гадавіка?

– Усё пачалося яшчэ са школы. Калі вучыўся ў старэйшых класах, разам з сябрамі пачалі выдаваць самвыдат “Волат” – краязнаўчую газету фармату А4. Яна выходзіць і цяпер, робяць яе новыя людзі. Я прымаў удзел у працы над “Волатам” год шэсць. А пасля адышоў: хацелася росту, рабіць нейкі праект з іншым падыходам. У 2012 годзе выдаў сваю краязнаўчую кніжачку. Спадабалася. А паколькі наступную ўласную кнігу буду пісаць яшчэ доўга, то вырашыў рабіць зборнік пра Вілейшчыну, паспрабаваць аб’яднаць як мага больш краязнаўцаў і гісторыкаў. Хаця найбольш падштурхнула тое, што пра маю родную Вілейшчыну надта мала кніжак выходзіла.

Матэрыялу шмат назбіралася? Ці была праблема выбару: каб самае найцікавейшае патрапіла ў зборнік?

– Акурат наадварот. Паколькі выхад першага выпуску шырока не анансаваўся, даводзілася самому звяртацца да аўтараў і прасіць іх напісаць, шукаць матэрыялы, якія можна перакласці. Дапамагаў Дзяніс Канецкі, які жыве ў Вілейцы, з мясцовымі краязнаўцамі кантактаваў таксама.

Вокладка гадавіка

Вокладка гадавіка

Хацелася зрабіць першы выпуск, каб пасля пра сябе заявіць і паказаць, што мы вось такую працу робім. Бо нехта мо, паставіўся б скептычна, калі б я адразу сказаў: “Напішыце для кнігі”. А так можна паказаць ужо вынік.

Пэўна, цяжкавата вызначыць, але якія, на ваш погляд, найцікавейшыя матэрыялы гадавіка?

– Ведаеце, матэрыялы розныя. Канечне, не ўсім аднолькава цікава будзе прачытаць усе тэксты. Хтосьці не любіць чытаць пра этнаграфію, абрады, іншы проста не пераносіць успаміны – гэта справа густу. Але кожны тэкст нясе ў сабе інфармацыю пра наш край. Для мяне вялікім адкрыццём сталі ўспаміны Уладзіміра Папковіча. Я сябрую з ім гадоў шэсць-сем, шмат чаго ведаю з яго жыцця. І не ўспрымаў яго такой натурай мяккай, мо, сентыментальнай нават. А ён напісаў на маю просьбу такія пранікнёныя ўспаміны! Цяпер каторы месяц прашу яго скончыць іх, бо ў кнізе яны публікуюцца да пэўнага перыяду.

Цікава будзе прачытаць кніжку праваслаўнага святара Івана Шалепіна, якая выйшла ў 1896 годзе. Маленькае выданне, у якім апісана Вілейка таго часу. Канечне, трэба разумець, што пісалася кніга з пазіцый самадзяржаўя, але там столькі дэталяў цікавых!

– Пазнака “Выпуск 1” на вокладцы падказвае, што будзе працяг…

– Працяг робім. Першы выпуск нам дапамог зрабіць дабрачынны фонд “Вяртанне” і персанальна яго заснавальнік, мецэнат Павел Бераговіч. Ён выказаў намер дапамагчы і з наступным выпускам. Цяпер праца за мной, як каардынатарам і натхняльнікам. Падрыхтоўка да другога нумара ідзе. Ён будзе больш разнастайны, на больш старонак. Новы выпуск зроблены старонак на 80-100 (агульны аб’ём плануецца яшчэ большы). Да працы падключаны навукоўцы з Гродна і польскага Уроцлава. Таксама заклікаю зацікаўленых пісаць нам. Калі вы маеце матэрыялы, звязаныя з Вілейшчынай, можаце дасылаць ужо цяпер (электронны адрас – viliejskipaviet@gmail.com). Хочаце падзяліцца гісторыяй свайго роду – пішыце. Бо гісторыя краю складаецца менавіта з жыццяў кожнага з нас.

 Але выйдзе другі выпуск “Вілейскага павета” толькі ў наступным годзе. Трэба вытрымліваць паўзу. Калі выдаваць адзін выпуск за адным, чытач перастане яго чакаць з хваляваннем. І страціць увагу да нас.

 – Дзе ж можна набыць гадавік?

– Ён ўжо прадаецца ў кнігарні “Галіяфы” ў Мінску (вуліца Валгаградская, 6). У бліжэйшы час гадавік будзе даступны ў інтэрнэт-кнігарні prastora.by. Спадзяюся, што зможам дамовіцца з “Белкнігай”, каб яны ўзялі кніжку для рэалізацыі праз сваю сетку. І тады “Вілейскі павет” з’явіцца і ў Вілейцы.

Чытайце на гэту тэму таксама:

16.06.2014 Новае гісторыка-краязнаўчае выданне пра Вілейшчыну: выйшаў гадавік “Вілейскі павет”