Хаця на помніку ўказалі імёны трох членаў экіпажа Пятра Логінава: Сяргея Какшарова, Інакенція Букаева і Міхаіла Агешына.

Цырымонія перапахавання астанкаў загінулых лётчыкаў адбылася другога ліпеня ля Краснага. На ўрачыстасць прыехаў унук аднаго з членаў экіпажа штурмана Сяргея Какшарова.

Унука лётчыка таксама завуць Сяргей Какшароў. Бацькі далі яму імя ў гонар гераічна загінулага дзядулі. Ён прыляцеў з Екацярынбурга спецыяльна, каб правесці свайго продка ў апошні шлях.

– У дзяцінстве, калі мы пыталіся ў бабулі пра лёс дзядулі, яна расказвала толькі тое, што ён герой і загінуў на вайне. Мы неаднаразова пасылалі запыты, каб даведацца, як загінуў дзядуля. Але заў­сёды прыхо­дзіў адзін адказ: “Прапаў без вестак”. Пры сваім жыцці бабуля так і не даведалася, дзе пахаваны дзядуля, – распавядае Сяргей Какшароў.

Штурмана Сяргея Какшарова прызвалі ў войска ў 1931 годзе, калі яму было 20 гадоў. Адпаведна, у пачатку вайны яму было 30 гадоў. Дома, тады яшчэ ў Свярдлоўскай вобласці, яго засталіся чакаць жонка, Клаўдзія Пятроўна, і двое дзяцей: аднагадовая дачка Маргарыта і шасцігадовы сын Юры.

– Мой бацька, Юры Какшароў, калі яго прызвалі ў войска, адразу папрасіўся ў лётчыкі. Ён вельмі шанаваў памяць свайго бацькі, блакітныя пагоны авіяцыі насіў з асаблівым гонарам. І мяне назваў у гонар дзеда, – кажа Сяргей Какшароў.

У 1992 годзе ў Екацярынбург  ад краязнаўцы з Радашкавічаў Вячаслава Брышцена, які знайшоў месца гібелі экіпажа, прыйшоў ліст, у якім паведамлялася, што Сяргей Какшароў загінуў у Беларусі.

– Мы з бацькам, – працягвае Сяргей, – адразу вырашылі ехаць у Беларусь. Але здарылася трагедыя. Мой бацька, сын Сяргея Какшарова, трагічна загінуў. І мая паездка адклалася на цэлых 20 гадоў.

Сёлета сям’я Какшаровых атрымала ліст ад рэдакцыі газеты “Рэспубліка”. У ім было паведамленне пра тое, што падчас пошукавых мерапрыемстваў ля вёскі Плябань знайшлі астанкі штурмана Сяргея Какшарова і лётчыкаў Інакенція Букаева і Міхаіла Агешына.

– Я адразу пачаў шукаць сваякоў лётчыкаў, членаў экіпажа майго дзядулі, каб разам з імі прыехаць у Беларусь.  Але, на жаль, не знайшоў. Таму прыехаў адзін.

– Вы ўпершыню ў Беларусі?

– Так. І мяне ўразіла ваша краіна. Што б ні гаварылі пра прыгажосць і чысціню, але самы галоўны здабытак Беларусі – вашы людзі. Усе, з кім мне пашчасціла пазнаёміцца, вельмі добрыя, чулыя, цудоўныя. Я абавязкова прыеду сюды яшчэ, цяпер ужо са сваёй сям’ёй.

Як забыцца дзень, калі на твой дом зваліўся самалёт?

Урачыстасць пачалася ў вёсцы Плябань, дзе і абарвалася жыццё Сяргея Кашкарова  і двух другіх членаў экіпажа камандзіра Пятра Логінава – Інакенція Буканава і Міхаіла Агешына.

Другога ліпеня там адбылося адкрыццё помніка. На адкрыцці быў мясцовы жыхар, 77-гадовы Яўген Сасновіч, які памятае той дзень, 27 чэрвеня 1941 года, калі ля іх дома збілі самалёт.

– Вам тады было чатыры гадкі, няўжо помніце той дзень?

– Памятаю. У той дзень згарэла наша хата. Хіба пра такое можна забыцца? Я бачыў у той дзень, як тры нямецкія “Месеры” акружылі наш савецкі самалёт. Мы з мамай схаваліся. Раптам пачуўся выбух, і савецкі самалёт упаў побач з нашай хатай. Хата загарэлася. Прыбег з поля бацька, які пасвіў каня. Аскепкі самалёта былі раскіданыя па ўсім полі. Мы тады на полі знайшлі тры нагі збітых лётчыкаў, пахавалі на могілках у Плябані. А некаторыя фрагменты целаў лётчыкаў закопвалі тут жа, на нашым полі.

Перапахавалі аднаго лётчыка, а не трох

Урачыстая цырымонія перапахавання экіпажа Пятра Логінава адбылася ў вёсцы Краснае. Ваенны аркестр, рота ганаровай варты, малебен і ружэйныя залпы – кіраўніцтва раёна і мясцовыя жыхары з усімі ўшанаваннямі праводзілі гераічна загінулых  ў 1941-м штурмана Сяргея Какшарова, стралка-радыста Інакенція Букаева і стралка-радыста Міхаіла Агешына.

На ўрачыстай цырымоніі прысутнічаў краязнаўца з Радашкавічаў Дзмітры Брышцен. Дзякуючы Дзмітрыю ўдалося выйсці на Сяргея Какшарова.

Бацька Дзмітрыя, Вячаслаў Брышцен, пачаў пошуковыя работы ў гэтых месцах яшчэ ў 80-я гады. Цягам 10 год Вячаслаў кіраваў пошукавым атрадам “Абавязак”. Вячаслаў, уласна, і займаўся пошукам самалётаў і экіпажаў. Пра Сяргея Какшарова Вячаслаў даведаўся яшчэ ў 1992 го­дзе, тады і накіраваў першы ліст у Екацярынбург.

– Дзмітры, раскажыце, калі ласка, якім чынам вы спрычыніліся да пошуку сваякоў Сяргея Какшарова?

– Мой бацька пачынаў пошукі ў гэтых месцах яшчэ ў 1986 годзе. Пра самалёт Пятра Логінава даведаўся з расказаў відавочцаў, потым працаваў у архіве. Дзякуючы працы ў архіве яму ўдалося вызначыць усіх трох камандзіраў звяна бамбардзіроўшчыкаў: Логінава, Святава, Аржахоўскага. Усе гэтыя камандзіры засталіся жывымі, звесткі пра іх у архівах захаваліся. Ужо сёння я ведаю, што адзін з экіпажаў быў збіты ля вёскі Уланаўшчына. А што датычыцца менавіта Сяргея Какшарова, то ў мяне захаваўся ліст да бацькі, які яму даслаў сын лётчыка, Юры Какшароў. Так і знайшлі ўнука Сяргея Кашкарова.

– Ці спрабавалі знайсці сваякоў іншых членаў экіпажа, Інакенція Букаева і Міхаіла Агешына?

– Гэта не так проста. Сяргей Какшароў быў штурманам, афіцэрам. Таму на яго звесткі ў архіве былі. А Букаеў і Агешын былі стралкамі-радыстамі. На радавы і сяржанцкі састаў звестак у архівах менш, чым на афіцэраў, менавіта таму ўзнікаюць складанасці ў пошуку. 223-і полк быў сфарміраваны перад самай вайной. А збілі іх у самым пачатку вайны. Тады стралкамі маглі прызначаць усіх, хто меў дачынененне да ваеннага аэрадрома. Букаеў і Агешын маглі быць простымі тэхнікамі, нават не ваеннымі. Але гэта яшчэ трэба высветліць.

– І яшчэ, – працягвае Дзмітры, – я настойваў на тым, каб само перапахаванне адбывалася ў Плябані. Пра Краснае гаворка наогул не ішла,  планавалі першапачаткова ў Маладзечне. У выніку мясцовыя ўлады вырашылі зрабіць перапахаванне ў Красным, але таксама паставілі памятны знак і на месцы гібелі экіпажа. Думаю, што без майго ўдакладнення проста не было б памятнага знака ў Плябані. Гэтым самым як бы аднавілі справядлівасць, але,

на жаль, на мітынгу было сказана, што перапахавалі траіх. Гэта не так. Знайшлі астанкі кагосьці аднаго, а каго: Какшарова, Букаева ці Агешына – невядома.

– Вы працягваеце справу свайго бацькі. Ці можам мы спадзявацца, што ў хуткім часе вернуцца да нас імёны герояў?

– Усё магчыма. Цяпер я спрабую знайсці сваякоў Інакенція Букаева. Арэал распаўсюджвання гэтага прозвішча ў Смаленску, Арле, Курску.

Застаецца спадзявацца, што вернутыя імёны экіпажа Пятра Логінава – гэта толькі пачатак у раскрыцці ваенных таямніц маладзечанскай зямлі.

Гісторык авіяцыі Дзмітры Кіенка:

– З ўсёй гэтай гісторыяй пра перапахаванне збітага пад Плябанню экіпажа хочацца дадаць, што ўсю работу па пошуку і выяўленні загінулага экіпажа правёў Вячаслаў Брышцен 22 гады таму. Дзякуючы настойлівасці Дзмітрыя Брышцена на месцы гібелі экіпажа ўсе ж такі ўсталявалі памятную дошку з імёнамі загінулых тут.