30 чэрвеня ў Маладзечне ўвялі ў эксплуатацыю першы ў Мінскай вобласці арэндны дом. На пытанні, як стаць жыхаром гэтага дома, колькі будзе каштаваць пражыванне ў ім і якія правы будзе мець жыхар, адказвае начальнік аддзела жыллёва-камунальнай гаспадаркі райвыканкама Сяргей Бохан.

– У арэндным 80-кватэрным доме маюць права жыць людзі, якія ўжо стаяць у чарзе на паляпшэнне жыллёвых умоў, а таксама грамадзяне, якія яшчэ на ўліку не стаяць. У цяперашні час завяршаецца працэдура афармлення і рэгістрацыі дома ў бюро тэхнічнай інвентарызацыі. Пасля гэтага цягам месяца мы будзем прымаць заявы ад насельніцтва.

Каб стаць у чаргу і жыць у арэндным доме, грамадзяніну трэба падаць некалькі дакументаў. Для тых, хто стаіць на ўліку на паляпшэнне жыллёвых умоў, гэта заява з указаннем прозвішчаў усіх, хто прэтэндуе на жыллё, і даведка, якая пацвярджае гэтую патрэбу.

Тым жа, хто не стаіць у чарзе, неабходна падаць толькі заяву з указаннем асоб, якія, як плануецца, будуць сумесна жыць, і тыпу кватэры, на якую грамадзянін прэтэндуе, адну- або двухпакаёвую. Пры гэтым тыя, хто раней не стаяў на чарзе, могуць не мець рэгістрацыі ў Маладзечне, іх заявы таксама будуць разгледжаныя.

– Колькі будзе каштаваць арэнда  кватэры?

Кошт арэнднай кватэры на сённяшні дзень складае 24 000 рублёў за квадратны метр.

Ён залежыць ад базавай велічыні. На сённяшні дзень кошт арэнды двухпакаёвай кватэры складае каля 1 мільёна 400 тысяч рублёў плюс камунальныя паслугі.

– У якім выпадку жыхара могуць выселіць з кватэры?

– Парадак у арэндным доме падпарадкоўваецца агульным правілам. Калі будзе запазычанасць па аплаце або парушэнне правілаў жыхарства, скаргі суседзяў, або на тых, хто жыве, складзеныя пратаколы.

– Сёння кватэры цалкам прыдатныя для жыцця?

– Так. У кватэрах усталяваная ўся сантэхніка, газавыя пліты. Бяры ключ і жыві. Адзінае, што мэбля ў кватэры не прадугледжаная, таму засяляцца трэба са сваёй.