Замест узораў у вокнах касцёла Святой Тройцы з’явяцца выявы святых.

Над гэтым працуюць гродзенскія майстры.

Наведнікі ўжо могуць убачыць першыя 48 выяў, якія размясцілі на чатырох вокнах. Усяго іх будзе 162 на 12 вокнах.

− Праца па ўсталяванні вітражоў вельмі руплівая і дарагая, − патлумачыў ксёндз-пробашч Гервяцкага касцёла Святой Тройцы Леанід Нясцюк. − Але няхай лепш з вітражоў глядзяць абліччы святых, чым беззмястоўныя малюнкі. Мы ж нічога новага не выдумляем, проста паўтараем тое, што было раней.

Работа па ўстаноўцы вітражных вокнаў закончыцца восенню 2015 года.

Паводле інтэрнэт-рэсурсаў, касцёл Святой Тройцы ў аграгарадку Гервяты − самае наведвальнае турыстамі месца. Ён нязменна лідзіруе ў рэйтынгах самых прыгожых і незвычайных храмаў Беларусі. Гервяцкі касцёл уваходзіць у тройку самых высокіх храмаў краіны. Яго вышыня − 61 метр (20-павярховы дом).

Гэта адзін з лепшых прыкладаў неагатычнага стылю і адзіны на Беларусі, у архітэктуры якога вытрыманыя ўсе стандарты готыкі. Бакавыя сцены маюць вытанчаныя аркі-аркбутаны, такія, як у парыжскім Нотр-Даме. Гэта выключная з’ява для культавай архітэктуры, якая ёсць толькі ў двух беларускіх касцёлах.

Але не толькі незвычайная архітэктура 110-летняга касцёла прываблівае турыстаў.

Ксёндз-пробашч Леанід Нясцюк ператварыў храм у сапраўдную перліну. Спачатку ў агароджы пачалі садзіць экзатычныя расліны. Цяпер іх сабралася больш за дзве тысячы. Ім стала цесна ў агароджы, і святар пачаў добраўпарадкоўваць ландшафтны парк на цэнтральнай плошчы Гервятаў, што каля касцёла. Ідучы па гэтым парку да храма, турысты здзіўляюцца прадуманасці размяшчэння фігурак апосталаў, строгай геаметрыі і тым, якое агульнае ўражанне выклікае ўвесь комплекс.

Наведнікаў зачароўваюць і гукі аргана. Для іх іграе Андрэй Міхневіч − арганіст касцёла, магістр музыкалогіі, бакалаўр культуры і гісторыі музыкі. Касцёл мае ўнікальную акустыку.
Вясной і восенню тут ладзяць вялікія арганныя канцэрты, якія збіраюць аматараў музыкі з Беларусі і Літвы.

Гервяты ўваходзяць у турыстычны маршрут “Касцёлы Вілейскага краю”. У мястэчку таксама захаваўся млын 19 стагоддзя, вайсковыя могілкі Першай сусветнай вайны.