“Мы лічым, што гэты грэх накліча бяду на ўвесь раён”, – тлумачыць пазіцыю арганізатараў Георгі Каржанеўскі. На думку ж мясцовых уладаў ідзе добраўпарадкаванне.

Людзі збяруцца ля месца былога стадыёна, каб прыцягнуць увагу да пабудовы дамоў для работнікаў свінафермы. Прыйдуць тыя, хто жыве побач з месцам пахавання і ведае гісторыю гэтай зямлі.

Мясцовыя жыхары мяркуюць, што менавіта тут знаходзяцца парэшткі расстраляных у гады Другой сусветнай вайны яўрэяў.

Арганізатар акцыі валожынец Георгі Каржанеўскі распавёў, што атрымаў дазвол ад мясцовых уладаў на яе правядзенне. Раней ён сабраў 35 подпісаў тых, хто супраць будаўніцтва. І чакае, што менавіта яны прыйдуць на пікет.

– Тут хочуць пабудаваць дамы, якія будуць стаяць наўпрост на яме, дзе закопвалі яўрэяў, – распавядае спадар Георгі. – Здарылася гэта ў лістападзе 1941 года. І пра выпадак напісана ў кнізе Мечыслава Новіка (“Крывавы след нямецка-фашысцкай акупацыі ў гісторыі Валожынскага раёна”, – рэд.). Аднак раскопак тут ніхто не праводзіў.

Цяпер побач са стадыёнам на гары стаіць скульптура журботнай маці ў памяць расстраляных.

– Мы хочам ушанаваць памяць загінулых. Хочам, каб месца пахавання было вызначана, каб там раслі кветкі, – дадае мясцовы актывіст.

Стадыён, які быў на месцы, дзе цяпер хочуць пабудаваць дамы, пачалі руйнаваць год таму. Па словах спадара Георгія, тады вайскоўцы знеслі бетонныя пліты агароджы, футбольныя вароты.

– Сцягнулі і лавы. Думаў, так хуліганы дзяруць на дровы, а тут вось як.

“На даўно закінутай пустцы нарэшце навядуць парадак”

Па каментар мы звярнуліся да начальніка аддзела культуры, ідэалогіі і па справах моладзі Вікенція Адамовіча.

– Як вы ставіцеся да таго, што на месцы расстрэлу людзей будуць пабудаваныя дамы?

– Справа ў тым, што  няма афіцыйнага пацверджання аб тым, што менавіта на гэтым месцы расстралялі яўрэяў. Сёння мы маем толькі тое, што на даўно закінутай пустцы нарэшце навядуць парадак.

Што датычыцца памяці пра ваенныя часы, то мы яе ўшаноўваем. Непадалёк ад стадыёна, на ўзгорку, стаіць помнік, які заўсёды дагледжаны.

Пакуль на стадыёне не вядуцца ніякія работы, пікет, які адбудзецца ў Валожыне, прымусіць звярнуць увагу на тое, што тут адбываецца. Магчыма, трэба будзе запрасіць спецыялістаў, каб правялі ў гэтых месцах раскопкі.

І правільна было б пагутарыць з відавочцамі тых падзей, але ці застаўся хтосьці цяпер у жывых?

І яшчэ: у футбол на гэтым месцы гуляць было нармальна, а пабудаваць такія неабходныя дамы, ганьба? – кажа Вікенцій Адамовіч.