За мінулыя выхадныя на Валожыншчыне адбыліся тры крадзяжы, якія і злачынствамі назваць цяжка. Хутчэй, гэтыя гісторыі з раздзелу: “Наўмысна не прыдумаеш”.

Першы выпадак

Адбыўся ён у вёсцы Манькаўшчына.

Раней судзімы жыхар Манькаўшчыны прыйшоў у госці да свайго аднавяскоўца, цяжкахворага інваліда, які нават не мог хадзіць. Ля яго ложка на тумбе стаяла бутэлька віна.

Паміж мужчынамі адбыўся наступны дыялог:

– Давай вып’ем вінца, – прапанаваў госць.

– Ды  не хачу я піць, – адказаў гаспадар.

– А я хачу выпіць! І што ты мне зробіш?  Вось вазьму бутэльку і ўцяку.

Так візіцёр і зрабіў.

Пацярпелы адразу выклікаў міліцыю. Міліцыянеры, якія прыехалі на месца здарэння, затрымалі несумленнага суседа.

Той, зразумеўшы наступствы свайго ўчынку, папрасіў прабачэння ў суседа-інваліда, вярнуў яму скрадзеную бутэльку віна. Але за рабаванне гора-суседу пагражае да шасці год зняволення.

Другі выпадак

У вёсцы Гілікі таго ж Валожынскага раёна таксама знайшоўся нераўнадушны да чужога дабра раней судзімы жыхар.

Зайшоў ён на двор да сваёй суседкі пазычыць грошай на асабістыя патрэбы. Суседкі дома не аказалася. Ну, і давай тады госць гаспадарыць на падворку. У хляве, які быў не зачынены, мужчына знайшоў новенькі пыласос, схапіў яго пад пахі, як воўк авечку, і даў з ім дзёру ў суседнюю вёску.

Там ён прадаў пыласос адной запаслівай жанчыне за 100 тысяч рублёў.

На выручаныя грошы, вядома, зладзіў для сябе, прадпрымальнага, баляванне.

Суседка ж, не пажадаўшы так лёгка развітацца са сваім пыласосам, выклікала на дапамогу міліцыю. Міліцыянеры хутка знайшлі пыласос-вандроўнік ў суседняй вёсцы. Каштоўную рэч у новай гаспадыні адабралі і вярнулі на радзіму.

Як вынік – пыласос дома, злодзей пад’еў і выпіў, а суседка, што паквапілася на танную  рэч, згубіла свае кроўныя 100 тысяч.

Трэці выпадак

І яшчэ адна гісторыя пра тое, як сам бог сну Марфей дапамог міліцыі раскрыць злачынства.

Раней неаднаразова судзімы жыхар вёскі Строкава Рэчка завітаў у госці да свайго сябра. Ды да такога блізкага сябра, што ведаў, дзе той хавае грошы.

Як на тую бяду, гаспадар дома некуды ненадоўга адлучыўся. Гэтага часу хапіла, каб дастаць з патаемнага месца 400 тысяч рублёў і збегчы з месца злачынства.

Ідучы праз поле, ці то ад стомы, ці то ад раней выпітага алкаголю, злодзея пачало хіліць у сон. Далей усё як у песні: “А я лягу, прылягу на духмяным пракосе недаспелай травы”.

Толькі ідылію летняга адпачынку ў абдымках Марфея парушылі супрацоўнікі міліцыі, якія хутка знайшлі і соннага злодзея, і 400 тысяч у яго кішэні.

Гэтымі гісторыямі падзяліўся з “Рэгіянальнай газетай” следчы Валожынскага раённага аддзела Следчага камітэта Сяргей Лапцік.