Гадзіннік паказваў чатыры раніцы. Мужчына з вёскі Гародзькі быў у паніцы. Ён спачатку грукаўся ў дзверы суседкі побач, але не дачакаўшыся, пакуль яму адкрыюць, пабег далей.

Урэшце яму адчыніў сусед, што жыве крыху воддаль. Панікёр папрасіў выклікаць “102”. Ён працягваў крычаць “Ратуйце! Украінцы ўзялі жонку!” і прасіў прыехаць як мага хутчэй.

Аднак калі міліцыянеры былі на месцы і ўбеглі ў дом, то ўбачылі дзвюх жанчын і хлопчыка, якія мірна спалі і, здавалася, ні пра што не падазравалі.

10-гадовы хлопчык спаў, калі яго маці пырнулі нажом

Як высветлілася пасля, гісторыя пачалася днём раней, 27 чэрвеня.

Гэты мужчына разам са сваёй маці і суседкай селі днём распіць бутэлечку віна. Пасля з працы вярнулася яго сужыцелька і на чацвярых яны распілі яшчэ чатыры ды зверху адну гарэлкі.

Было дзевяць вечара, калі суседка пайшла да сябе, а яго маці і сужыцелька ляглі спаць.

Гаспадар жа класціся не стаў. Ён пачаў сам з сабой размаўляць, бегаць па дому і крычаць. А пасля некуды сышоў. У той час яго сужыцелька падумала: “Сышоў ­– і добра. Спакайней будзе”.

Каля чатырох гадзін раніцы жанчына прачнулася ад рэзкага болю ў жываце. Над ёй стаяў яе сужыцель з нажом і, быццам апамятаўшыся, перапытваў: “Ой, Іра, гэта ты?” Аднак ад вялікай дозы алкаголю яна не адчула моцнага дыскамфорту і лягла спаць далей.

І пасля гэтага ён пабег да суседзяў, прыехала міліцыя…

Яму выклікалі “хуткую”, зразумеўшы, што ў яго, хутчэй за ўсё, гарачка. Але тады спахапілася сужыцелька, што ён жа пырнуў і што ёй трэба дапамога. Таму на “хуткай” забралі жанчыну.

Ёй зрабілі аперацыю.

Мужчына прызнаў сваю віну, але настойвае на тым, што зрабіў гэта не наўмысна.

Увесь гэты час у доме быў 10-гадовы хлопчык, сын пацярпелай. Ён спаў. Пакуль яго маці была ў бальніцы, ён знаходзіўся ў прытулку. Пасля жанчына забрала яго і разам з ім пераехала да сябе.

Маці гаспадара дома, дзе адбылося здарэнне, таксама спала і нават не змагла хоць штосьці прыгадаць з той ночы.

Цяпер падазраваны знаходзіцца ў псіхіятрычнай бальніцы ў Навінках. Ідзе экспертыза па высвятленні яго стану.

Мужчыну – 31 год. Яго сужыцельцы – 40. Разам яны жылі цягам васьмі гадоў.

Пра здарэнне распавяла старшы следчы Валожынскага аддзела Следчага камітэта Юлія Селятыцкая.