Да стадыёна, дзе адбывалася акцыя, прыйшло каля 20 чалавек. Удзельнікі ўсклалі вянкі да скульптуры журботнай маці ў памяць расстраляных яўрэяў.
Мясцовыя жыхары называюць яе “Маці Божай польскіх яўрэяў”.
Сюды прыехалі і двое актывістаў яўрэйскага моладзевага руху “Нэцэр” Стась Турко і Яўген Клябанаў.
– Хлопцы заўважылі, што па традыцыі яўрэяў на месца трагедыі не ўскладаюць кветкі, а кладуць каменьчыкі, – зазначыў арганізатар акцыі Георгі Каржанеўскі. – Тады мы знайшлі некалькі і таксама паклалі. У наступны раз ужо будзем ведаць.
Пасля яны прачыталі Тору, малітву. Разам людзі наведалі могілкі, дзе пахаваныя яўрэі.
Да стадыёна прыйшлі і старэйшыя людзі, якія на свае вочы бачылі расстрэлы.
Зямля хадуном хадзіла
У час апошняй вайны ў Валожыне было гета. І яго насельніцтва паступова знішчалася ў адной частцы горада.
– Тады пад кулі трапілі лепшыя. Ваенныя, спартсмены, што былі небяспечныя для ўлады, – распавядае спадар Георгі. – Іх завялі ў ваенны кінатэатр дапамагчы прыгатаваць памяшканне. А потым выводзілі па дзесяць чалавек і расстрэльвалі. Адзін, якога называлі рабінам, сказаў “мяне не страляйце” і сам скочыў у яму. Пасля расстралялі апошніх і засыпалі зямлёй. Людзі спрабавалі выходзіць. Зямля хадуном хадзіла.
Мясцоваму жыхару Міколу Рымдзевічу бацька расказваў, што рукі з зямлі тырчалі.
Дзесьці паўтара месяца таму ў Валожын прыязджала з Францыі пляменніца таго самага рабіна Вэрніс Духуа.
– Пакуль маю сілу і пакуль ёсць куды ехаць, трэба наведаць, – сказала тады яна.
– Гэта жудасна. Дагэтуль тут не працавалі археолагі. А трэба, каб яны сюды прыехалі. Мы будзем змагацца за тое, каб тут не будавалі гэтыя дамы. Нельга, нельга аддаваць варварам косці людскія! І мы нікога не баімся, акрамя Бога, – кажа арганізатар пікету.