Адзін з нашых чытачоў стаў сведкам канфлікту з-за купання сабакі ў сажалцы ў Асіпавічах на Вілейшчыне і папрасіў разабрацца ў сітуацыі. Вось яго расповед:

“У спякотны дзень 6 ліпеня на беразе вадаёма вёскі Асіпавічы на Вілейшчыне адбылася сварка паміж мясцовымі жыхарамі і маладзечанцамі. Прычынай прыкрага выпадку стаў вялікі сабака, якога гаспадар прывёў на пляж, потым кінуў у ваду кіёк і той кінуўся ў ваду нават без загаду “Апорт!”. Жанчына, якая адпачывала з дзіцем, зрабіла заўвагу: папрасіла, каб сабаку не пускалі ў вадаём, дзе купаюцца дзеці.

Уладальнік сабакі яе паслухаў, але ж за касматага любімца сям’і, чамусьці ўявіўшы, што іх абразілі, уступілася жонка гаспадара і яе сяброўкі.

Яны пачалі на павышаных нотах сцвярджаць, што гэты штучны вадаём мае прызначэнне як пажарны і што ў ім толькі сабакам і можна купацца, а людзям нельга.

Што не маецца шыльдаў аб тым, што гэта за вадаём, і ніякіх патрабаванняў аб забароне купання сабак у месцах рэкрэацыі, а калі яны дзе і прапісаныя, то не даведзеныя да ведама насельніцтва. Што іх Рэкс чысцейшы за іншага чалавека, бо жыве ў кватэры, мае санкніжку, прышчэпкі і мыецца штодзень у ванне.

Вяскоўцы, якія трымаюць сваіх Шарыкаў на ланцугу ў панадворку, не давалі веры: каб гэта ў сабакі ды не было сваіх блох. Маладзечанцы ўсё ж былі людзі культурныя, і каб спыніць сварку, адвялі беднага, цяжка хакаючага сабаку ад берагу. Аднак настрой быў сапсаваны з абодвух бакоў. Ды бадай прапаў і выхадны дзень”.

Ніхто не пакусаў сабаку

І хоць усё скончылася тым, што (як пажартаваў чытач) “нават ніхто не пакусаў сабаку”, ён папрасіў высветліць, хто мае рацыю. Паспрабавалі.

Адразу наконт вадаёма ў Асіпавічах: статус яго вызначаны.

– Сажалка ў вёсцы Асіпавічы з’яўляецца месцам масавага адпачынку, –  развеяла сумненні вядучы спецыяліст Вілейскай раённай інспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя Маргарыта Белановіч.

Такім чынам, сажалка прызначаная для купання людзей. І за якасцю вады у ёй сочаць.

– Раз у дзесяць дзён ваду ў сажалцы правяраюць на адпаведнасць гігіенічным патрабаванням, – расказала галоўны дзяржаўны санітарны доктар Вілейскага раёна Наталля Жаўняровіч. – Так, апошняя праверка была 9 ліпеня: паказчыкі адпавядаюць патрабаванням.

Калі з прызначэннем сажалкі разабрацца было лёгка, то тэма ўзаемаадносін сабак і вадаёмаў заняла больш часу.

Мыць на пляжах бялізну таксама нельга

У Водным кодэксе прыгадваюць толькі сельскагаспадарчых жывёл. Напісана, што ў “водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах забараняецца выпас сельскагаспадарчых жывёл па-за ўстаноўленых мясцовымі выканаўчымі і распарадчымі органамі месцаў”.

Аднак ёсць яшчэ адзін дакумент: пастанова Савета Міністраў Беларусі ад 11.12.2009 №1623 “Правілы аховы жыцця людзей на водах Рэспублікі Беларусь”. 

У ім пазначана, што на пляжах, месцах масавага адпачынку ля вады натуральных і штучных вадаёмаў адпачывальнікам забараняецца “мыць на пляжах бялізну і купаць жывёл”.

– Гэты дакумент дзейнічае, і на яго можна спасылацца, – пацвердзіў начальнік Вілейскай выратавальнай станцыі Аляксандр Роўда. – І нашы супрацоўнікі папярэджваюць уладальнікаў сабак: вадаём, дзе масава адпачываюць людзі, ні ў якім разе не месца для купання іх гадаванцаў.

Праваахоўнікі паведамілі, што за купанне сабак у месцах масавага адпачынку штрафаваць гаспадароў не маюць права.  Аднак, калі сабака будзе без намордніка ці не пастаўленая на ўлік, то гаспадар можа быць аштрафаваны на суму ад адной да 15 базавых велічынь за парушаныя правілы ўтрымання хатніх жывёл.

 Варта ведаць

У водаахоўных зонах і прыбярэжных палосах, згодна з Водным кодэксам, забараняецца:

— стаянка механічных транспартных сродкаў, за выключэннем спецыяльна адведзеных ва ўстаноўленым парадку месцаў, а ў выпадку іх адсутнасці – на адлегласці не менш за трыццаць метраў па гарызанталi ад уразання вады.

— мыйка транспартных і іншых тэхнічных сродкаў па-за ўстаноўленых месцаў.