Чытачы TUT.BY паведамілі пра тое, што ў Пастаўскім раёне зафіксаваная афрыканская чума свіней. Ветэрынарны доктар раёна ў гутарцы з мясцовымі жыхарамі пацвярджае, што ў 10 вёсках раёна знайшлі крыніцы АЧС. Свіней прыйдзецца знішчыць.
У жыхаркі Будслава загінула восем свінняў. Прыязджалі ветспецыялісты
Жыхарам вёскі Муляры Лясныя Ярэўскага сельсавета давядзецца біць свіней. “Таму што ў спадара Урбана па вуліцы Новай, дом 1 – станоўчая спроба”, – кажа ветэрынарны доктар.
– На афрыканскую чуму свіней?
– Так. Там ачаг. Ёсць дакумент на руках. Афіцыйны адказ.
– А можа менавіта нас абміне?
– Не абыходзіць. У нас ужо ў раёне. Ужо дзесяць вёсак. Муляры – гэта ўжо дзясятая. І комплексу няма ўжо – усё, – уздыхае ветдоктар.
Біць свіней трэба, таму што ёсць ачаг, кажа ветдоктар. Вывезці іх можна хіба што ў Гродзенскую вобласць. У Брэсцкую ўжо наўрад ці прапусцяць, адзначае ён.
У рэдакцыі партала маецца запіс размовы са спецыялістам.
Галоўны дзяржаўны ветэрынарны інспектар Беларусі Юры Піваварчык адмовіўся каментаваць сітуацыю па тэлефоне.