Куды звяртацца, калі з самай раніцы ў суботу ці нядзелю пад вокнамі гудуць касілкі? Якія нормы кашэння травы ў горадзе?

З надыходам лета многім гараджанам знаёмая сітуацыя, калі пад вокнамі з самай раніцы пачынаюць працаваць касцы. І вось што дзіўна, калі твой сон ужо перабіты і ты злы ідзеш на кухню варыць ранішняю каву, ад іх прастывае і след. І ўжо цэлы дзень прыслухоўваешся да гукаў пад акном і не разумееш, ну, няўжо была такая неабходнасць касіць траву а восьмай ці нават а сёмай гадзіне раніцы?

Мы вырашылі  высветліць: калі паскардзіцца ў ЖКГ на касцоў з іх  гудучымі  бензакасілкамі, ці прыслухаецца хтосьці да нашага крыку душы?

На пытанні адказвае намеснік дырэктара па жыллёвых і камунальных пытаннях Валожынскай жыллёва-камунальнай гаспадаркі Міхал Унучак.

– Па нормах касцы могуць касіць ад 8 раніцы да 23 гадзін вечара, – адразу развеяў думкі аб скандале ў ЖКГ Міхаіл Унучак. – Мы, канешне, разумеем жаданне грамадзян выспацца пасля працоўнага тыдня, але абставіны вымушаюць працаваць і ў суботу. Мы ж не працуем, калі ідзе дождж, а трава расце. Калі трава вырасце больш за 15 сантыметраў, яе ўжо цяжка касіць.

– А бывае, што і ў 7 раніцы косім, – працягвае Міхаіл Міхайлавіч. – Зразумейце і касцоў, ім вельмі цяжка касіць у 8-9 раніцы, калі на градусніку ужо пад 30 градусаў.

– Як часта вы косіце траву?

– Мы косім траву кожны дзень. Пакуль работнікі з газонакасілкамі пройдуць усе двары, праходзіць тыдні тры, і ўжо даводзіцца пачынаць кашэнне па новым коле. Інакш кажучы, за лета пад вокнамі аднаго дома трава косіцца тры разы за лета. Пацярпіце, грамадзяне. Восенню касіць  не будуць.

Што кажуць эколагі

Каментуе Уладзіслаў Чарноў, начальнік Маладзечанскай райінспекцыі прыродных рэсурсаў і аховы навакольнага асяроддзя:

– Тое, што траву косяць у горадзе, так павінна быць. Трава – гэта родны дом для дробнай жыўнасці – насякомых, птушак. Калі не касіць, то ў траве разводзіліся б розныя насякомыя, чарвячкі ды жабкі. А ў горадзе яны не патрэбныя. Хай жывуць у няскошанай траве за горадам. Ды і нашмат прыгажэй глядзіцца газон, калі ён роўненька скошаны. Каб жа кожны пад вокнамі ствараў свой маленькі Версаль, дык, можа, і не касілі б. А так вельмі цяжка даглядаць за газонамі: палоць, паліваць і гэтак далей. Таму застаецца толькі змірыцца з тым, што касіць будуць.