Рэцэптам традыцыйнага ўкраінскага баршча дзеліцца з чытачамі “Рэгіянальнай газеты” старшыня маладзечанскага культурна-асветніцкага таварыства ўкраінцаў “Краяны” Леанід Лысакабылка.
– Частаваць маладзечанцаў украінскімі стравамі звыклая з’ява для ўдзельнікаў таварыства “Краяны”. Пакаштаваць галушкі, гуцулькі, верашчаку, боршч, і, канешне ж, украінскае сала ўсе ахвотныя маглі на свяце горада Маладзечна, якое адзначалася 4 ліпеня, – распавёў спадар Леанід.
Для тых шчасліўчыкаў, хто паспытаў сапраўдны чарнігаўскі борш на свяце, і для тых, каму пашчасціла меней, Леанід Лысакабылка пагадзіўся раскрыць рэцэпт стравы, ад аднаго паху якой кружыцца галава.
– Я з вамі падзялюся самым галоўным сакрэтам украінскага баршча. Беларусам, калі нешта гавораць не тое, звычайна адказваюць: “Ну, ты ляпнуў абы-што”. Украінцам жа ў такіх выпадках адказваюць: “Ну ты такое ляпнуў, чаго і ў боршч не пакладзеш”. Гаворачы іначай, ва ўкраінскі боршч можна класці абсалютна ўсё!
Каб прыгатаваць боршч чарнігаўскі неабходна:
- Зварыць мясны булён, гатовае мяса (хай гэта будзе свініна) нарэзаць порцыямі, булён працадзіць.
- Нарэзаныя саломкай буракі патушыць з памідорамі. Пятрушку (корань), моркву і цыбулю абсмажыць у масле. Кабачкі нарэзаць кубікамі і таксама абсмажыць. Асобна зварыць фасолю.
- У булён пакласці нарэзаныя саломкай капусту, бульбу і варыць 15-20 хвілін.
- Затым дадаць фасолю з адварам, абсмажаныя кабачкі, тушаныя буракі, цыбулю, пятрушку і моркву, а таксама кіслыя яблыкі і свежыя памідоры, духмяны перац, лаўровы ліст і давесці да гатоўнасці.
- Пры падачы на стол у талерку з баршчом пакласці кавалак мяса, смятану, пасыпаць дробна нарэзанай зелянінай пятрушкі.
Памятайце пра тое, што эканоміць час на прыгатаванні баршча не варта. Чым даўжэй ён варыцца, томіцца, тым больш насычаны і духмяны атрымаецца.