Ёсць у Вілейскім раёне вёсачка з загадкавай назвай Батурына. Яе заўжды закраналі ўсе падзеі, якія толькі здараліся ў краіне на працягу ўсіх стагоддзяў.

Пра паходжанне гэтай назвы існуюць розныя меркаванні, але ніводнае з іх не мае пацвярджэння. Вядома толькі, што за час свайго існавання вёска ніколі не налічвала больш за два дзясяткі двароў, а цяпер і наогул засталося толькі шэсць. Паміраюць  жыхары, забіраючы з сабой парэшткі вялікай, вельмі цікавай і ў большасці сваёй трагічнай часткі сапраўднай гісторыі.

Батурына размешчанае геаграфічна так, што яго заўжды закраналі ўсе падзеі, якія толькі здараліся ў краіне на працягу ўсіх стагоддзяў. Захопніцкія войны Усходу і Захаду заўжды заканчваліся падзелам Беларусі, і Батурына з’яўлялася амаль кожны раз на мяжы гэтага падзелу.

А яшчэ праз яго пралягаў і пралягае сёння Даўгінаўскі тракт, раней вядомы як адзін з галоўных гандлёвых шляхоў. У гэтым месцы перасякаліся дарогі, па якіх найкарацей можна было патрапіць у Ракаў і Гародню, Полацк  і Оршу, Мінск і Вільню.

Гістарычныя факты

Як сведчаць некаторыя гістарычныя факты, у 17 стагоддзі ў Батурыне была пабудаваная капліца, якая ўваходзіла ў Лукавецкі маёнтак Брыгіды Шумскай. Батурына на той час было ў Вялікім Княстве Літоўскім. У 1793 годзе, пасля другога падзелу Рэчы Паспалітай, Батурына адышло да Расійскай імперыі. Пад гэта пераўтварэнне патрапіла і батурынская капліца. Але праз некалькі гадоў была адноўленая ўніяцкая царква і вернутыя ёй ранейшыя прыходы.

Тады ж было ўтворанае Мінскае каталіцкае біскупства, у склад якога ўвайшлі каталіцкія прыходы Лагойшчыны, да якіх была далучаная і батурынская капліца. У 1796 годзе храм быў “асвечаны абрадам рымскім пад тытулам святога Міколы” і стаў філіяльным касцёлам пры парафіі ў Гайне (Лагойскі раён), а пасля пры парафіі ў Радашкавічах. У 1920 годзе святыня была зноў асвечаная як касцёл, але ўжо пад тытулам Найсвяцейшай Панны Марыі.

Касцёл у Батурыне дзейнічаў да Другой сусветнай вайны, а ў 1943 годзе быў спалены разам з вёскай і больш ужо не адбудаваўся. Мікалаеўскі касцёл быў драўляны, на каменным падмурку.

Як сцвярджаюць сведкі і мяркуючы па здымку 1918 года, які зберагла разам з іншымі  і  перадала мне Ганна Ігнатаўна Васько (Арцішэўская) з Маладзечна, былая жыхарка Батурына, касцёл глядзеў на ўсход і пярэдняя верхняя яго частка ўтрымлівалася на  шасці сяміметровых мураваных калонах. Інтэр’ер упрыгожвалі тры “на оптыку маляваныя” алтары. Да філіі ў Батурыне прыпісвалася капліца ў Карпавічах (у 1870 годзе скасаваная).

Паўстанні і войны не мінулі Батурына

У 1863 годзе пачалося ўсебеларускае паўстанне пад кіраўніцтвам Кастуся Каліноўскага супраць царскіх захопнікаў. Баявыя дзеянні праходзілі і ў нас. Пасля жорсткага знішчэння расійскімі імператарскімі вайскоўцамі атрада паўстанцаў, які сфарміраваў Вінцэнт Козел (Козел-Паклеўскі) пад Уладыкамі, дзе загінула больш за 150 нашых землякоў, у знак помсты за супраціў імперская ўлада ў 1864 годзе  зачыніла Батурынскі касцёл і перадала яго праваслаўным.

Пачалося абрусенне сялянства і прымусовы пераход у праваслаўе. З цягам часу у Батурыне, каля самага касцёла, было пабудаванае і адчыненае народнае вучылішча, у якім навучанне вялося толькі на рускай мове. Прымусовае праваслаўе і рускамоўнае школьнае навучанне ў Батурыне скончылася ў 1918 годзе пасля падпісання Брэсцкага міру, паміж Германіяй і ўжо бальшавіцкай Расіяй. Брэсцкі мір для Батурына стаў запамінальнай і знакавай падзеяй.

Фэст у Батурыне з нагоды ўтварэння БНР

25 сакавіка 1918 года была ўтвораная Беларуская Народная Рэспубліка (БНР). У Батурыне гэту падзею  адзначалі з вялікімі ўрачыстасцямі. Афіцыйных  архіўных звестак, на жаль, гэтага  святкавання з нагоды аб’яўлення БНР не існуе.

Абвяшчэнне БНР  на фэсце каля Батурынскага касцёла. Чэрвень 1918 года.

Абвяшчэнне БНР на фэсце каля Батурынскага касцёла. Чэрвень 1918 года.

Але яны дайшлі да нашых дзён дзякуючы цудам уцалелым фотаздымкам, зробленым амаль стагоддзе таму. Абвяшчэнне аб утварэнні БНР у Батурыне праводзілася ва ўрачыстых абставінах на Пятра, падчас фэсту каля касцёла.

Фэсты ў Батурыне ла­дзілі кожны год, на Пятра і Сёмуху. І кожны раз у святкаванні   прымала  ўдзел шмат людзей. Яны збіраліся з усёй акругі. Хто гандляваў, а хто набываў. Асабліва для дзяцей гэта свята было заўжды вельмі запамінальным, таму што толькі на гэтых святах бацькі маглі дазволіць ім наесціся прысмакаў. У іншыя дні года з-за галечы і жабрацтва ў сялянскіх сем’ях рацыён быў вельмі сціплы.

Пра незвычайны і вельмі значны для жыхароў фэст ужо новая ўлада, нямецкая, пачала абвяшчаць яшчэ з вясны.

Запрашаліся ўсе, хто толькі мог сюды дабрацца. На прызначаны не зусім сонечны, але ціхі і цёплы чэрвеньскі дзень да Батурынскага касцёла пачалі з’язджацца і прыходзіць пешшу жыхары з усіх навакольных вёсак. Не цярпелася даведацца, што ж новага, незвычайнага і каштоўнага для сябе яны змогуць пачуць на фэсце?

Каля касцёла сабралася больш за тысячу чалавек. Усе прыхаджане былі ў святочным убранні. Кайзераўскія вайскоўцы ў парадных мундзірах утварылі ганаровую варту ўздоўж сцежкі перад касцёлам. Ад касцёла замест арганнай мелодыі разносілася нейкая іншая і вельмі моцная, прыхаджанам невядомая. Гэта іграў вайсковы нямецкі аркестр, запрошаны ўрадам БНР.

Пасля набажэнства перад сялянствам выступіў прадстаўнік маладога Беларускага ўрада. Ён падрабязна расказаў прысутным пра незалежнасць маладой беларускай краіны, пра яе перспектывы і ў сувязі з гэтым, які далейшы жыццёвы лёс чакае батурынцаў і наогул усіх сялян з наваколля.

З гэтага часу батурынская школа стала беларускамоўнай, а на самой школе быў замацаваны бел-чырвона-белы сцяг з пагоняй.

Немцы такім зменам у краіне не пярэчылі, прытрымліваліся нейтралітэту. Але ў хуткім часе яны вымушаныя былі адмовіцца ад Брэсцкага міру і пакінуць Беларусь. Гэта зрабіць іх падштурхнула камуністычная рэвалюцыя на сваёй радзіме, у Германіі.

Батурына за Польшчай

Батурына, як і ўсю Заходняю Беларусь, па­чало зноў ліхаманіць ад змены ўлады. Не паспелі немцы пакінуць Беларусь, як на яе вайной пайшла Польшча. Ужо да восені 1919 года польскаму войску ўдалося заваяваць вялікую частку Беларусі. Батурына таксама апынулася пад Польшчай.

Але тагачасны кіраўнік Польшчы Юзаф Пілсудскі не разлічыў сілы свайго войска і ў хуткасці, вясной 1920 года, савецкая Расія, паправіўшы сваё палітычнае становішча, пачала адваёўваць тэрыторыі, занятыя Войскам Польскім.

Урад БНР вымушаны быў з’ехаць з краіны на Захад. Батурына ў чарговы раз перайшло ва ўласнасць Расіі, але таксама ненадоўга. 17 жніўня 1920 года Чырвоная Армія пацярпела знішчальнае паражэнне пад Варшавай, і таму бальшавікі вымушаныя былі пайсці на перамовы з Польшчай.

18 сакавіка 1921 года ў Рызе была падпісаная мірная дамова паміж По­льшчай і савецкай Расіяй, у выніку палітычнага гандлю Беларусь зноў стала разменнай манетай. За мір бальшавікі з палякамі разлічыліся не сваёй тэрыторыяй, а Заходняй часткай Беларусі. Батурына зноўку апынулася пад Польшчай, стаўшы памежжам з савецкай Расіяй.

У вёсцы размясцілася польская стражніца, якая прастаяла тут амаль дваццацігоддзе. У гэтым жа 1921 годзе ў Батурыне польскай уладай было забароненае ў школе навучанне на беларускай мове. У ёй былі адкрыты чатыры польскія класы. І наогул паўсюдна сярод насельніцтва пачалося апалячванне.

У верасні 1939 года, парушыўшы Рыжскае пагадненне, бальшавікі зноў пайшлі вайной на Поль­шчу. Вызваленыя  ад апалячвання батурынцы, узамен атрымалі ад бальшавікоў калектывізацыю, раскулачванне, рэпрэсіі, смерць і пакуты ў сталінскіх лагерах. Жахі ваеннага ліхалецця і пасляваенныя рэпрэсіі, усё гэта мела месца ў гістарычным жыцці гэтай маленькай вёсачкі.

Ігнат Арцішэўскі

Батурынцы, як і ўсе  беларусы,  з пакон вякоў перажывалі і цярпелі пастаянныя, вельмі рэзкія, павароты жыцця. Цягнулі на сабе ярмо прыгнёту: то расейскую баршчыну, то літоўскую князёўшчыну, то польскую паншчыну.

Наступіў 1914 год. Царская Расея прадчувала непазбежнасць вайны з Захадам. І ўжо ў пачатку ліпеня гэтага года батурынцаў пачалі  мабілізоўваць ў царскае войска. Сярод мабілізаваных апынуўся і селянін Ігнат Ігнатавіч Арцішэўскі,1889 года нараджэння.

Нечаканая і гвалтоўная мабілізацыя шмат каго адарвала ад сем’і.  Рана застаўшыся без бацькі, сям’я Арцішэўскіх, якая мела трох хлопцаў і чатырох дзяўчат, жыла ў страшэннай нястачы. Самаму старэйшаму, Ігнату, тады было 25 год, ён і кіраваў сваёй невялічкай беззямельнай гаспадаркай.  Гвалтоўна адарванага ад сям’і, Ігната вайна матала амаль чатыры гады па шматлікіх франтах, ваюючы супраць немцаў, за цара бацюшку і айчыну. Пасля заключэння Брэсцкага міру ў 1918 годзе, полк, у якім служыў Ігнат Арцішэўскі, цалкам перайшоў на бок бальшавікоў. Абяцаную бальшавікамі дэмабілізацыю з войска Ігнат, як і ўсе астатнія, так і не атрымаў.

Праз год бальшавікі пайшлі вайной на Поль­шчу, пайшоў і Ігнат, канешне ж, не па сваёй волі. Пад Беластокам быў паранены, але не моцна.

Выкарыстаўшы момант, Ігнат вярнуўся ў сваё роднае Батурына, дзе яго ўжо ніхто і не чакаў. Дзве сястры ў пошуках лепшай долі з’ехалі ў “васточную” – у Докшыцы. Адна сястра, Валерыя, выйшла замуж за мясцовага адукаванага і працавітага чалавека Яся Паўлюкевіча. Астатнія разляцеліся, як тыя птушачкі, па наваколлі, шукаючы свайго кута. Бацькоўская хатка развалілася зусім, жыць не было дзе, а таму  залечваць раны не  было калі, трэба ж было неяк уладкоўваць сваё ўласнае  жыццё.

Першая сусветная вайна ў Батурыне пакінула свой след руйнавання, рабавання, смерці ад голаду і тыфу. У вёсцы не хапала галоўнага – працоўнай сілы. Коней амаль зусім не было, а мужыкоў засталося толькі палова.

Ігнат Арцішэўскі быў вельмі прыгожы, статны, мужны і ўжо сталы. Заглядаліся на яго і ўдовы, і маладзенькія дзяўчаты. Вось на адну з іх ён і звярнуў  увагу.

.У версе справаІгнат Атцішэўскі, гвалтоўна мабелізаваны ў царскае войска

.У версе справаІгнат Атцішэўскі, гвалтоўна мабелізаваны ў царскае войска

На 11 год маладзейшая, невялічкага росту, красуня-шчабятушка Ганна, адзінае позняе дзіцятка ў бацькоў Міхалкі і Елісаветы Мордасаў, вельмі моцна запала ў сэрца былога вайскоўца.

Неяк аднаго разу зайшоў Ігнат у хату да сваёй каханай, ды так і застаўся ў яе на ўсё жыццё. Павянчаліся ў сваім касцёле, акурат пасля ўстанаўлення польскай улады ў 1921 годзе.

Маладая сям’я ў спадчыну ад бацькоў Ганны атрымала тры дзесяціны зямлі і кут у хаце. Дзеткі нара­джаліся адзін за адным: Іосіф –1922 г.н., Болесь – 1924 г.н., Вітак – 1927 г.н., Стась –1929 г.н., Юзэфа –1931 г.н., Бронак  – 1936 г.н., Ганна – 1939 г.н.

Такую сям’ю пракарміць, а ў дадатак яшчэ і ў школу выправіць было вельмі цяжка, таму даводзілася хадзіць на падпрацоўку на кароўнік у Гелянова  да пана Кондрата Бароўскага.

Пан Кондрат Бароўскі з Гелянова

У пана працы хапала, ды і плата была не зусім дрэнная. Беззямельныя сяляне не мелі магчымасці трымаць сваю гаспадарку, але па загадзе пана Кондрата кожны селянін, які ў яго працаваў, павінны быў мець карову.

Сялянскія каровы стаялі ў кароўніку разам з панскімі, і корм ім давалі той жа, што і панскім. У Лукаўцы, у пана Яна Бароўскага, гаспадарка была нашмат большая.

Быў у яго і свой спіртзавод, брагу з якога выкарыстоўвалі для корму жывёле як панскай, так і сялянскай. Вазілі гэту брагу пастаянна і на кароўнік у Гелянова. 

А вось  летам пасвіліся каровы чамусьці ў розных статках, асобна.  Сяляне, чые каровы стаялі ў пана, выдойвалі малако ўсё сабе. Лішкі маглі здаць на малачарню ў Хаценчыцы альбо  на  сырабойню ў Чарвякі (сёння – Сакалоў­ка).

Школа ў Батурыне працавала, і дзеці мелі магчымасць атрымаць  пачатковую адукацыю. І не бяда, што польскамоўную. Дзеткі Арцішэўскіх адзін за адным заканчвалі школу, усе атрымалі пачатковую адукацыю. 

Набліжаўся 1939 год.  Улетку ў тым годзе па­чалі з’язджаць на захад паны Бароўскія. Першымі пакінулі свае маёнткі чарвякоўскі пан Ігнась Бароўскі і пан Ян Бароўскі з Лукаўца, а за імі і пан Лявон Бароўскі са Шчокаўшчыны, які займаў пасаду войта Хаценчыцкай гміны. А чацверты іх брат, геляноўскі пан Кондрат Бароўскі, назаўсёды застаўся на беларускай зямлі.

Прыкладна ў 1937 годзе трагічны выпадак забраў жыццё маладога, чулага і спагадлівага да людзей чалавека. Асобнага маёнтка ў пана Кондрата не было, ён жыў у агульным Лукавецкім сядзібным комплексе-маёнтку разам з братам Янам Бароўскім.

Аднаго разу, едучы на кані верхам з Гелянова ў Лукавец, Кондрат патрапіў пад моцную навальніцу. Сцяжынка, па якой звычайна ездзіў пан, пралягала пад раскідзістым шматвекавым дубам, які рос непадалёк ад спіртзавода. У той момант, як пан праязджаў каля гэтага дуба, у яго стукнула маланка.

Пахавалі пана Кондрата на Навасёлкаўскіх могілках у грабніцы, якую падчас вайны хтосьці зруйнаваў і абрабаваў. Мабыць, нейкія марадзёры шукалі золата.

17 верасня 1939 года

Ксёндз Батурынскага касцёла Вайткевіч, замяніўшы ксяндза Сэнчака незадоўга да прыходу бальшавікоў, напярэдадні з’ехаў з Батурына на сваёй матацыклетцы да сябе на радзіму ў Літву. Застаўся ў касцёле толькі арганіст, Іван Рыкшта. А польскія памежнікі пачалі папаўняць свой вайсковы гарнізон за кошт мабілізацыі мясцовых сялян і інтэлігенцыі.

Акрамя сялянства, у Войска Польскае былі мабілізаваныя настаўнік Батурынскай пачатковай школы пан Цапеля (родам з Зялёнай Гуры), пісар пры Хаценчыцкай гміне Ясь Паўлюкевіч і  інжынер-будаўнік гміны Пётра Сыч. 

Польскі вайсковы  гарнізон быў размешчаны за пяць вёрст ад Батурына, на Брыцкім. На тэрыторыі гарнізона знаходзіўся шпіталь, у якім лячыліся вайскоўцы, тыя, хто там працаваў і прыслужваў  афіцэрам.

Сюды таксама маглі звярнуцца па медыцынскую дапамогу і жыхары з навакольных вёсак.

У гарнізоне налічвалася каля двухсот жаўнераў і конныя раз’езды. На ўзбраенні, акрамя асабістай зброі, былі кулямёты і нават некалькі гармат.

Раніцай 17 верасня 1939 года з боку Краменца і Мышыц на Батурына з крыкам “ура-а-а-а!” пайшла невялікая групоўка бальшавіцкіх вайскоўцаў. Захапіўшы без стрэлаў стражніцу ў Батурыне, якую польскія памежнікі па загадзе камандавання пакінулі яшчэ з вечара, бальшавікі рушылі на Брыцкае, дзе знаходзіўся польскі гарнізон.

Атрымаўшы нечаканае супраціўленне, яны вымушаныя былі адступіць да Старынак, каб дачакацца галоўных часцей савецкага войска. Гэтым часам гарнізон зняўся і ў спешным парадку пачаў адступаць на захад.

Пётра Сыч

Пад Ашмянамі паміж гарнізонам з Брыцкага, які адступаў, і савецкімі “вызваленцамі” завязаўся бой, у якім большая частка польскіх жаўнераў загінула, а астатнія трапілі ў бальшавіцкі палон.Трапіў у палон і паручнік Пётра Сыч, але нейкім чынам яму ўдалося збегчы.                                        

Пачалася калектывізацыя. Той, хто меў сваю зямлю, страціў яе. Такім шляхам і шляхам абкладання вялікімі падаткамі  бальшавікі прымушалі сялян ісці на працу ў арганізаваны ў Гелянове саўгас.

Пасля калектывізацыі, прыйшоў час рэпрэсій. Вярнуўшыся ў сваё роднае Батурына з палону, Пётра Сыч у хуткасці быў арыштаваны і змешчаны ў Вілейскую турму. Пасля допытаў і катаванняў быў перавезены ў Полацк.

У 1940 годзе, пасля прысуду да 10 год лагераў, быў сасланы ў Комі. У Батурыне засталася яго цяжарная жонка і чатырохгадовая дачка Броня.

  Каб было больш зразумелым, хто такія Сычы, трэба вярнуцца  крыху назад. Нарадзіўся Пётра Сыч не ў Батурыне (як шмат дзе пішуць), а ў суседняй вёсцы Мышыцы 18 студзеня 1912 года. Бацьку ён свайго ніколі не ведаў, маці гадавала яго адна.

Пятру было годзікаў шэсць, як усталявалася бальшавіцка-германская мяжа паміж Мышыцамі і Батурынам. Шмат хто з людзей тады намагаўся з усходняй часткі Беларусі патрапіць у заходняю. Падганялі іх у гэтым тамашні голад і безуладдзе.

Рушыла за мяжу і Марыся Сыч са сваім маленькім Пятром. Пасяліліся ў Гелянове, у вярсце ад Батурына, у маленькай панскай пабудове каля панскага кароўніка, там жа знайшлі і працу.

Пётра хадзіў ў батурынскую школу, а менавіта ў той час тут настаўнічаў вядомы наш зямляк, пісьменнік  Змітрок Бядуля (Самуіл Яфімавіч Плаўнік), які нарадзіўся ў вёcцы Пасадзец.

А вось як на Пятра 1918 года каля касцёла абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка, то я ўпэўнены, што маленькі Пётра Сыч там таксама быў.

Гарнізон польскіх памежнікаў, які месціўся на Брыцкім, за 5 вёрст ад Батурына

Гарнізон польскіх памежнікаў, які месціўся на Брыцкім, за 5 вёрст ад Батурына

Пасля Батурынскай школы Пётра Сыч скончыў сямікласную ў вёсцы Хаценчыцы.  У 1929 годзе па­чаў вучобу ў Віленскім універсітэце на факультэце філасофіі, але праз два гады быў вымушаны кінуць вучобу з прычыны хваробы маці.

Ад гэтага часу пачаў працаваць журналістам у віленскіх польскамоўных газетах. Адначасова з публіцыстыкай Пётра Сыч распачаў і пісьменніцкую дзейнасць. Першы верш на польскай мове быў надрукаваны ў 1932 годзе ў віленскай газеце “Голас люду”. І пад артыкуламі, і пад мастацкімі творамі падпісваўся як Петрэк Вілейскі,  або сваім сапраўдным прозвішчам.

Быў блізка знаёмы з Сымонам Рак–Міхайлоўскім, Браніславам Тарашкевічам. Пётра Сыч быў вельмі прыгожы і таленавіты хлопец, пісьменны, цудоўна маляваў. Ажаніўшыся  ў 1935 годзе з Ганнай Дзік з Мардасоў, пайшоў працаваць інжынерам-будаўніком у Хаценчыцкую гміну. Быў адказным за будаўніцтва  і рамонт  дарог і мастоў па сваёй воласці.

Гэтыя работы выконваліся пры непасрэдным і абавязковым удзеле мясцовага насельніцтва, у каго быў свой транспарт. Кожны павінны быў адбыць так званую шарварку, нешта падобнае да  сучасных суботнікаў. Жыццё наладжвалася, але наступіў 1939 год.

У 1940-м, пасля таго як арыштаванага Пётру Сыча асудзілі і саслалі ў лагер, НКВДоўцы ўзяліся за яго сям’ю. Невядома, як склаўся б далейшы лёс яго жонкі Ганны і чатырохгадовай дачкі Бронькі, але здарылася так, што якраз ў той момант, калі “чорны варанок” пад’ехаў да хаткі забіраць сям’ю Пётры Сыча, яго Ганна нарадзіла дачку, Марысю. Нешта чалавечае ўсё ж такі крыху заварушылася ў чэкістаў, і яны пара­дзіху не сталі забіраць, пакінулі дома.

Але ўпустую ўсё адно з Батурына не з’ехалі. Як здрадніка савецкай улады арыштавалі Уладзіміра Гейна, толькі за тое, што ён усёй сям’ёй у 1935 го­дзе патаемна збег ад галоднай смерці з савецкага Краменца ў польскае Батурына. Нават тое, што неадукаваны Уладзімір у пана працаваў парабкам, не выратавала яго ад арышту і сталінскага лагера.

Вайна

1941 год батурынцам прынёс новыя пакуты і выпрабаванні. На трэці дзень вайны ў Батурыне гаспадарылі ўжо немцы. Але адразу нікога з жыхароў не чапалі, пыталіся толькі камуністаў. У “гасцях” немцы затрымаліся ненадоўга. Наведаўшы кожную хату і пасля індывідуальнай размовы з гаспадарамі, пакінулі вёску. Бліжэйшыя нямецкія гарнізоны былі ў Ільі, у якой былі пераважна немцы, а гарнізон у Хаценчыцах складаўся  амаль цалкам з паліцэйскіх і ў большасці сваёй з літоўскіх.

Немцы ў Батурына наведваліся не часта, па аброк, і толькі ўдзень. Затое амаль кожную ноч не давалі спакою лясныя бандыты, якіх у пачатку вайны шмат цягалася па лясах.Турэмшчыкі, дэзерціры, акружэнцы ды і мясцовыя таксама  арганізоўваліся ў цэлыя атрады, маскіруючыся пад партызан. Падобна, што ў вёсцы ўжо з самага пачатку вайны немцы мелі добра наладжаную сваю патаемную агентуру. Бо ўсё, што адбывалася, яны добра ведалі.

Лясным ваякам таксама хтосьці ўсё дакладваў, хто з вяскоўцаў і чым “дапамагае” немцам. Адны і другія гвалтоўна забіралі ў людзей апошнія пажыткі і яшчэ іх у чымсьці вінавацілі. Вёска жыла пад пастаянным страхам, паміж двух агнёў. А хто быў гэтым інфарматарам, дакладна так і не стала вядома і па сённяшні дзень.

Трагедыя Паўлюкевічаў

Вяскоўцам хтосьці ўставіў у вушы, што на немцаў працуе Ясь Паўлюкевіч, які даводзіўся шваграм Ігнату Арцішэўскаму, бо быў жанаты на яго сястры Валерыі. Падстава для абвінавачвання ў здрадзе была толькі тая, што Ясь пры Польшчы працаваў у Хаценчыцкай гміне. Зыходзячы з гэтага і была зробленая выснова: “Калі служыў палякам, не выключэнне, што служыць і немцам”.

 Паўлюкевіч вымушаны быў хавацца і ад немцаў, і ад лясных бандытаў. Ён быў добрым кавалём і таму быў патрэбны і адным, і другім. Як толькі хто-небудзь ад нямецкай ці лясной “улады” наведваўся ў вёску, Ясь са старэйшым сынам Франакам сыходзілі з дому, каб іх ніхто не бачыў.

Франаку на той час было гадоў 20, і яго немцы маглі б забраць у паліцыю, а лясныя банды – да сябе. Неяк аднойчы, пасля чарговых уцёкаў ад лясных ваякаў, Ясь з Франакам дадому больш не вярнуліся. Абодва як у ваду канулі. Дзесьці праз ты­дзень гэтыя бандыты зноў завіталі ў Батурына да Паўлюкевічаў, забралі 17-гадовага Ясевага сына Та­дзіка і павялі ў бок Навасёлкаўскіх могілак. Як толькі падышлі да лесу, Тадзік, хутчэй за ўсё ўжо ведаўшы свой далейшы лёс, кінуўся ад бандытаў у кусты. Але ад кулямётнай чаргі выратавацца не змог, так і застаўся ляжаць там на ўскрайку лесу.

 Бандыты вярнуліся ў вёску зноў да Паўлюкевічаў, але там нікога ўжо не засталі, дык са злосці закідалі хату гранатамі. Дазнаўшыся, што бандыты сышлі,  Валерыя з дзецьмі і з 23-гадовай сястрой Марыяй прыйшлі ў вёску, каб пахаваць забітага сына.

Пахаваўшы з дапамогай радні Арцішэўскіх на скорую руку Тадзіка, Валерыя вярнулася да ўзарванай сваёй хаткі, каб сабраць хоць якія пажыткі на дарогу, таму што тут заставацца ўжо было небяспечна, бо бандыты маглі вярнуцца ў любую хвіліну і расправіцца з імі. Трэба было ратавацца і ратаваць астатніх дзетак. Пасля бандытаў у хаце амаль нічога не засталося, яны выграблі ўсё, што знайшлі.

Ужо вечарэла і надыходзіў дождж, і Валерыя вырашыла не кратацца ў дарогу на ноч гледзячы, а пераседзець у паўразваленай хаце. Пераканаўшы брата Ігната і сястру Марыю, што ў непагадзь, а тым больш у разбуранай хаце, іх шукаць ніхто не будзе. Змучаная і забітая горам, Валерыя, накрыўшыся лахманамі, задрамала разам з дзеткамі.

Ігнат нейкі час яшчэ сядзеў са сваёй малодшай сястрой, якая яму казала, што вельмі шкадуе, што збегла з Докшыцаў сюды, каб не патрапіць пад гвалтоўную адпраўку на Нямеччыну. Казала, што там, хоць і сярод немцаў, але была нейкая надзея выжыць, а тут, сярод сваіх, верагоднасць загінуць у шмат разоў большая. Ігнат, адыходзячы да хаты, да вялікай сваёй сям’і, якую не мог і не меў права падстаўляць, на развітанне, як змог, супакойваў сястру, што, маўляў, дасць Бог усё абыдзецца.

Не абышлося! Апоўначы бандыты наляцелі знянацку і з кулямёта ва ўпор расстралялі ўсіх, не шкадуючы нават дзяўчынак:

Паўлюкевіч Валерыя Ігнатаўна – 1901 г.н.

Паўлюкевіч Рэнька  Іванаўна, гадкоў 15 ад роду.

Паўлюкевіч Лёнька  Іванаўна, гадкоў 10 было.

Паўлюкевіч Марыська Іванаўна, каля 7 год.

Арцішэўская Марыя Ігнатаўна – 1919 г.н.   

На гэтым бандыты не спыніліся. У гэтую  ж самаю ноч у суседніх Навасёлках яны расстралялі яшчэ адну сям’ю з дзевяці душ, Івана Мардаса, ці, як іх называлі, Фрайцісёнкаў. Іванава жонка Манька, даводзілася роднай сястрой батурынскаму Ясю Паўлюкевічу. Затое, што нібыта яе брат Ясь перадае звесткі пра іх немцам, бандыты вырашылі расстраляць і гэтых людзей.

У тую ноч бандыты расстралялі і гэту сям’ю:

Мардаса Івана (галаву сям’і), 1905 г.н.

Мардас Маньку (жонку), 1908 г.н.

Мардаса Антона (брата), 1912 г.н.

Мардаса Стася (сына) ?

Мардас Яніну (дач­­ку)?

Мардас Марысю (дачку)?

Мардас Владэка (сына)?

Мардаса Віцю (сына)?

Мардас (месячнае немаўлятка), 1942 г.н.

Гэта адбылося ў 1942 годзе. Жыхары былі ашаломленыя жудаснымі расправамі ні ў чым не павінных людзей. Але і пасля гэтых забойстваў усё адно хтосьці працягваў інфармаваць немцаў, і гэта пацвярджала, што загінулыя сем’і не былі вінаватыя.

Магчыма, сярод саміх лясных ваякаў быў здраднік, а яны яго шукалі ў вёсках. Бо калі гэтыя бандыты знайшлі і забралі ў Батурынскім касцёле рознае адзенне, якое ксёндз Сэнк збіраў для бедных прыхаджан, то пра гэта адразу ж стала вядома немцам. Ды пры гэтым яшчэ дадалі, што ксёндз быццам бы дапамагае не прыхаджанам, а бандытам.

Ксёндз Сэнк

Батурынскі касцёл не працаваў з 1939 да 1941 года. Але ў 1941 годзе архіепіскап-мітрапаліт Віленскі Рамуальд Ялбжынкоўскі сваім дэкрэтам накіраваў сюды ксяндза Сэнка. І цяпер, атрымаўшы чорную падзяку за свой бескарысны пачын, ксёндз Сэнк вымушаны быў хавацца ад немцаў. Доўгі час ён жыў у Чарвяках, у хаце, дзе пры Польшчы была школа.

Апошні ксёндз Батурынскага касцёла Вацлаў Сэнк

Апошні ксёндз Батурынскага касцёла Вацлаў Сэнк

Потым бандыты ўспомнілі пра сям’ю Пётры Сыча і завіталі да іх. У той час Сычы жылі ў Лукаўцы ў васьмерыку (гэта пабудова барачнага тыпу на 8 кватэр), у які іх бальшавікі перасялілі яшчэ ў 1940 годзе з хутара Галянова. Магчыма, і іх напаткаў бы лёс Паўлюкевічаў і Мардасоў, каб не сусед па васьмерыку.

Суседа звалі Грышка, а жонку яго Нюра. Яны самі былі з Ленінграда, а чаму тут апынуліся, адказвалі, што гасцявалі і вайна застала. Як завіталі да Сычоў бандыты, то Грышка штосьці ім сказаў і тыя сышлі. Але праз некалькі дзён жыхары васьмерыка заўважылі, што з-пад свінарніка, які стаяў каля лесу, да іх жытла накіроўваецца група паліцэйскіх. У гэты час Грышка-чорны (як яго клікалі з-за яго вялікай і чорнай барады) якраз размаўляў са сваім знаёмым, які часцяком заходзіў да яго па нейкіх справах.

Убачыўшы паліцэйскіх, яны, хаваючыся, даліся на ўцёкі ў бок Батурына, таму што шлях да лесу быў адрэзаны. Перасякаючы адкрытую мясцовасць каля панскага сада, іх згледзелі паліцаі, паднялася страляніна.

Грышка з сябрам паспрабавалі схавацца у статку кароў, якія пасвіліся на полі за Батурынам, але былі заўважаныя паліцэйскімі і там жа на месцы расстраляныя. Паліцэйскія вярнуліся ў Лукавец, але, не застаўшы ў васьмерыку нікога з жыхароў, падпалілі яго. Упэўніўшыся, што ў вёсцы паліцэйскіх няма, людзі грамадой пахавалі на Навасёлкаўскіх могілках Грышку і яго сябра.

Як пазней высветлілася, Грышка і яго жонка Нюра (прозвішча невядома) былі прысланыя з Масквы для арганізацыі партызанскіх атрадаў і ліквідацыі бандфарміраванняў. У самаарганізаваных партызанскіх атрадах, відаць,  шмат каму не падабалася прысутнасць маскоўскіх камісараў. Ад іх любым шляхам намагаліся пазбавіцца, і па першым часе ім гэта ўдавалася.

Радыёсувязь з Масквой адсутнічала, і гэта давала магчымасць учыняць расправы над любым незнаёмцам,  залічыўшы яго ў шпіёны.  Не выключэнне, што забілі Грышку, пераапранутыя ў паліцэйскіх лясныя бандыты. Такое ў той час практыкавалася, паліцэйскія дзейнічалі пад выглядам лясных бандытаў, а бандыты ад імя паліцэйскіх.

Арцішэўскія

Наступіў 1943 год. Па­чалі з’яўляцца сапраўдныя дысцыплінаваныя партызанскія атрады. У лесе ў вярсце на поўдзень ад Навасёлак, на месцы былой смалакурні, дыслакавалася цэлая партызанская брыгада імя Фрунзе, а ў самой вёсцы размясціўся яе штаб, Ільянскае падполле і асобы аддзел НКВД.

Для зусім змардаванага і абрабаванага насельніцтва за амаль два гады шматуладдзя  ночы наступілі нашмат спакайнейшыя. Але з-за актыўных дзеянняў партызан супраць фашыстаў у вёску вельмі часта сталі наведвацца немцы і паліцаі ў спадзяванні выведаць месцазнаходжанне партызан. Лю­дзі пачалі рыхтавацца да горшага.

Многія вяскоўцы пайшлі ў партызаны, а сем’і іх сышлі жыць у лес у зямлянкі. Рушылі ў партызаны і Арцішэўскія: Іосіф – 1922 г.н., Болесь – 1924 г.н., Вітак – 1927 г.н. Сам Ігнат, пахаваўшы памерлую ад тыфу ў 42-м годзе жонку Ганну, з малымі падаўся ўслед за вяскоўцамі  ў лясны лагер на “панядзелькаўшчыну”, які знаходзіўся ў лясным масіве за Мышыцамі. Ігнатаваму сямейству ў лесе, а гэта Стась –1929 г.н., Юзэфа – 1931 г.н., Бронак – 1936 г.н. і Ганначка – 1939 г.н., дапамагала выжыць кароўка. Як пачалася апошняя блакада, усе жыхары Батурына пакінулі вёску і перабраліся ў ”панядзелькаўшчыну”.

Пакінулі свае базы і партызаны, узяўшы накірунак на Палік. А каб немцы не змаглі хутка нагнаць абозы, на шляху адыходу расстаўляліся міны. Немцам пра гэта стала вядома, і яны для “размініравання” партызанскіх мін пачалі выкарыстоўваць мірнае насельніцтва. Агентура нямецкая працавала добра, таму ім лёгка было выявіць месцазнаходжанне лагера батурынцаў.

4 мая 1943 года, калі немцы вывелі ўжо лю­дзей з лесу на дарогу і пагналі па ёй у бок Краменца, над Батурынам паднялося вялізнае полымя, а ўсё вакол было заслана чорным дымам.

Так выпала, што наперадзе расцягнутай калоны жанчын, старых і дзяцей ішоў Ігнат Арцішэўскі з дачкой Юзэфай на руках, якая толькі што перахварэла на тыф. Ступіўшы на масток праз “чорную лужу”, спрацавала міна. Ігнату ўзрывам адарвала ступні ног, і ён вельмі енчыў. Немцы дабілі Ігната, а разам застрэлілі і яго дванаццацігадовую дачку.

Дагнаўшы людзей да Краменца, які таксама ўвесь гарэў, батурынцаў на дзіва адпусцілі. А вось жа Ігнат Арцішэўскі, на вачах суседзяў і сваіх малалетніх дзетак, загінуў на партызанскай міне.

Пасля вызвалення Батурына ад немцаў яго старэйшыя сыны вярнуліся дахаты, якой ужо не існавала. Самы старэйшы, Іосіф, адразу патрапіў у Чырвоную Армію, і баявы яго шлях скончыўся дзесьці на польска-нямецкай мяжы. Менавіта там 16 студзеня 1945 года ім было напісанае і адпраўленае з палявой пошты 19767 л апошняе пісьмо на Радзіму.

Увесь цяжар галавы сямейства Арцішэўскіх узваліў на сябе Вітак, хлопец рукасты і працавіты.Стаўшы гаспадаром без гаспадаркі, нават без кароўкі Лялькі, якая падчас апошняй блакады знікла, прыклаў шмат намаганняў, каб малодшыя хаця не загінулі.

Залатыя яго рукі ўмелі ўсё. У партызанах ён мог адрамантаваць любую зброю. А цяпер збіраў ўсялякае жалеза, якога валялася пасля баёў вакол шмат, і вырабляў з яго ўсё, што неабходна было вяскоўцам, пачынаючы ад рыдлёвак, гаршкоў з дзюралю і заканчваючы самагоннымі  апаратамі, якія  мелі вялікі попыт ва ўсёй акрузе, таму што тады разліковай адзінкай пераважна хадзіла сівуха.

А колькі было радасці, калі знайшлася іхняя Лялька! Вітаку падказалі суседзі, што як яны былі ў Ільі, то бачылі там іхнюю кароўку. Не марудзячы часу,  разам з Вітакам  рушылі ў Ілью і суседзі, як сведкі для пацвярджэння, што карова, якую яны бачылі, належала Арцішэўскім. Як Лялька патрапіла ажно ў Ілью, невядома.

Кароўка была пярэстая, прыкметная, таму памыліцца было немагчыма, а тым больш, як толькі Вітак да яе падышоў і загаварыў, яна адразу ж адгукнулася. Новым  “гаспадаром” Лялькі  аказаўся нейкі службовец, і з рашэннем улады вярнуць карову былому гаспадару не пагаджаўся. Нават трос пісталетам,  пагражаючы застрэліць. Але Вітак быў не з пужлівых і ад сваёй каровы не адступіўся. Тады той службовец  паабяцаў яму, што ў “даўгу” не застанецца.

 Дзесьці ўжо ў шасці­дзясятых гадах, так і не ажаніўшыся,  Вітак пайшоў у Ілью і там загінуў. Казалі, што бачылі, як ён з некім ішоў да рэчкі, але на другі бок так і не перайшоў. Афіцыйна было сказана, што сам зваліўся з кладкі і ўтапіўся. А як там было на самой справе, сцвярджаць не даво­дзіцца. Не выключэнне, што той самы службовец слова сваё стрымаў.

Пётра Сыч і Вінцэнт Жук-Грышкевіч

Сям’я Сыча пасля таго, як паліцаі спалілі васьмерык, жыла ў зямлянцы, каля скарбніцы на былым панскім двары. Адседзелі ў ёй усю блакаду, і да іх ніхто з немцаў альбо паліцаяў так і не наведаўся. Затое, як толькі прагналі немцаў, іх лёгка адшукала НКВД. Першае і галоўнае пытанне было пра Пётру. Дзе знахо­дзіцца і ці з’яўляўся тут падчас вайны? Нікому тут не было вядома, як пасля прысуду склаўся далейшы лёс Пётры Сыча, акрамя яго самога.

Сасланы ў лагеры Комі, Пётра Сыч шмат хварэў, пакутаваў ад невыносных умоў зняволення, але выжыў – мабыць, таму, што яго ў рэшце рэшт прызначылі мастаком (ён маляваў партрэты лагернага начальства). У верасні 1941 года на падставе дамовы Сікорскага–Майскага як польскі грамадзянін Пётра Сыч быў перакінуты спачатку ў Надволжа, потым у Самарканд, дзе стваралася польская армія генерала Андэрса. Пётра Сыч, як і тысячы іншых беларусаў з Заходняй Беларусі, далучыўся да Войска Польскага.

Андэрс не збіраўся ваяваць на баку саветаў і прыклаў шмат намаганняў, каб вывесці сваю армію з тэрыторыі СССР, што ўдалося яму зрабіць  з вялікай цяжкасцю толькі пасля таго, як Вялікабрытанія перакінула частку сваіх войскаў з Сярэдняга Усходу на змаганне з японцамі. Месца англічан і заняў Другі польскі корпус, як пачалі называць армію Андэрса ў Іране.

 Іран, Ірак, Палесціна, Егіпет, Ліван, Італія – такі баявы шлях прайшлі жаўнеры гэтага корпуса да Монтэ Касіна, а разам з імі і паручнік Пётра Сыч, які браў удзел у баях пад Монтэ Касіна. Быў чатыры разы паранены.

 Уганараваны узнагародамі розных краін: брытанскімі – Зоркай Iталіі, Зоркай 1939–1945, медалём вайны 1939–1945 і медалём Абароны, польскімі – Крыжам №45039 Монтэ Касіна, медалём Войска, Ганаровай адзнакай за раненні і іншымі.

  Па заканчэнні вайны корпус генерала Андэрса быў пераведзены ў Англію. Там Пётра Сыч з 1946 года пачаў працаваць. У 1951 го­дзе пераехаў у Германію, дзе рэдагаваў сатырычны часопіс “Шарсьцень” і супрацоўнічаў з газетай “Бацькаўшчына”, што выдавалася ў Мюнхене. Стаў адным з самых першых супрацоўнікоў радыё “Свабода” (тады радыё “Вызваленьне”).

 У лютым 1954 года з Канады ў Мюнхен прыехаў доктар Вінцэнт Жук-Грышкевіч, каб распачаць працу па стварэнні беларускай рэдакцыі радыё “Вызваленьне”, і ён адразу запрасіў у штатныя супрацоўнікі Пётру Сыча. Сустрэча ў Мюнхене была не першай. Улетку 1940 года Вінцэнт Жук-Грышкевіч і Пётра Сыч разам сядзелі ў савецкай турме ў Полацку і з таго часу пасябравалі. Кіраўнік Беларускай рэдакцыі добра ведаў пра адданасць Пётры Сыча беларускай справе і лічыў, што менавіта такія людзі і павінны ствараць беларускае незалежнае радыё. Пётра Сыч з вялікім энтузіязмам узяўся за новую работу, укладаў у яе ўвесь свой талент і душу. Ён быў аўтарам тэксту звароту, з якім самы першы раз выйшла да слухача 20 мая 1954 года беларуская рэдакцыя радыё “Вызваленьне”, цяперашняя “Свабода”. Называўся ён “Азімут сэрца”.

“Смерць і салаўі”

Пётра Сыч “меў багатую, чуллівую натуру, быў усебакова адораны. Быў ён і пісьменнікам, і публіцыстам, і паэтам, і мастаком, і маляром – з задаткамі да скульптуры. Жыццёвыя нягоды білі моцна нашага Петруся. Дзесьці ў глыбіні душы ён да канца сваіх дзён насіў крыўду на свой жыццёвы лёс”. Лёс, які разлучыў яго назаўсёды з самымі блізкімі і роднымі яму людзьмі, з Радзімай, за якую ваяваў, праліваў кроў і цудам застаўся жывым.

Пра перажытае пад Монтэ Касіна Пётра Сыч наважыўся распавесці толькі напрыканцы жыцця, у кнізе «Смерць і салаўі”.

Нарыс Пётры Сыча “Смерць і салаўі” прысвечаны адной з вызначальных стратэгічных аперацый Другой сусветнай вайны – бітве пад Монтэ Касіна ў студзені-маі 1944 года.

У Беларусі, як і ўвогуле ў савецкай гістарыяграфіі мінулай вайны, бітва пад Монтэ Касіна замоў­чвалася. Так, напрыклад, у артыкуле БелСЭ “Другая сусветная вайна” (т. 4, стар. 278-281) падзеі пад Монтэ Касіна нават не згадваюцца. А між тым, супраць фашыстаў там ваявалі тысячы беларусаў – салдатаў і афіцэраў Другога корпуса генерала Андэрса.

Не вярнуўся на Ра­дзіму Пётра Сыч толькі таму, што цудоўна  ведаў, што яго чакае. Усе так званыя “ворагі народа”, якія патрапілі з бальшавіцкага лагернага “раю” ў корпус генерала Андэрса і пасля перамогі вярнуліся на Радзіму, зноў апынуліся ў сталінскіх лагерах.  Проста неабходна ўзгадаць хоць некалькі прозвішчаў нашых землякоў, якія атрымалі бальшавіцкую “ўзнагароду” за ўдзел у мясарубцы Монта Касіна ў 1944 годзе.

   Вось іх імёны:

1). Брацук А.С. – 1912 г.н., вёска Андрэйкі, Мя­дзельскі р-н. Прысуд: 9 лютага 1950 года, 10 год лагера.

2). Касцюк С.І. – 1900 г.н., вёска Матыкі, Крывіцкі р-н. Прысуд: 20 верасня 1950 года, 10 год лагера.

3). Дзіковіч І.С.– 1882 г.н., вёска Чаромушкі, Пастаўскі р-н. Прысуд: 14 кастрычніка 1950 года, расстрэл заменены на 25 год лагера.

4). Жамойдзін І.І. – 1915 г.н., вёска Узбалаць-3, Валожынскі р-н. Прысуд: 8 снежня 1950 года,10 год лагера.

Лёс сям’і Пётры Сыча

Памёр Пётра Сыч у Германіі  20 чэрвеня 1964 году, так і не даведаўшыся, праз якія бальшавіцкія жорны прыйшлося прайсці і яго сямейству.

А яго сям’і на змену ваенным жахам прыйшлі пасляваенныя, рэпрэсіўныя. НКВД не давала спакою нават і ноччу. Сачылі за кожным крокам  жонкі Пётры Ганны і дачкі Броні. Бо лічылі, што Пётра Сыч патаемна вярнуўся з-за мяжы і як былы афіцэр Войска Польскага ўваходзіць у склад антыбальшавіцкага падполля, якое ў пасляваенны час вельмі актыўна дзейнічала ў нашым рэгіёне.

 Але гэты супраціў ужо ў 50-х гадах быў цалкам зламаны савецкай уладай, а арганізатар яго Янка Філістовіч з Рэдзькавічаў Вілейскага раёна і кіраўнік моладзевай антыбальшавіцкай арганізацыі Расціслаў Лапіцкі з Касуты Вілейскага раёна былі расстраляныя.

Не знайшоўшы сярод падпольшчыкаў Пётры Сыча, НКВД пачало яго сям’ю наогул тэрарызаваць. Прымушалі пад дыктоўку пісаць лісты, каб Пётра варочаўся на Радзіму. Ужо дарослую Броню і маці вывозілі за вёску, фатаграфавалі і ўсяляк запалохвалі, нагадвалі, што бываюць такія выпадкі, што людзі проста знікаюць бясследна.

Прымушалі пастаянна пісаць бацьку толькі пра добрае ў лістах, кожны раз класці фотаздымкі і маліць яго, каб той прыехаў хоць у адпачынак.

Скончыліся праследаванні сям’і Пётры Сыча толькі ўжо пасля яго смерці і рэабілітацыі. Нават цяжка сабе ўявіць, колькі варожасці і якая была смага помсты ў бальшавікоў да гэтага героя вайны. І не толькі да яго аднаго?! Вось гэта і ёсць сапраўдны і ўсім ужо вядомы крыважэрны твар сталінізму, які забраў  мільёны жыццяў.

Мне здаецца, што ўсё ж такі наступіць час і народ ушануе памяць сапраўдных патрыётаў сваёй Ра­дзімы. Будуць пастаўленыя помнікі і названыя  вуліцы ў гарадах і вёсках іх імёнамі. А цяпер, пакуль ёсць магчымасць, трэба прыкладаць ўсе намаганні, каб памяць пра мінулае зберагчы і перадаць яе нашчадкам.

Ганна Ігнатаўна Васько (Арцішэўская)

Ганна Ігнатаўна Васько (Арцішэўская)

Словы падзякі

У артыкуле задзейнічаныя архіўныя звесткі, успаміны старажылаў, відавочцаў і ўспаміны іх бацькоў, якія перайшлі ім у спадчыну, матэрыялы краязнаўцаў, а таксама звесткі, раней сабраныя аўтарам гэтага артыкула.

Хачу падзякаваць усім, хто дапамагаў мне ў зборы гістарычнай інфармацыі па гэтай маленечкай вёсачцы і яе жыхарах. І ў першую чаргу  Марыі Уладзіміраўне Гадлеўскай (Гэйна),1931 г.н., жыхарцы Батурына. Яна памятае і панскую Поль­шчу, і “чорны варанок”, які звёз бацьку ў лагер толькі за тое, што ён у пана Кондрата Бароўскага быў парабкам. Памятае голад і смерць падчас вайны і ўсё астатняе, пра што распавядаецца ў гэтым артыкуле;

Ганне Ігнатаўне Васько (Арцішэўская), 1939 г.н., самай малодшай з сям’і Ігната Арцішэўскага. Яна ад брата Вітака, які быў ім усім замест бацькі, ведае ўсё пра сваю сям’ю, радню і вяскоўцаў. Са мной падзялілася ўсімі сваімі ўспамінамі. А яшчэ ў падарунак ад яе я атрымаў апошні ліст з фронту ад яе брата Іосіфа і шмат старых фотаздымкаў. Адзін з іх мае вельмі вялікую каштоўнасць і гістарычнае значэнне не толькі для Батурына, але і для ўсёй нашай краіны. Гэта фотаздымак Батурынскага касцёла, зроблены ў 1918 го­дзе падчас фэсту на Пятра, на якім абвяшчалася Беларуская Народная Рэспубліка, утвораная 25 сакавіка гэтага ж года. У гэтым фэсце прымалі ўдзел і кайзераўскія вайскоўцы са сваім ваенным аркестрам. Усё гістарычнае, што мне трапіла, я перадам па прызначэнні, каб было даступна іншым.

Тарадайцы Браніславе Пятроўне (Сыч),1936 г.н.,старэйшай дачцэ Пётры Сыча. Мне яна расказала столькі інфармацыі, што яе не на артыкул, а на цэлую кнігу хопіць.Гэта не размова была,а крык знявечанай душы. Тое, што я атрымаў інфармацыю з першых рук ад дачкі такога знакамітага земляка, для мяне вялікі гонар. Дзякуй Вам вялікі, Браніслава Пятроўна, што падзяліліся са мной успамінамі. Я Вам жадаю моцнага здароў’я  і доўгіх год жыцця;

  Станіславу Іосіфавічу Шахраю, 1919 г.н., усё жыццё ў Лукаўцы, шмат расказаў пра жыццё за польскім часам. Вайна забрала бацьку і шмат яго радні. Прыходзілася яму адбываць паншчыну і зарабляць  працадні ў калгасе. Кажа, лепш і не ўспамінаць;  

Фаіне  Аляксандраўне Шахрай (Пятровіч), 1930 г.н., вёска Краменіц.  Радаўніца 4 мая 1943 года ёй запомнілася на ўсё жыццё. Гэты дзень яна лічыць другім сваім днём народзінаў. Таму што раніцай у той самы дзень да іх у Краменіц прыйшоў яе родны дзядзька з Борак Вікенцій Сташкевіч і хацеў узяць яе да сябе ў нянькі на некалькі дзён, пакуль усеяцца. Але маці як адчувала нядобрае і не адпусціла. Дзядзька пайшоў дадому. А ўжо праз некалькі гадзін Краменчукі ўбачылі вялізны дым над лесам у накірунку Борак, Брыгідава, Батурына. Чулі страляніну, а пасля і групку людзей, якіх гналі немцы з-пад Батурына. Краменчукі адразу усё зразумелі і хуценька даліся за Вострую гару на балота. Там на балоце ім і стала вядома аб трагедыі апошняга дня. Немцы ў гэты дзень спалілі датла і іх вёску.

Ксёндз Анатоль з Альковічаў – цудоўны суразмоўца і краязнаўца. Я шмат атрымаў ад яго дакладнай інфармацыі, якая мяне цікавіла па тэме. Вельмі за гэта ўдзячны. І ўжо канчаткова вырашыў, што гістарычнаму фотаздымку Батурынскага  касцёла месца павінна быць менавіта толькі ў касцёле, і Альковіцкі самы лепшы варыянт, таму што яны маюць гістарычную сувязь.