“Ух ты! І зброя сапраўдная, і дым сапраўдны”, – седзячы на плячах у бацькі, каментаваў хлопчык.
А назіраў ён за ваенна-гістарычнай рэканструкцыяй “Нарачанскі набат”. Праходзіла яна ў суботу ля вёскі Пасынкі ўпершыню.
– Ідэя падобнага мерапрыемства з’явілася летась, – прыгадвае дырэктар Мядзельскага музея народнай славы Святлана Чарняўская. – На адной з нашых выстаў пабываў гісторык з Мінска Сяргей Захараў. Прапанаваў правесці на Мядзельшчыне рэканструкцыю баёў Першай сусветнай. Расказаў, што і месца цудоўнае для яе ведае – ля Пасынак. Ідэю падтрымаў райвыканкам.
Удзельнічалі прадстаўнікі клубаў і груп ваенна-гістарычнай рэканструкцыі з Мінска, Брэста, Гомеля, Барысава – усяго каля 30 чалавек.
Яны на “вышыні 217” паказалі рэканструкцыю трох эпізодаў на ўсходнім фронце ў часе Першай сусветнай вайны – у тым ліку, і Нарачанскай аперацыі.
Людзей сабралася шмат. Дружна фатаграфавалі, як ішлі ў наступленне рускія салдаты і абараняліся нямецкія – некаторыя дзеці так былі ўражаныя ўбачаным, што нават крычалі: “Давай, наперад!” “Страчыў” кулямёт, “узрываліся” гранаты. А калі сціхалі стрэлы, наладжвалі перамір’е, “параненым” аказвалі дапамогу “сёстры міласэрнасці”. Урэшце, завяршылася ўсё братаннем.
На свяце гледачы маглі набыць сувеніры, прысвечаныя Першай сусветнай. Вялікую увагу, асабліва ў дзяцей, выклікалі нямецкія доты – іх каля Пасынак хапае. Шмат ахвотных было сфатаграфавацца з рэканструктарамі і іх зброяй.
– Рэгулярна праводзім фэст па Першай сусветнай ў сядзібе Нямцэвічаў у вёсцы Скокі, – дзеліцца Сяргей з клуба “Рубеж” з Брэста. – Прыехалі сюды, бо трэба падтрымаць арганізатараў. Першае мерапрыемства заўсёды цяжка арганізаваць: сабраць удзельнікаў, гледачоў. І хай бы яно стала традыцыйным.
Удзельнічаў у рэканструкцыі госць з Расіі Іван Бутакоў з клуба “Сібірскі стралок”. Ён якраз быў у гэтыя дні на Мядзельшчыне ў складзе дэлегацыі з Іркуцка.
– Як вам нарачанская рэканструкцыя?
– Вельмі добра, душэўна. Малайцы, хлопцы, усё прадумалі.
Больш здымкаў – у фотагалерэі справа ўверсе. Націсніце на здымак, каб павялічыць яго.