Да нас у рэдакцыю звярнуліся некалькі чытачоў з адной праблемай: па начах ім не дае спаць роў матораў байкерскіх матацыклаў.

Вось што расказала “Рэгіянальнай газеце” спадарыня Святлана Пухлякова, якая жыве па Вялікім Гасцінцы.

– З надыходам лета сапраўдным галаўным болем для нас, жыхароў цэнтральных вуліц, становяцца байкеры. У спёку, вядома, спім з адчыненымі вокнамі. І як толькі гадзіннік паказвае час за поўнач, пад вокнамі пачынаецца сапраўдная кананада з дзясяткаў матораў. Байкеры са страшным рыкам матораў носяцца туды-сюды.

Чытач Андрэй Х. быў не менш катэгарычны:

– Куды глядзіць міліцыя? Відавочна, што байкеры парушаюць правілы дарожнага руху. Яны перастройваюцца з адной паласы на другую, перавышаюць хуткасць, ездзяць на адным коле. Ды і маторы равуць вельмі моцна. Няўжо няма абмежавання да моцы гуку?

Байкер: калі я вінаваты – штрафуйце

Байкер Павел Петрусевіч з больш чым 10-гадовым стажам тлумачыць:

– Я нікога не вінавачу і не апраўдваю. У дарожным руху ўдзельнічаюць розныя кіроўцы. Хто мае галаву, той не будзе насіцца па горадзе з хуткасцю  200 кіламетраў у гадзіну. А галоўная праблема байкераў, як я лічу, адсутнасць трэкаў, на якіх можна паказаць усю моц свайго “каня”. Матацыклы зараз магутныя, канешне, байкерам хочацца паказаць усю перавагу свайго байка. Але гэта праблема пакуль невырашальная. Мне асабіста шкада тузаць свой матацыкл у горадзе на кожным святлафоры.

– А якія адносіны ў вас з ДАІ?

– Бывала, штрафавалі за перавышэнне хуткасці. Але я да гэтага стаўлюся спакойна. Раз я вінаваты – карайце. Хаця ў горадзе імкнуся не парушаць правілы. Не таму, што баюся ДАІ, а таму, што думаю галавой і разумею: нават перавышэнне хуткасці на 4 кіламетры ў гадзіну можа мець пагібельны вынік.

Шчыра засмучае Паўла тое, што паміж кіроўцамі аўтамабіляў, матацыклаў і пешаходамі няма паразумення і культуры.

 – Калі кіроўцы аўто скардзяцца на матацыклістаў, я думаю, што гэта проста зайздрасць. Аўтамабілісты не могуць дазволіць сабе такую манеўранасць і некаторую перавагу падчас руху. Але ад пешаходаў вельмі крыўдна чуць, што байкеры такія-сякія. Быццам самі ніколі не парушалі.

Старшы інжынер па арганізацыі дарожнага руху ДАІ Маладзечанскага райаддзела міліцыі Уладзімір Мумрыкаў патлумачыў, што байкеры не з’яўляюцца для аўтамабільных інспектараў вострай праблемай. Яны такія ж удзельнікі дарожнага руху, як і аўтамабілісты. І патрабаванні да іх раўназначныя.

– Намі рэгулярна ладзяцца прафілактычныя акцыі па недапушчэнні парушэнняў правілаў дарожнага руху матацыклістамі.

Калі гаварыць пра парушэнні, за якія часцей за ўсё штрафуем байкераў, то на першым месцы – язда без шлему. За 2014 год 13 чалавек аштрафаны за гэта. Вельмі часта кіроўцы на матацыклах ездзяць без тэхагляду ( 9 чалавек за год),  увогуле не маюць  пасведчання кіроўцы (28(!) чалавек). За перавышэнне хуткасці затрымалі  дваіх байкераў. У апошні час стала болей выпадкаў, калі матацыклісты не спыняюцца па патрабаванні супрацоўніка ДАІ ( 4 чалавекі).

– А ці штрафуеце за перавышэнне гуку матораў?

– Мы не можам штрафаваць за моц гуку. У нас няма адпаведных прыбораў. Але калі перавышаны гук – гэта значыць, што ў мотатэхніцы была змененая прылада выхлапной сістэмы або глушыльніка. З такімі змяненнямі тэхагляд матацыкл не пройдзе, значыць байкеры ездзяць без допуску да ўдзелу ў дарожным руху. Такія кіроўцы – правапарушальнікі, і да іх павінны прымяняцца адпаведныя меры пакарання.