“Рэгіянальная газета” падлічыла, колькі грошай спатрэбіцца бацькам, каб звадзіць сваё дзіця ў гарадскі парк.
Ад самага ўвахода ў гарадскі парк на вас і вашага маленькага “хачуху”, нібы з рога багацця, накінуцца розныя спакусы. Тут працуюць і электрамашынкі, і надзіманыя горкі, і батуты.
Нос зрывае салодкі пах цукровай ваты і папкорну.
Калі дзіця пальчыкам пакажа на ўсе радасці ля ўвахода, дзе свае паслугі прапаноўваюць прадпрымальнікі, будзьце гатовыя да таго, што ваш кашалёк патанее адразу на 80 тысяч рублёў.
У прыватнікаў 5 хвілін на батуце каштуе 15 000 рублёў , 20 000 – 5 хвілін на электрамабілі, 25 000 – надзіманая горка. Маленькі скрутачак папкорну і салодкая вата абыдуцца агулам у 20 000 рублёў.
Парада “РГ”: не спяшайцеся тут пакатаць сваё дзіця на электрамашынках і паскакаць на батуце. У парку гэтыя атракцыёны таннейшыя. 5 хвілін на батуце абыдуцца вам у 10 000. Столькі ж будуць каштаваць 5 хвілін на электраджыпах.
Работнікі парку паклапаціліся і пра тое, каб выхадны дзень запомніўся не толькі дзецям, але і дарослым. А што можа быць больш запамінальным, чым катанне на катамаране ці лодцы ўсей сям’ёй?
“Купідон” пакатае за 10 000
За задавальненне пакатацца на катамаране цэлую гадзіну вам давядзецца заплаціць 75 000 рублёў. Калі ж вам хопіць і 20 хвілін, каштаваць гэта будзе 25 тысяч. Калі ўлічыць, што за гэтыя грошы катацца можна чацвярым, гэта зусім танна.
А калі запрасіць усіх суседскіх дзяцей або проста выпадковых знаёмых, можна пакатацца па возеры на загадкавай лодцы “Купідон”. 15 хвілін будзе каштаваць 10 тысяч з чалавека.
У парку працуюць 12 атракцыёнаў
Усяго 12 атракцыёнаў ці ажно 12 – рашаць вам. Калі дзіця пажадае пакатацца на ўсіх, вы заплаціце 150 000 рублёў.
Але… У гэтыя 12 атракцыёнаў уваходзіць чатыры батуты, атракцыён для “дарослых дзяцей” “Зігзаг” і паравозік “Вілоша”, на які дарослым уваход не забараняецца.
Падагульняючы сказанае, сума ў агульным чэку за ўсе задавальненні складзе каля 300 000 рублёў. У яе толькі не ўключаныя паветраныя шары, цацкі, марожанае, сок і напоі.
Мяркуем, падлічыць не складана, у якую суму абыдзецца адпачынак у звычайны выхадны дзень у гарадскім парку, калі ў вас двое, трое і болей дзяцей.
У вас ёсць таннейшы варыянт? Падзяліцеся ім з “Рэгіянальнай газетай”.
Відэа з гарадскога парку тут:
“Лета, летачка, лета. Паркі, скверы, кавярні. Трыдцаць нават у цені. Аніводнай ў небе хмаркі”